1984 (на белорусском языке) - страница 55

Але нiводзiн з гэтых праектаў нiколi не наблiжаецца да ажыццяўлення, i нiводная з трох звышдзяржаваў не можа iстотна апярэдзiць астатнiя. Самае важнае тое, што ўсе тры дзяржавы ўжо маюць атамную бомбу - зброю значна магутнейшую за ўсё, што можна вынансцi ў вынiку цяперашнiх даследаванняў. I хоць Партыя, як звычайна, запiсвае гэтую вынаходку на свой рахунак, атамныя бомбы з'явiлiся яшчэ ў 40-я гады i былi першы раз шырока ўжытыя праз дзесяць гадоў. Каля сотнi бомбаў было тады скiнута на прамысловыя цэнтры, асаблiва ў Эўрапейскай частцы Расеi, Заходняй Эўропе i Паўночнай Амерыцы. Гэтыя акцыi мелi на мэце пераканаць кiраўнiчыя колы ўсiх краiнаў, што яшчэ некалькi бомбаў паставiлi б крэс iснаванню чалавецтва, а разам з тым i iх уладзе. У вынiку, хоць i не было нiякiх спецыяльных пагадненняў цi нават прапановаў, болей бомбы не ўжывалiся. Усе тры дзяржавы проста працягваюць вырабляць атамныя бомбы i назапашваць iх, чакаючы вырашальнага моманту, якi, як думаюць усе яны, надарыцца рана цi позна. Тым часам ваенная тэорыя на працягу трыццацi або сарака гадоў не развiвалася. Верталёты ўжываюцца больш, чым раней, бамбавiкi ў большасцi заменены на самарушныя снарады, а рухомыя i нетрывалыя крэйсеры саступiлi месца амаль непатопным Плывучым Крэпасцям. Апроч гэтага, нiякiх удасканаленняў не адбылося. Танкi, падводныя лодкi, тарпеды, кулямёты i нават вiнтоўкi i ручныя гранаты ўсё яшчэ ўжываюцца. I нягледзячы на бясконцыя паведамленнi прэсы i тэлеглядаў аб жорсткiх баях, зацятыя бiтвы мiнулых войнаў, пад час якiх за пару тыдняў гiнулi сотнi тысяч цi нават мiльёны людзей, нiколi ўжо не паўтаралiся.

Нiводная з трох звышдзяржаў не рызыкуе рабiць такiх крокаў, якiя маглi б прывесцi да сур'ёзных стратаў. Калi i праводзяцца шырокамаштабныя аперацыi, дык часцей за ўсё гэта нечаканыя напады на саюзнiка. Усе тры дзяржавы прытрымлiваюцца цi ўдаюць, што прытрымлiваюцца, аднолькавае стратэгii. План палягае ў тым, каб, спалучаючы баявыя аперацыi, маршы i добра запланаваныя здрады, замкнуць кола сваiх баз вакол адной цi другой дзяржавы-супернiцы, а пасля заключыць з ёю пакт аб дружбе i захоўваць з ёю мiр даволi доўга, каб падмануць пiльнасць. За гэты час ракеты з атамнымi зарадамi размесцяцца ва ўсiх стратэгiчных пунктах. Калi ўсе iх адначасова запусцяць, разбуральны эфект будзе такi моцны, што адпор будзе немагчымы. Тады настане час заключыць пакт аб дружбе з другой сусветнай дзяржаваю для падрыхтоўкi другога нападу. Не трэба, бадай, i казаць, што план гэты - нездзяйсняльная мара. Да таго ж баi вядуцца выключна на спрэчных тэрыторыях вакол экватара i полюса. Нiякiя ўварваннi на тэрыторыю супрацiўнiка не прадпрымаюцца. Гэтым тлумачыцца факт, што на некаторых адцiнках межы памiж звышдзяржавамi праведзены адвольна. Эўразiя, напрыклад, магла б з лёгкасцю заваяваць Брытанскiя выспы, якiя геаграфiчна ўваходзяць у Эўропу. З другога боку, Акiянiя магла б пасунуць мяжу да Рэйна або нават да Вiслы. Але гэта было б парушэннем шанаванага ўсiмi няпiсанага прынцыпу культурнае недатыкальнасцi. Калi б Акiянiя захапiла тэрыторыi, некалi вядомыя пад назвамi Францыя i Германiя, ёй давялося б або знiшчыць усё насельнiцтва, што было б звязана з вялiкiмi матэрыяльнымi цяжкасцямi, або асiмiляваць каля ста мiльёнаў жыхароў, якiя ўзроўнем прамысловага развiцця наблiжаюцца да Акiянii. Праблема гэтая стаiць перад усiмi трыма звышдзяржавамi. Для захавання iх структуры абсалютна неабходна выключыць любыя кантакты з iншаземцамi, дапускаючы iх хiба толькi, у абмежаванай ступенi, з ваеннапалоннымi i каляровымi рабамi. Нават да афiцыйнага саюзнiка прынята ставiцца са змрочным падазрэннем. Калi не ўлiчваць ваеннапалонных, звычайны грамадзянiн Акiянii нiколi не бачыць грамадзян Эўразii або Ўсходазii, i яму забаронена ведаць замежныя мовы. Калi б яму былi дазволеныя кантакты з iншаземцамi, ён заўважыў бы, што гэта такiя самыя людзi, як i ён, i што большая частка таго, што пра iх гавораць - няпраўда. Герметычныя муры свету, у якiм ён жыве, разбурылiся б, i страх, нянавiсць, упэўненасць у сваёй рацыi, ад якiх залежыць яго мараль, маглi б знiкнуць. У вынiку гэтага ўсе бакi пагадзiлiся, што тым часам, як Персiя, Егiпет, Ява цi Цэйлон пераходзяць з рук у рукi, галоўныя межы могуць парушацца толькi бомбамi.

За ўсiм гэтым хаваецца факт, нiколi не выказаны ўголас, але зразумелы ўсiм, якi абумоўлiвае паводзiны кожнага, - умовы жыцця ва ўсiх трох звышдзяржавах прыблiзна аднолькавыя. У Акiянii пануючая фiласофiя называецца Ангсоц, у Эўразii - неабальшавiзм, ва Ўсходазii яна азначаецца кiтайскiм словам, якое звычайна перакладаецца як Культ смерцi, але дакладней было б перадаць яго як "забыццё самога сябе". Грамадзянiну Акiянii не дазваляецца ведаць што б там нi было пра два iншыя фiласофскiя вучэннi, але яго вучаць ненавiдзець iх i лiчыць iх дзiкунскай абразаю маралi i здаровага сэнсу. Папраўдзе, усе тры фiласофii мала адрознiваюцца адна ад адной, а грамадскiя сiстэмы, на iх пабудаваныя, не адрознiваюцца ўвогуле. Паўсюль - тая самая пiрамiдальная структура, той самы культ кiраўнiка-паўбога, тая самая эканамiчная сiстэма, што iснуе праз пастаянную вайну i дзеля яе. З гэтага вынiкае, што ўсе тры звышдзяржавы не толькi не могуць заваяваць адна адну, але i не мелi б з гэтае заваёвы нiякае карысцi. Наадварот, варагуючы памiж сабою, яны падтрымлiваюць адна адну, як тры пшанiчныя снапы. Звычайна кiраўнiчыя групоўкi трох дзяржаў усведамляюць i адначасова не ўсведамляюць тое, што яны робяць. Яны прысвячаюць свае жыццi заваёве свету, але разам з тым яны ведаюць, што неабходна, каб вайна працягвалася без канца i без перамогi. Тым часам адсутнасць небяспекi заваявання робiць магчымым адмаўленне рэальнасцi адмысловую рысу Ангсоцу i дзвюх астатнiх фiласофскiх сiстэм. Тут неабходна паўтарыць сказанае вышэй - з-за таго, што вайна стала перманентнаю, iстотна змянiўся сам яе характар.