1984 (на белорусском языке) - страница 38
Яна пачала развiваць гэтую тэму. У Джулii ўсё зводзiлася да яе iнтымнага жыцця. Як толькi гаворка наблiжалася да гэтай тэмы, яна рабiлася дасцiпная i красамоўная. У адрозненне ад Ўiнстана, яна зразумела прыхаваны сэнс партыйнага пурытанiзму. Палавы iнстынкт трэба было па магчымасцi знiшчыць не толькi таму, што ён ствараў асобны, непадкантрольны Партыi сусвет. Яшчэ важнейшым было тое, што палавы аскетызм вёў да iстэрыi, што было вельмi пажадана, бо яе можна было ператварыць у ваяўнiчы запал i адданасць партыйным правадырам. Джулiя растлумачыла сваю думку наступным чынам:
- Калi займаешся каханнем, растрачваеш сваю энергiю. А пасля адчуваеш сябе шчаслiвым i плюеш на ўсё астатняе. Яны не могуць дапусцiць, каб так было. Яны хочуць, каб у табе заўсёды кiпела энергiя. Усе гэтыя маршы, дэманстрацыi, лозунгi, сцягi - усё гэта проста пракiслы палавы iнстынкт. Калi ты шчаслiвы ў душы, цi будзеш ты захапляцца Вялiкiм Братам, трохгадовымi планамi, Двуххвiлiнкай Нянавiсцi i ўсёй iншай iхняй лухтой?
Усё гэта вельмi слушна, падумаў ён. Была непасрэдная сувязь памiж цнатлiвасцю i палiтычнай добранадзейнасцю. Бо як яшчэ можна падтрымлiваць у сябраў Партыi на патрэбным узроўнi страх, нянавiсць i фанатычную веру, так патрэбныя Партыi, калi не апанаваўшы нейкi магутны iнстынкт i не выкарыстаўшы яго як рухавую сiлу? Палавая цяга была небяспечная для Партыi, i Партыя павярнула яе на сваю карысць. У тую самую гульню яна гуляла i з бацькоўскiм iнстынктам. Скасаваць сям'ю было нерэальна, i людзей заахвочвалi любiць сваiх дзяцей амаль як раней. З другога боку, дзяцей сiстэматычна скiроўвалi супраць бацькоў. Iх вучылi сачыць за бацькамi i паведамляць аб iх злачынствах. Сям'я сталася, па сутнасцi, працягам Палiцыi Думак. Гэта быў прыём, дзякуючы якому ўсе людзi, удзень i ўначы, жылi сярод шпiёнаў, якiя iх вельмi блiзка ведалi.
I раптам ён зноў падумаў пра Кэтрын. Яна без сумнення выдала б яго Палiцыi Думак, калi б не была занадта дурная, каб заўважыць нядобранадзейнасць яго поглядаў. Але пра Кэтрын яму нагадала не гэта, а задушлiвая спёка, ад якой на лобе выступiў пот. Ён пачаў расказваць Джулii, што адбылося, цi ледзь не адбылося, адзiнаццаць гадоў таму, спякотным летнiм днём.
Гэта было праз тры цi чатыры месяцы пасля вяселля. Яны заблудзiлiся пад час калектыўнага паходу недзе ў Кенцы. Яны адсталi ад iншых i затрымалiся ўсяго на некалькi хвiлiн, але пасля павярнулi на другую дарогу i нечакана апынулiся на краi старога вапнавага кар'ера. Яны стаялi на вышынi ад дзесяцi да дваццацi метраў, унiзе былi скалы. Навокал не было нiкога, у каго можна было б спытацца дарогi. Кэтрын, як толькi зразумела, што яны заблудзiлiся, адчула сябе вельмi няўтульна. Быць далёка, нават на кароткi час, ад гаманлiвага паходнага натоўпу было ў яе вачах благiм учынкам. Яна адразу захацела вярнуцца i паспрабаваць шукаць у другiм баку. Але ў гэты момант Ўiнстан заўважыў некалькi кусцiкаў чальчаку, што раслi якраз пад iмi, у выступе скалы. Кветкi былi двух колераў, цагляна-чырвонага i барвовага, хоць раслi з аднаго кораня. Ён нiколi не бачыў нiчога падобнага i паклiкаў Кэтрын паглядзець на кветкi.
- Глядзi, Кэтрын! Паглядзi на гэтыя кветкi. Вунь той кусток унiзе, каля падножжа скалы. Бачыш, яны розных колераў.
Яна ўжо была павярнулася, каб пайсцi, але ўсё ж з раздражненнем падышла. Яна нават схiлiлася над урвiшчам, каб убачыць мясцiну, якую ён паказваў. Ён стаяў ззаду i трымаў яе за талiю. Раптам ён адчуў, якiя яны самотныя. Нiдзе не было нiводнае чалавечае iстоты, нiводны лiсток не варушыўся, нiводная птушка не абудзiлася. У такiм месцы можна было амаль не баяцца, што недзе схаваны мiкрафон, а нават калi б ён i быў, ён запiсаў бы толькi лёгкi шоргат. Была самая спякотная, самая сонная гадзiна. Сонца палiла, пот цёк па Ўiнстанавым лобе. I тады яму прыйшла ў галаву думка...
- Што ж ты яе не штурхануў? - спыталася Джулiя. - Я абавязкова яе скiнула б.
- Так, каханая, ты б скiнула. I я таксама, калi б я быў тады такi, як цяпер. А можа... нават не ведаю.
- Ты шкадуеш, што не зрабiў гэтага?
- Так, увогуле шкадую.
Яны сядзелi побач на пыльнай падлозе. Ён прытулiў яе да сябе. Галава Джулii ляжала ў яго на плячы, i прыемны водар яе валасоў перабiваў пах галубiнага памёту. "Яна маладая, - падумаў ён, - яна яшчэ нечага чакае ад жыцця. Яна не разумее, што, калi скiнеш са скалы таго, хто табе не даспадобы, гэта яшчэ нiчога не вырашыць".
- Па праўдзе кажучы, гэта нiчога б не змянiла, - сказаў ён.
- Дык чаму ж ты шкадуеш?
- Таму што я прыхiльнiк пазiтыўных рашэнняў, вось i ўсё. У гульнi, у якую мы гуляем, мы не можам выйграць. Ёсць толькi паражэннi, менш балючыя за iншыя паражэннi, i болей нiчога.
Ён адчуў, як плячо Джулii варухнулася на знак пярэчання. Яна заўсёды пярэчыла яму, калi ён казаў штосьцi падобнае. Яна не згаджалася з тым, што iснуе нейкi прыродны закон, згодна з якiм паасобны чалавек заўсёды прайграе. Яна таксама неяк усведамляла, што яна асуджаная, што раней цi пазней Палiцыя Думак схопiць яе i заб'е. Але, з другога боку, яна спадзявалася, што можна пабудаваць свой патаемны сусвет, дзе можна жыць, як хочаш. На гэта былi патрэбныя толькi ўдача, хiтрасць i адвага. Яна не разумела, што шчасця не iснуе ўвогуле, што адзiная перамога чакае ў будучынi, ужо пасля смерцi, i што з таго моманту, як ты абвясцiў вайну Партыi, лепш адразу лiчыць сябе мёртвым.
- Мы мёртвыя, - сказаў ён.
- Мы яшчэ не мёртвыя, - празаiчна адказала Джулiя.
- Не, не фiзiчна, вядома. Можна дапусцiць, што мы пратрымаемся яшчэ шэсць месяцаў, год, пяць гадоў. Я баюся смерцi. А ты маладая, ты, напэўна, баiшся яшчэ болей за мяне. Вядома ж, мы будзем адсоўваць канец, колькi здолеем. Але гэта мала дапаможа. Пакуль людзi застаюцца людзьмi, памiж жыццём i смерцю рознiцы няма.