1984 (на белорусском языке) - страница 57

- У мяне Кнiга, - сказаў ён, калi яны скончылi абдымацца.

- О, праўда? Добра, - сказала яна без лiшняе цiкаўнасцi i амаль адразу схiлiлася над керагазам, каб зварыць кавы.

Яны вярнулiся да гэтай тэмы толькi праз паўгадзiны пасля таго, як леглi ў ложак. Вечар ужо дыхаў прахалодаю, i iм давялося прыкрыцца коўдрай. Знiзу даляталi знаёмыя гукi песнi i стукату чаравiкаў па бруку. Жанчына з чырвонымi, як цэгла, рукамi, якую Ўiнстан бачыў, як быў тут першы раз, была, здавалася, неадлучнаю часткай двара. Яна, пэўна, так i хадзiла праз цэлыя днi памiж балеяй i вяроўкай i, калi рот у яе не быў заняты зашчэпкамi, спявала свае чуллiвыя песнi. Джулiя прылегла на бок i ўжо была гатовая заснуць. Ўiнстан выцягнуў руку, каб узяць кнiгу з падлогi, i сеў, прыхiлiўшыся да бiльца ложка.

- Нам трэба гэта прачытаць, - сказаў ён, - i табе таксама. Усiм сябрам Братэрства трэба гэта прачытаць.

- Чытай, - сказала яна, не расплюшчыўшы вачэй. - Чытай уголас. Так будзе найлепей. Так ты будзеш адразу мне тлумачыць.

Стрэлка гадзiннiка была на шасцёрцы, што значыла васемнаццаць гадзiн. У iх заставалася яшчэ тры-чатыры гадзiны. Ўiнстан паклаў кнiгу на каленi i пачаў чытаць:

Раздзел першы

Няведанне - гэта сiла

На працягу ўсiх гiстарычных эпох, па ўсёй верагоднасцi, з канца неалiту, у свеце iснавала тры катэгорыi людзей: Вышэйшыя, Сярэднiя i Нiжэйшыя. Яны ў сваю чаргу дзялiлiся на розныя драбнейшыя групы, насiлi незлiчоную колькасць розных найменняў, iх лiчбавыя прапорцыi, а таксама ўзаемныя дачыненнi мянялiся ад стагоддзя да стагоддзя. Аднак асноўная будова чалавечага грамадства не мянялася нiколi. Нават пасля вялiзных зрухаў i ўяўна незваротных перамен заўсёды сама па сабе ўсталёўвалася тая самая структура, гэтаксама як гiраскоп заўсёды iмкнецца да раўнавагi, у якi бок яго б нi схiлялi.

- Джулiя, ты не спiш? - спытаўся Ўiнстан.

- Не, каханы. Я слухаю. Чытай далей. Гэта проста цудоўна.

I ён чытаў далей:

Мэты гэтых трох груп абсалютна несумяшчальныя памiж сабою. Мэта Вышэйшых застацца там, дзе яны ёсць, Сярэднiх - памяняцца месцамi з Вышэйшымi. Мэта Нiжэйшых, калi яна ў iх увогуле ёсць - бо неадменнай уласцiвасцю Нiжэйшых ёсць тое, што яны занадта прыгнечаныя працай, каб усведамляць трывала, не ўрыўкамi, нешта апроч iх штодзённага жыцця - мэта гэтае групы - злiквiдаваць усе адрозненнi i стварыць грамадства, у якiм усе людзi былi б роўныя. I гэтак, праз усю Гiсторыю, змаганне, асноўныя рысы якога застаюцца тыя самыя, паўтараецца бясконца. Часам, на працягу доўгiх перыядаў, здаецца, што Вышэйшыя трывала трымаюць уладу. Але рана цi позна заўсёды надыходзiць момант, калi яны страчваюць або веру ў сябе, або здольнасць да эфектыўнага кiравання, або i тое i тое разам. I тады iх скiдаюць Сярэднiя, якiя схiляюць на свой бок Нiжэйшых, запэўнiваючы iх, што яны змагаюцца за свабоду i справядлiвасць. Дасягнуўшы сваёй мэты, Сярэднiя зноў заганяюць Нiжэйшых у былое рабства i самi робяцца Вышэйшымi. Новая сярэдняя група вылучаецца тады з адной з ацалелых груп або з абедзвюх, i барацьба пачынаецца зноў. З трох груп толькi Нiжэйшым нiколi, нават часова, не ўдаецца дасягнуць сваёй мэты. Было б перабольшаннем сказаць, што за ўсю гiсторыю не было дасягнута нiякага матэрыяльнага прагрэсу. Нават сёння, у перыяд заняпаду, сярэднi чалавек мае лепшыя жыццёвыя ўмовы, чым колькi стагоддзяў таму. Але нiякi рост багацця, нiякае палагодненне нораваў, нiякiя рэформы або рэвалюцыi нi на мiлiметр не наблiзiлi роўнасцi людзей. З пункту погляду Нiжэйшых гiстарычныя перамены нiколi не значылi болей, чым проста змену iмя iх гаспадароў.

Пад канец ХIХ стагоддзя шматлiкiя наглядальнiкi заўважылi пастаяннае паўтарэнне гэтае мадэлi грамадства. Тады з'явiлiся школы мысляроў, якiя разглядалi гiсторыю як цыклiчны працэс i манiлiся давесцi, што няроўнасць нязменны закон чалавечага жыцця. Гэтае вучэнне, вядома ж, i раней заўсёды мела сваiх прыхiльнiкаў, але ў тым, як яно падавалася, адбылася iстотная змена. У мiнулым неабходнасць iерархiчнае формы грамадства баранiлася вучэннем, уласцiвым вышэйшаму класу. Вучэнне гэтае прапагандавалася каралямi i арыстакратамi, святарамi, законнiкамi i iншымi, што паразiтавалi на iх, i змякчалася яно абяцаннямi адплаты ва ўяўным свеце, па той бок магiлы. Сярэднiя, змагаючыся за ўладу, заўсёды ўжывалi словы накшталт "свабода", "справядлiвасць", "братэрства". Аднак на паняцце "братэрства людзей" пачалi нападаць людзi, якiя яшчэ не займалi кiраўнiчых пастоў, але неўзабаве спадзявалiся iх заняць. Раней Сярэднiя рабiлi рэвалюцыi пад сцягам роўнасцi, а пасля ўсталёўвалi новую тыранiю, як толькi старая была знiшчана. Новыя Сярэднiя абвяшчалi цяпер сваю тыранiю загадзя. Сацыялiзм - тэорыя, якая з'явiлася на пачатку ХIХ стагоддзя i ўяўляла сабою апошняе звяно ланцуга думкi, што брала пачатак у антычных паўстаннях рабоў, - быў яшчэ глыбока прасякнуты ўтапiчнымi iдэямi мiнулых стагоддзяў. Але ва ўсiх варыянтах сацыялiзму, якiя з'явiлiся прыблiзна пасля 1900 года, мэта ўсталявання свабоды i роўнасцi стала ўсё больш i больш адкрыта адкiдацца. Новыя рухi, што ўзнiклi ў сярэдзiне стагоддзя - Ангсоц у Акiянii, Неабальшавiзм у Эўразii, Культ смерцi, як яго звычайна называюць, ва Ўсходазii - свядома паставiлi сабе за мэту ўвечнiць несвабоду i няроўнасць. Гэтыя новыя рухi, вядома ж, бралi пачатак са старэйшых вучэнняў, iмкнулiся захаваць iх назвы i ўславiць на словах iх iдэалогiю. Але мэтаю ва ўсiх iх было стрымаць прагрэс i ў пэўны момант назаўсёды спынiць гiсторыю. Маятнiк мусiць зрабiць яшчэ адно ваганне i замерцi. Як звычайна, Вышэйшыя павiнны быць скiнутыя Сярэднiмi, якiя тады зрабiлiся б Вышэйшымi. Але гэтым разам, паводле свядомае стратэгii, новыя Вышэйшыя былi б здольныя вечна ўтрымлiваць свае пазiцыi.