1984 (на белорусском языке) - страница 50
- Вам ужо трэба iсцi, таварыш, - сказаў ён Джулii. - Пачакайце, яшчэ засталося цэлага паўграфiна.
Ён налiў вiно ў чаркi i, падняўшы сваю за ножку, папытаўся ўсё з той жа iронiяй у голасе:
- За што мы гэтым разам вып'ем? За крушэнне Палiцыi Думак? За смерць Вялiкага Брата? За чалавецтва? За будучыню?
- За мiнуўшчыну, - адказаў Ўiнстан.
- Мiнуўшчына важнейшая, - паважна згадзiўся О'Браэн.
Яны выпiлi, i праз хвiлiну Джулiя паднялася, каб iсцi. О'Браэн дастаў з шафкi маленькi пачак, падаў Джулii белую таблетку i загадаў пакласцi яе на язык. Трэба сцерагчыся, сказаў ён, каб не пахла вiном, бо лiфцёры могуць быць занадта пiльныя. Як толькi дзверы за Джулiяй зачынiлiся, О'Браэн, здавалася, забыўся пра яе iснаванне. Ён яшчэ трохi пахадзiў па пакоi, пасля спынiўся.
- Трэба пагаварыць яшчэ пра некаторыя дэталi, - сказаў ён. - Я думаю, у вас ёсць нейкае сховiшча?
Ўiнстан расказаў пра пакойчык над крамай пана Чэрынгтана.
- Пакуль што гэтага дастаткова. Пазней мы знойдзем вам што-небудзь iншае. Вельмi важна часта мяняць сваё сховiшча. А пакуль што я перадам вам адзiн асобнiк кнiгi, - нават О'Браэн, заўважыў Ўiнстан, вымаўляў гэтае слова так, нiбы яно напiсана курсiвам. - Я маю на ўвазе Кнiгу Гольдштэйна. Можа, прыйдзецца пачакаць пару дзён, перш чым я яе здабуду. Асобнiкаў няшмат, як вы, можа, здагадваецеся. Палiцыя Думак палюе на iх i знiшчае амаль гэтаксама хутка, як мы паспяваем iх выдаваць. Але гэта мала што ёй дае. Кнiга гэтая незнiшчальная. Калi б быў знiшчаны нават апошнi асобнiк, мы б аднавiлi яе з памяцi амаль даслоўна. Цi носiце вы з сабой на працу партфель?
- Звычайна нашу.
- Якi ён?
- Чорны, вельмi стары. З двума раменьчыкамi.
- Чорны, два раменьчыкi, вельмi стары. Добра. Недзе днямi, не магу сказаць дакладна даты, у адной з вашых звычайных ранiшнiх iнструкцый будзе памылка друку, i вы запросiце паўтору. На другi дзень вы прыйдзеце на працу без партфеля. У нейкую хвiлiну на вулiцы нейкi чалавек дакранецца да вашай рукi i скажа: "Здаецца, вы згубiлi партфель". У партфелi, што ён вам дасць, будзе ляжаць Гольдштэйнава кнiга. Вернеце кнiгу праз два тыднi.
Нейкi час яны маўчалi.
- Застаецца яшчэ дзве хвiлiны, перш чым вы мусiце пайсцi, - сказаў О'Браэн. - Мы яшчэ ўбачымся, калi толькi ўбачымся...
Ўiнстан паглядзеў на яго.
- Там, дзе няма цемры... - няўпэўнена вымавiў ён.
О'Браэн кiўнуў без нiякага здзiўлення.
- Там, дзе не будзе болей цемры, - паўтарыў ён, быццам зразумеўшы намёк. Можа, вы яшчэ што хочаце сказаць, перш чым пойдзеце? Перадаць вестку? Пра нешта запытацца?
Ўiнстан задумаўся. Здавалася, у яго не было болей пытанняў. Не хацелася яму гаварыць i агульныя напышлiвыя фразы. Замест таго што непасрэдна звязана з О'Браэнам цi Братэрствам, у яго ў думках паўстала няясная карцiна, дзе быў убогi пакойчык, у якiм правяла апошнiя днi яго мацi, i iх сховiшча над крамай пана Чэрынгтана, i шкляное прэс-пап'е, i старая гравюра ў рамцы з ружовага дрэва. I ён спытаўся наўдачу:
- Цi не даводзiлася вам чуць калi-небудзь стары вершык - ён пачынаўся так: "Апельсiны, лiмоны, бананы - б'юць званы ў Святога Клемана"?
О'Браэн зноў кiўнуў. З паважнай узнёсласцю ён дапоўнiў страфу:
Апельсiны, лiмоны, бананы - б'юць званы ў Святога Клемана.
Ты тры фартынгi даць мне павiнны - б'юць званы ў Святога Марцiна.
Цi заплоцiш ты мне ў нядзелю - загудзелi званы ў Старым Бэйлi.
Заплачу, калi буду багаты, - звон у Шордычы звонiць заўзята.
- Вы ведаеце апошнi радок! - уразiўся Ўiнстан.
- Так, я ведаю апошнi радок. А цяпер, я думаю, вам трэба iсцi. Пачакайце. Дазвольце мне даць i вам адну таблетку.
Ўiнстан падняўся, О'Браэн падаў яму руку i сцiснуў Ўiнстанаву так, што аж косцi хруснулi. Каля дзвярэй Ўiнстан азiрнуўся, але О'Браэн, здавалася, ужо выкраслiў яго са сваёй памяцi. Ён чакаў, трымаючы руку на кнопцы ўключэння тэлегляда. За iм, у канцы пакоя, Ўiнстан бачыў стол, лямпу з зялёным каптуром, мовапiс, запоўненыя паперкамi драцяныя кошыкi. Справа зроблена. Праз трыццаць секунд, падумаў ён, О'Браэн зноў возьмецца за перапыненую важную партыйную працу.
9
Ўiнстан стаў квашанiнай ад стомы. Менавiта квашанiнай - гэтае слова неяк само прыйшло яму ў галаву. Здавалася, што цела было не толькi мяккае i расплывiстае, як квашанiна, але i гэткае ж празрыстае. У яго было такое пачуццё, што, падняўшы руку, ён можа глядзець праз яе на святло. Уся яго кроў была высмактаная зняможлiвай працай, засталася толькi кволая будовiна з нерваў, касцей i скуры. Усе пачуццi незвычайна абвастрылiся. Гарнiтур муляў яму плечы, брук збiваў яму ступнi, нават сцiснуць i расцiснуць пальцы на руцэ было так цяжка, што ад напругi хрусцелi суставы.
За апошнiя пяць дзён ён адпрацаваў больш за дзевяноста гадзiн. Як i ўсе iншыя службоўцы Мiнiстэрства. Цяпер усё было скончана, i да заўтрашняй ранiцы яму лiтаральна нiчога не трэба было рабiць, нiякай працы для Партыi. Ён мог правесцi шэсць гадзiн у сваiм сховiшчы i дзевяць ва ўласным ложку. Пагодлiвым надвячоркам ён павольна iшоў бруднай вулiцай у бок крамы пана Чэрынгтана, пiльнуючы позiркам навокал, каб не напаткаць патруль, хоць i быў пэўны, што гэтым надвячоркам яму не пагражае нiякая небяспека, што яго нiхто не патурбуе. Цяжкi партфель з кожным крокам бiў яго па калене, i ад гэтага дотыку па скуры на назе прабягалi дрыжыкi. У яго партфелi ўжо шосты дзень ляжала Кнiга, якую ён яшчэ, аднак, нi разу не разгарнуў i нават не паглядзеў.
На шосты дзень Тыдня Нянавiсцi пасля дэманстрацый, прамоў, радасных воклiчаў, песняў, сцягоў, плакатаў, фiльмаў, васковых фiгур, барабаннага бою i трубнага гулу, тупату парадаў, грукату танкаў, рокату самалётаў, гарматных грымотаў - пасля шасцi дзён усяго гэтага, тады, калi вялiкi аргазм наблiжаўся да найвышэйшага пункту i агульная нянавiсць да Эўразii распалiлася да такога шаленства, што калi б у рукi натоўпу трапiлi дзве тысячы эўразiйскiх ваенных злачынцаў, якiх меркавалася публiчна павесiць у апошнi дзень мерапрыемстваў, гэты натоўп, пэўна, разарваў бы iх на шматкi - якраз у гэты момант было абвешчана, што Акiянiя ваюе зусiм не з Эўразiяй. Акiянiя ваюе з Усходазiяй. Эўразiя - саюзнiк Акiянii.