Каменная ноч - страница 21
Ён пачынае адчуваць холад — у нагах, руках, спіне. I холад гэты быццам бы ўрастае ў глыб Яго цела, падбіраецца да кволых грудзей... Зямля — адзінае светлае і цёплае, што Ён бачыць, ужо памерам з вялікі гузік... Раптоўна Яму здаецца, што Ён аглух. У вялікай роспачы спрабуе крычаць і не чуе свайго голасу. Нават не адчувае руху ў грудзях, якія ўжо замярзаюць. Тады Ён ліхаманкава спрабуе хаця б у думках паклікаць Добрага і Злога. Але яны не адказваюць. I адчувае Ён — упершыню з дзяцінства, — што іх няма побач. Адчувае, што цяпер за Яго спінай — толькі мёртвая чорная бездань, на якую нават страшна азірнуцца. А Зямля тым часам ужо памерам з гарошыну... Яму вельмі страшна і неверагодна самотна. Нават тыя, хто заўжды былі побач, цяпер Яго пакінулі. I Зямля — апошняя кропля святла і цеплыні — неўзабаве ператворыцца ў кропку і знікне. I цемра канчаткова замкнецца вакол Яго...
Ён разумее, што няма ніякага сэнсу адпускаць вяроўку. Аднак, пакуль яшчэ бачная Зямля, Ён расціскае пальцы і з апошніх сіл рвецца ўніз, у бок свету, пры гэтым спрабуючы нема крычаць ад роспачы і страху. Але ў той жа момант з маланкавай хуткасцю вольны канец вяроўкі абвіўся вакол Яго шыі і тузануў назад.