Шкляны, алавяны, драўляны - страница 7
У яе пакой увайшоў кароль. Сеў на пасцель, пагладзіў Бурштыну па валасах.
— Ты вельмі спалохалася, калі звалілася з вежы?
— Не.
— Паслухай. Тое, што з табой адбылося, — гэта цуд. Ты нікому не павінна распавядаць.
— І Чэсу?
— І яму. Асабліва яму.
— Добра.
— А скажы, золатка, што сталася з тваімі залатымі валасамі? Яны не маглі самі памяняць колер. Што ты зрабіла? Табе хтосьці дапамог?
— Не. Я не ведаю.
— Сапраўды? — кароль устаў. — Што ж. Я табе веру. Забудзь усё гэта, як дрэнны сон. Ведай адно: ты — самае каштоўнае, што ў мяне ёсць. Без цябе я не пражыву і двух дзён. Ты мой бясцэнны скарб, а я — твой бацька. Ты павінна любіць, паважаць мяне. І верыць мне.
— Я веру, — сказала Бурштына. — Можна мне выйсці ў сад?
— Я думаў, ты паспіш. Ну добра, ідзі. І памятай, аб чым мы дамовіліся.
Кароль пацалаваў яе і выйшаў. Бурштына апранулася, запляла косы і выйшла з пакоя. У замкавым двары ёй сустрэўся Чэс.
— Ты здаровая? — спытаў ён. — Кажуць, ты цудам засталася жывая.
— Так, — і Бурштына ўсё яму распавяла. Чэс слухаў, не дзівячыся.
— Усё сыходзіцца, — сказаў ён. — А ведаеш, што зрабілі з тваім прынцам? Пасадзілі ў падзямелле на ланцуг і далі атруту — падмяшалі ў ваду і поліўку. Ён усё з’еў і ўсё выпіў. І не памёр.
— Чаму? — не зразумела Бурштына.
— Не ведаю. Не атрымліваецца сёння ні ў кога памерці. І вось яшчэ што. Кароль зусім не засмуціўся, што твае валасы больш не залатыя. Ён пазбавіўся галоўнай крыніцы прыбытку, але зусім не знерваваўся. Значыць, гэта было не галоўнае. Ёсць штосьці іншае, з-за чаго ты так патрэбна яму. Я разгадаю гэту загадку. Ты куды ідзеш цяпер?
— У сад.
— У сад? — Чэс прыжмурыўся. — Так. Кароль і сабакар з’ехалі ў Навакольны лес на паляванне. Кухар і мая маці на кухні. Садоўнік вартуе жывучага прынца. А дзе лекар? Як бы ён нам не перашкодзіў.
— Нам? Чэс, што ты збіраешся рабіць?
Чэс дастаў звязак ключоў.
— Калі кароль адбывае на паляванне, ён пакідае мне гэтыя ключы. Не ведаю чаму, але ён мне давярае. Тут ключы ад кладовак, падзямелля, вежы, скарбніцы, віннага склепа. Увогуле, усе ключы ад усіх дзвярэй у замку. Акрамя гэтага маленькага срэбнага ключыка. Я не знайшоў нічога, што можна ім адкрыць. Значыць, гэта і ёсць ключ ад тайніка, у якім захоўваецца чароўная кніга.
— А дзе гэты тайнік?
— Каб я ведаў! Я ўсё абшукаў. Ён дзесьці на вачах ва ўсіх. Ты дапаможаш мне?
— Так. Мне таксама трэба прачытаць чароўную кнігу.
Яны абышлі ўвесь замак. Даследавалі капліцу, зброевы і паляўнічы пакоі, катавальню, бальную залу і спальні, аблазілі гарышчы і адкрытыя вежавыя пляцоўкі, калідоры, галерэі і сходы. Зазірнулі да лекара — ён змешваў зелле і нават не пачуў, як рыпнулі дзверы.
— Можа, кніга далёка ад замка? Ці яе наогул знішчылі? — спытала Бурштына.
— Не. Кніга павінна захоўвацца ў самым сэрцы каралеўскага замка. І яе немагчыма знішчыць, як любое чараўніцтва.
— А ў бібліятэцы ты шукаў?
— Ты што! Хто ж стане хаваць кнігу — сярод іншых кніг? Тым больш, што ў бібліятэку пасля абвалу столі ніхто даўно не ходзіць.
Ён сказаў гэта, памаўчаў і нахмурыўся.
— Як жа я сам не здагадаўся!
Ледзь адчыніўшы перакошаныя цяжкія дзверы, яны ўвайшлі ў велізарную залу, ад падлогі да столі забітую шэрагамі кніг. Грувасткія фаліянты, пажоўклыя лісты, скруткі, пергаменты, гравюры, карты далёкіх краін, старадаўнія дакументы з гербавымі пячаткамі, даверчыя граматы і спісы запрошаных на баль — усё ўперамешку ляжала і стаяла на паліцах, на падлозе, у старых трухлявых скрынях, сточаных жукамі. Перакошаныя бэлькі і перакрыцці, кавалкі тынку і столевых фрэсак, пыл і павуцінне, пах старой паперы. І мільёны кніг.
— Дзе яе тут шукаць? — Чэс развёў рукамі.
Скрозь шэрае, бруднае шкло вялікіх бібліятэчных вокнаў было відаць чырвонае вечаровае неба.
— Сонца заходзіць, — сказала Бурштына. — Хутка вернецца кароль.
— Эх, быў бы ў мяне загавораны кавалачак бурштыну, — сказаў Чэс.
— Навошта?
— Хіба ты не ведаеш? Бурштын дапамагае знайсці згубленую рэч. Калі далёка да яе, ён цьмянее, а блізка — ярка загараецца.
— Але ж мы не гублялі гэтую кнігу.
— Затое жадаем яе знайсці! Ды якая розніца, усё адно ў нас няма бурштыну.
— Ёсць, — Бурштына зняла з шыі залаты ланцужок. — Гэта падарунак маёй маці. Я нашу яго з нараджэння.
Кавалачак бурштыну быў зусім цьмяны, цёмна-жоўты з чорнымі плямінкамі.
— Глядзі, ён пачынае свяціцца! — сказаў Чэс, калі яны з Бурштынай зайшлі ў самы цёмны і пыльны кут бібліятэкі. — Ён разгараецца ўсё ярчэй! Мы падыходзім да яе!
Пад грудай пагрызеных мышамі папер ляжала кніга — у вокладцы з цёмна-чырвонай скуры, са срэбнымі ражкамі і пасярэбраным замочкам.
— Дык гэта ключ ад кнігі! — сказаў Чэс. — Кніга замыкаецца, як скрынка!
Ён дастаў ключ, але марудзіў адкрываць. Нібы баяўся.
— Чаго ты? — спытала Бурштына.
Ён узяў яе за руку.
— Пакуль мы не прачыталі праўду пра сябе, Бурштына, я хачу сказаць. — ён замоўк.
— Што?
— Мне заўсёды хацелася наблізіцца да цябе так, каб адчуць водар тваіх валасоў. Можна?
— Потым. Спачатку прачытаем кнігу.
— Потым мы будзем ужо зусім іншыя.
— Чытай!
***
Аднойчы на паляванні кароль атруціўся зялёнай вадой з лясной студні. Усе вядомыя сродкі не дапамаглі, атрута пратачылася ў кроў і разлілася па ўсім целе. Кароль паміраў у страшных пакутах, і тут выбліскам чорнага агню з’явіўся ў яго пакоі Чорны Вандроўца, пракляты чараўнік, які не можа затрымацца ні ў адным месцы даўжэй, чым на суткі. Праклён гоніць яго з хаты ў хату, з краіны ў краіну, і нідзе ён не можа знайсці прытулак.