Шкляны, алавяны, драўляны - страница 16

— Не, — уздыхнуў ён. — Я так змерз. Уначы ў лесе вельмі холадна.

— Так, — пагадзілася Бурштына.

Яна цяпер нічога не адчувала, увесь час разважаючы, ці правільна паступіла. Яна не захацела застацца, але ж і Чэс не захацеў сысці. Чаму менавіта яна павінна была саступіць? Бурштына ўздыхнула. Няўжо яны не кахалі адно аднаго, раз так спакойна рассталіся назаўжды?

— ...нейкі агеньчык. — сказаў Бенжы радасна. — Прынцэса, вы мяне чуеце?

— Што?

— Там, за дрэвамі, я заўважыў агеньчык! Можа, там людзі!

Бурштына паціснула плячамі. Вядома, Бенжы трэба думаць пра тое, каб не захварэць і не памерці ад прастуды. Таму яна пакорліва пайшла за ім.

Яны выйшлі да паўразбуранай хаткі з трыма цэлымі сценамі і дахам. Усярэдзіне гарэла вогнішча, і вакол распаўсюджвалася ласкавае жоўтае цяпло. Бенжы кінуўся грэць рукі, знайшоў нейкую коўдру і ўхутаўся. Потым збянтэжыўся, зняў коўдру з сябе і прапанаваў Бурштыне.

— Дзякуй, мне не холадна, — сказала яна. Села ля агню, паварушыла нейкай палкай паленцы. Яна заўсёды любіла глядзець на полымя, любавацца хуткай зменай залацістых гарачых узораў, танцам маленькіх пякучых шматкоў.

Ім і ў галаву не прыйшло задумацца, хто развёў агонь у пустэльным, злавесным Навакольным лесе, і куды сышоў гэты нехта ад выратавальнага цяпла і святла. Бенжы адшукаў кацялок з віном і зараз кіпяціў яго, шкадуючы, што няма рэзкіх затавак і цукру.

Раптам штосьці стукнула ў цемры, за межамі агнявога колца, і Бенжы ўскочыў, напружана ўзіраючыся ў чорны лес.

— Глядзі, Бялянка, у нас госці, — сказаў нягучны голас, і страшны чорны цень накрыў Бенжы і Бурштыну. Прынц выставіў наперад падпаленую палку і ваяўніча пракрычаў:

— Не падыходзь! Заб’ю!

Бурштына спакойна (што магло здарыцца з бессмяротнай?) глядзела на чалавека, які выходзіў з цемры. Чорны плашч з каптуром, худы сумны твар, а на руках нейкі белы звярок.

Чалавек прысеў ля агню, не зважаючы на Бенжы. Убачыў кацялок і пакруціў галавой.

— Не дачакаліся мяне, і пілі б пустое віно.

Ён зрабіў нейкі няўлоўны рух пальцамі, і ў паветры цудоўна запахла карыцай, мускатным арэхам, гваздзікай, цытрынай.

Бенжы спалохаўся яшчэ мацней.

— Хто вы? — спытаў ён, не апускаючы палкі і не набліжаючыся.

— Я? — чалавек дазволіў звярку саскочыць на зямлю, і той адразу адправіўся да Бурштыны на калены. — Я Чорны Вандроўца. Ці ведаеш ты гэта імя?

Бенжы пакруціў галавой, затое Бурштына схамянулася, напалохаўшы звярка.

— Гутаркі пакінем на ноч, — сказаў чараўнік і працягнуў ім круглыя свежыя праснакі. — Ешце.

Пасля вячэры і гарачага віна разамлелы Бенжы адразу захацеў спаць. Загарнуўшыся ў коўдру, ён некаторы час спрабаваў падтрымліваць гутарку, але хутка заснуў.

— Як завецца гэты звер? — спытала Бурштына, пагладжваючы белую шэрстку.

— Ты не ведаеш? — здзівіўся Чорны Вандроўца. — Гэта ж котка.

— Котка? — узрадавалася Бурштына. — Котка, якая ўсё вырашае сама?

— Так. Як жа атрымалася, што ў замку не засталося котак?

— Там былі злыя чорныя сабакі, — сказала прынцэса. — Але я ператварыла іх у добрых белых сабак. Больш яны нікога не заб’юць.

— Ператварыла? — чараўнік увесь напружыўся. — Пакажы свае рукі, дзяўчынка!

— Так, Ведзьма Навакольнага лесу падарыла мне пярсцёнкі, — сказала Бурштына. — І сказала, што чароўнымі яны застаюцца толькі на маёй руцэ. Я б аддала іх табе, але гэта бессэнсоўна.

— Значыць, такі мой лёс, — безнадзейна сказаў ён. — Я спадзяваўся з дапамогай гэтых пярсцёнкаў пазбавіцца ад праклёну. Ты ж ведаеш, што я не магу нідзе затрымацца больш, чым на суткі. Цяпер я тут, а заўтра досвіткам буду ўжо далёка.

— Ты выкраў маю маці і прадаў яе каралю, — сказала Бурштына.

— Толькі дзеля свайго выратавання, — паспрабаваў растлумачыць ён. — Так, я разумею, што гэта не апраўданне, выратавацца такой цаной.

— А ці ёсць іншыя спосабы зняць праклён? — спытала Бурштына, слухаючы, як вуркоча белая котачка на руках.

— Толькі калі хто-небудзь пажадае, каб я жыў у яго хаце. — усміхнуўся чараўнік.

— Я б пажадала, ды ў мяне няма хаты, — сказала Бурштына.

— Ты можаш адправіцца з прынцам і жыць у палацы.

— Я баюся зноў апынуцца ў турме. Бенжы ведае пра мой дар. Што, калі ён таксама зробіць мяне сваёй палонніцай?

— Тады будзь як котка. Абяры сама свой лёс.

— Але коткі часам прыходзяць жыць да людзей, — сказала Бурштына.

— Але яны могуць і сысці, калі ім не спадабаецца, — запярэчыў чараўнік. — Калі ж не спадабаецца табе, наўрад ці Бенжы цябе адпусціць.

— Што ж мне рабіць? — спытала прынцэса. — Мне страшна адной ісці невядома куды. І страшна было застацца з Чэсам. І страшна паверыць Бенжы. Я ніколі не прымала так многа рашэнняў. Я стамілася.

— У цябе ёсць чароўныя пярсцёнкі, — падказаў Чорны Вандроўца.

Драўляны пярсцёнак ператворыць злое ў добрае, чорнае ў белае. Шкляны пярсцёнак зробіць празрыстымі чужыя думкі. Алавяны — выканае чужое запаветнае жаданне. «Але думай добра, калі будзеш загадваць, не змарнуй чараўніцтва на дробязі». Так сказала Ведзьма.

— Я магу прачытаць думкі прынца, — сказала Бурштына. — Але ці не дробязь гэта?

— Думай сама, думай сама, — паспешна адказаў чараўнік. — Я ведаю адказ, але не хачу падказваць табе, дзяўчынка. Вучыся ствараць свой лёс.

— Калі я пашкадую пярсцёнка, і Бенжы мяне ашукае, то потым чары мне ўжо не дапамогуць, — падумала Бурштына. — А калі ён праўда кахае мяне, я змарную чараўніцтва дарма.

Яна глядзела на пярсцёнкі. Драўляны цямнеў на ўказальным пальцы, алавяны шарэў на сярэднім, а шкляны свяціўся, адбіваючы агонь, на безы­менным.