1984 (на белорусском языке) - страница 53
Усе спрэчныя тэрыторыi маюць каштоўныя мiнеральныя багаццi, i некаторыя з iх вырабляюць важныя раслiнныя прадукты, напрыклад, каўчук, сiнтэз якога ў краiнах з халаднейшым клiматам абыходзiцца параўнаўча дорага. Але перадусiм яны змяшчаюць у сабе невычэрпныя запасы таннай працоўнай сiлы. Дзяржава, якая пануе над Экватарыяльнай Афрыкай, або краiнамi Сярэдняга Ўсходу, або Паўднёвай Iндыяй, або Iнданэзiяй, мае праз гэта ў сваiм распараджэннi сотнi мiльёнаў кулi, якiя за сваю знясiльную працу атрымлiваюць вельмi мала. Насельнiкi гэтых краiн, больш цi менш адкрыта даведзеныя да стану рабоў, пераходзяць увесь час ад аднаго заваёўнiка да другога. Iх выкарыстоўваюць гэтаксама, як вугаль або нафту, у барацьбе за павелiчэнне вытворчасцi зброi, за пашырэнне заваяваных тэрыторый, за павышэнне колькасцi працоўнае сiлы, каб тая вырабляла больш зброi, спрыяла заваяванню тэрыторый i гэтак да бясконцасцi. Трэба адзначыць, што барацьба нiколi не пераходзiць межаў спрэчных тэрыторый. Гранiцы Эўразii перасоўваюцца то ў адзiн бок, то ў другi памiж ракою Конга i паўночным берагам Мiжземнага мора. Выспы Iндыйскага i Цiхага акiянаў увесь час заваёўваюцца Акiянiяй або Ўсходазiяй. У Манголii лiнiя, што аддзяляе Эўразiю ад Усходазii, нiколi не бывае стабiльная. Усе тры дзяржавы аспрэчваюць разлеглыя тэрыторыi вакол Полюса, якiя фактычна не населеныя i не даследаваныя. Але раўнавага сiл заўсёды прыблiзна тая самая, а тэрыторыя, што складае аснову кожнай звышдзяржавы, застаецца заўсёды нязменная. Да таго ж праца зняволеных народаў, што жывуць вакол Экватара, сусветнай эканомiцы, па праўдзе кажучы, непатрэбная. Яна нiчога не дадае да сусветнага багацця, бо ўсё вырабленае выкарыстоўваецца на ваенныя патрэбы. Вайна заўсёды вядзецца дзеля таго, каб лепей узброiцца да наступнай вайны. Сваёй працай заняволеныя масы спрыяюць павышэнню iнтэнсiўнасцi перманентнай вайны. Але калi б iх i не iснавала, структура сусветнага грамадства i прынцыпы, паводле якiх яно падтрымлiвае сваё iснаванне, наўрад цi былi б iстотна адрознымi.
Галоўная мэта сучаснае вайны (згодна з прынцыпамi двухдумства, кiраўнiчыя галовы Ўнутранай Партыi адначасова прызнавалi i не прызнавалi гэтую мэту) палягае ў тым, каб поўнасцю спажываць прадукты прамысловай вытворчасцi, не павышаючы пры гэтым агульнага ўзроўню жыцця. Пачынаючы з канца дзевятнаццатага стагоддзя праблема выкарыстання лiшкаў прадуктаў спажывання iснавала ў прыхаваным выглядзе ў iндустрыяльным грамадстве. Цяпер жа, калi вялiкая колькасць людзей не забяспечана дастатковым харчаваннем, праблема гэтая, вiдавочна, не стаiць так востра, дый, вiдаць, не стане, нават калi не прыбягаць да штучных сродкаў знiшчэння. Сённяшнi свет - больш убогi, галодны i заняпалы, чым свет, якi iснаваў да 1914 года, а калi параўнаць яго з той фантастычнай будучыняй, аб якой марылi людзi ў тыя часы, дык адрозненне будзе яшчэ страшнейшае. На пачатку дваццатага стагоддзя карцiна будучага грамадства, неверагодна багатага, раскошнага, упарадкаванага i высокапрадукцыйнага блiскучага здаровага свету са шкла, сталi i снежна-белага бетону - жыла ў свядомасцi амаль кожнага адукаванага чалавека. Навука i тэхнiка развiвалiся так хутка, што дух займала, i было натуральна меркаваць, што гэтае развiццё будзе працягвацца i далей. Аднак гэтага не адбылося, часткова праз збядненне, спрычыненае доўгай чарадою войнаў i рэвалюцый, часткова з-за таго, што навукова-тэхнiчны прагрэс залежаў ад эмпiрычнага ладу мыслення, а лад гэты не мог захавацца ва ўмовах сцiсла рэгламентаванага грамадства. Агулам беручы, сённяшнi свет больш прымiтыўны, чым пяцьдзесят гадоў таму. Некаторыя адсталыя рэгiёны дасягнулi прагрэсу, былi ўдасканалены некаторыя прыборы, звязаныя з вайною або палiцэйскiм наглядам, але навуковыя даследаваннi i адкрыццi паступова спынiлiся. Да таго ж страты, спрычыненыя атамнай вайною 50-х гадоў, нiколi не былi цалкам кампенсаваныя. I ўсё ж небяспека, што хавалася ў машынах, усё яшчэ iснавала. Калi з'явiлася першая машына, усiм здольным да развагi людзям сталася вiдавочным, што неабходнасць у цяжкай чалавечай працы, а значыць, у пэўнай меры, i ў чалавечай няроўнасцi, знiкла. Калi б машыны свядома выкарыстоўвалi з гэтаю мэтай, дык голад, знясiльную працу, бруд, непiсьменнасць i хваробы можна было б выкаранiць на працягу некалькiх пакаленняў. I сапраўды, нават калi яны яшчэ не выкарыстоўвалiся з гэтаю мэтай, машыны - вырабляючы столькi прадукту, што яго часам немагчыма было размеркаваць - ўзнялi ўзровень жыцця людзей за нейкiя пяцьдзесят гадоў у канцы ХIХ i на пачатку ХХ стагоддзя.
Але было таксама вiдавочным, што павелiчэнне агульнага багацця пагражала далейшаму iснаванню iерархiзаванага грамадства, а ў нейкiм сэнсе ўжо нават значыла i знiшчэнне гэтага грамадства. У свеце, дзе працоўны дзень будзе кароткi, дзе ў кожнага будзе дастаткова ежы, кожны будзе жыць у доме з ваннай i халадзiльнiкам, будзе мець аўтамабiль цi нават самалёт, найбольш вiдавочная i найбольш iстотная форма няроўнасцi знiкне. Стаўшы ўсеагульным, багацце перастане быць падставай для няроўнасцi. Можна было, без сумнення, уявiць сабе грамадства, у якiм багацце ў значэннi прыватнай уласнасцi i раскошы будзе падзелена пароўну, тым часам як улада застанецца ў руках малой упрывiлеяванай касты. Але ў сапраўднасцi такое грамадства не магло б доўга заставацца стабiльным. I сапраўды, калi б усе аднолькава жылi ў раскошы i бяспецы, дык вялiкая маса людзей, звычайна здзiчэлых ад беднасцi, магла б атрымаць адукацыю i навучыцца думаць самастойна, i тады б яна раней цi пазней заўважыла, што ўпрывiлеяваная меншасць не мае нiякае рацыi iснавання, i зрынула б яе. Карацей кажучы, iерархiзаванае грамадства магло грунтавацца толькi на беднасцi i невуцтве.