1984 (на белорусском языке) - страница 34
- Вось мы i прыйшлi, - сказала яна.
Яна стаяла проста перад iм, усяго за некалькi крокаў. Ён усё яшчэ не наважваўся падысцi блiжэй.
- Я не хацела нiчога казаць, пакуль мы iшлi па сцежцы, - гаварыла яна, бо там мог быць схаваны мiкрафон. Не думаю, каб ён i сапраўды там быў, але, можа, i ёсць. Можна заўсёды чакаць, што хтосьцi з гэтых свiнняў пазнае твой голас. Але тут нам нiчога не пагражае.
Ён усё яшчэ баяўся падысцi. Ён недарэчна паўтарыў:
- Нам тут нiчога не пагражае?
- Ага. Бачыш, якiя дрэвы?
Гэта былi ясенi. Старыя дрэвы спiлавалi, i на iх месцы вырас цэлы лес маладых, не таўсцейшых за руку.
- Тут няма дзе схаваць мiкрафон. Дый я тут ужо была.
Яны проста так сабе размаўлялi. Цяпер ён ужо наважыўся падысцi да яе блiжэй. Яна стаяла перад iм, зграбная, з трохi iранiчнай усмешкай на вуснах, быццам пыталася, чаму ён так доўга цягне. Пралескi ўжо рассыпалiся па зямлi. Яны ўпалi быццам самi па сабе. Ён узяў яе за руку.
- Цi паверыш ты, - пачаў ён, - я дагэтуль не ведаў, якога колеру ў цябе вочы.
Ён разгледзеў - яны былi карыя цi, хутчэй, светла-карыя, але вейкi былi чорныя.
- Цяпер, убачыўшы, якi я ёсць, цi здолееш ты на мяне глядзець без агiды?
- А чаго ўжо там.
- Мне трыццаць дзевяць гадоў. У мяне ёсць жонка, з якой я не магу развесцiся. У мяне варыкозная язва на назе. У мяне пяць устаўных зубоў.
- Ну i напляваць, - адказала дзяўчына.
Цяжка было сказаць, хто з iх узяў iнiцыятыву, але праз хвiлiну яна была ўжо ў ягоных абдымках. Спачатку ён проста не мог гэтаму паверыць. Ён адчуваў яе маладое цела, мяккасць яе чорных валасоў на сваiм твары, i - так! - яна павярнулася да яго, i ён цалаваў яе ў вялiкiя чырвоныя вусны. Яна абхапiла яго за шыю i казала: любы, мiлы, каханы. Ён паклаў яе на зямлю. Яна зусiм не супрацiўлялася, i ён мог рабiць з ёю ўсё, што хацеў. Але, кажучы праўду, ён не адчуваў нiчога больш, як толькi дотык яе цела. Ён не адчуваў нiчога, апроч нявер'я i гордасцi. Ён быў шчаслiвы з таго, што адбывалася, але не адчуваў нiякага фiзiчнага жадання. Цi было пакуль зарана, цi яго напалохалi яе маладосць i прыгажосць, цi, можа, проста ён ужо прызвычаiўся жыць без жанчыны - прычыны ён не ведаў. Дзяўчына паднялася i дастала з яго валасоў пралеску. Яна села побач з iм i абняла яго.
- Не хвалюйся, любы. Мы не спяшаемся. Увесь вечар наперадзе. А тут цудоўная схованка, праўда? Я знайшла яе аднойчы, калi заблудзiлася ў адным паходзе. Калi б нехта сюды iшоў, яго можна было б пачуць за сто метраў...
- Як цябе завуць? - спытаўся Ўiнстан.
- Джулiя. Тваё iмя я ведаю. Ўiнстан. Ўiнстан Смiт.
- Адкуль ты яго ведаеш?
- Здаецца, мой любы, я спрытнейшая на здагадкi, чым ты. Скажы, што ты пра мяне думаў да таго дня, як я перадала табе запiску?
Ён зусiм не збiраўся хлусiць. Сказаць з самога пачатку найгоршае - у гэтым была нават нейкая ахвяра на алтар кахання.
- Я не мог на цябе глядзець, - адказаў ён. - Мне хацелася згвалцiць цябе i пасля забiць. Усяго два тыднi таму я сур'ёзна збiраўся разбiць табе галаву каменем. Калi хочаш ведаць праўду, я ўяўляў сабе, што ты маеш дачыненне да Палiцыi Думак.
Дзяўчына шчыра засмяялася. Вiдаць, яна прымала гэтае прызнанне як данiну свайму дасканаламу майстэрству прыкiдвацца.
- Палiцыя Думак? Ты напраўду так думаў?
- Ну, можа, i не зусiм. Але мяркуючы з тваёй знешнасцi, дый проста таму, што ты маладая, свежая i здаровая, разумееш, я думаў, што, можа, ты...
- Ты думаў, што я сумленны сябра Партыi, чысты ў словах i справах. Сцягi, дэманстрацыi, лозунгi, гульнi, калектыўныя паходы - уся гэтая лухта. I ты думаў, што, калi б у мяне была хоць найменшая магчымасць, я б выдала цябе як думзлачынцу i цябе забiлi б?
- Ну, нешта падобнае да таго. Большасць маладых дзяўчат якраз такiя i ёсць, ты ж ведаеш.
- Уся прычына вось у гэтым, - сказала яна, сарваўшы з сябе чырвоны пояс Антысексуальнага Саюза Моладзi i кiнуўшы яго ў вецце.
Пасля, як быццам нешта прыгадаўшы, яна пашукала рукой у кiшэнi камбiнезона i дастала адтуль маленькую плiтку шакаладу. Яна пераламала яе напалам i дала адзiн кавалак Ўiнстану. Яшчэ перш чым узяць плiтку, ён здагадаўся па паху, што гэта быў не звычайны шакалад. Гэты быў цёмны i блiскучы, загорнуты ў срэбную паперу. Звычайна ж шакалад быў крохкiм рэчывам брудна-бурага колеру i меў смак, калi яго можна было апiсаць, дыму ад гарэння адкiдаў. Але некалi даўно Ўiнстану даводзiлася каштаваць шакалад, падобны да таго, што дала яму Джулiя. Першая хваля паху абудзiла ў iм успамiн, невыразны, але неадчэпны i хвалюючы.
- Адкуль ты гэта ўзяла? - спытаўся ён.
- Чорны рынак, - няўважна адказала яна. - Калi паглядзець збоку, дык я i ёсць менавiта такая дзяўчына. Я вельмi спрытная ў гульнях. У Шпiёнах я была важатай атрада. Тры вечары на тыдзень я працую дадаткова на Антысексуальны Саюз Моладзi. Цэлымi гадзiнамi я расклейваю iхняе паскудства па ўсiм Лондане. На дэманстрацыях я заўсёды нясу сцягi. Я заўсёды ў добрым гуморы i нiколi не ўцякаю ад цяжкай працы. Заўсёды крычы разам з натоўпам - вось як. Гэта адзiная магчымасць жыць спакойна.
Першы кавалачак шакаладу растаў на Ўiнстанавым языку. Смак быў чароўны. А той самы ўспамiн усё яшчэ лунаў недзе на ўзмежку свядомасцi, пачуццё было вельмi моцнае, але яго немагчыма было дакладна акрэслiць, як нешта, што бачыш краем вока. Ён адагнаў яго, зразумеўшы толькi, што ўспамiн датычыўся ўчынку, якi ён хацеў бы не рабiць, але не мог.
- Ты вельмi маладая, - сказаў ён. - Ты гадоў на дзесяць-пятнаццаць маладзейшая за мяне. Што можа вабiць цябе ў такiм чалавеку, як я?
- Нешта ёсць у тваiм твары. Я падумала, цi не паспрабаваць. Я добра ўмею высочваць людзей, якiя думаюць не так, як усе. Як толькi я цябе ўбачыла, я зразумела, што ты супраць iх.
"Iх", вiдаць, азначала Партыю, а дакладней. Унутраную Партыю, пра якую яна гаварыла, не хаваючы з'едлiвай нянавiсцi, i ад гэтага Ўiнстану рабiлася трохi няёмка, хоць ён i ведаў, што калi дзе i ёсць такое месца, у якiм яны маглi пачуваць сябе ў бяспецы, дык толькi тое, дзе яны цяпер былi. Адна рэч у ёй здзiўляла яго - грубасць яе мовы. Сябры Партыi, як правiла, не лаялiся, дый сам Ўiнстан лаяўся рэдка, ва ўсялякiм разе не ўголас. А Джулiя, здавалася, не магла гаварыць пра Партыю, i асаблiва пра Ўнутраную Партыю, не ўжываючы слоў, якiя пiшуць крэйдай на сценах бедных брудных вулак. Але ён не меў нiчога супраць гэтага. Проста ў гэтым выяўляўся яе бунт супраць Партыi i яе метадаў. У нейкiм сэнсе гэта было натуральна, як чмыханне каня, якi чуе нясвежае сена. Яны пакiнулi палянку i зноў брылi цяпер праз плямы святла i ценю, абдымаючы адно аднаго за талiю, калi шырыня сцежкi дазваляла iм iсцi побач. Ён заўважыў, наколькi яе талiя зрабiлася гнутчэйшай, калi яна скiнула пояс. Iх галасы гучалi не мацней за шэпт. Па-за палянай, папярэдзiла Джулiя, лепш iсцi цiшэй. Яны дайшлi да ўзлеску. Яна спынiла яго.