1984 (на белорусском языке) - страница 63

- Памятаеш, - сказаў ён, - як дрозд спяваў нам у той першы дзень, на ўзлеску?

- Ён спяваў не нам, - адказала Джулiя. - Ён спяваў сабе на ўцеху. Ды нават не. Ён проста спяваў.

Птушкi спявалi, пролы спявалi, толькi Партыя не спявала. Ва ўсiм свеце, у Лондане i Ню-Ёрку, у Афрыцы i Бразiлii, i ў таямнiчых забароненых краях за мяжою, на вулiцах Парыжа i Берлiна, у вёсках бясконцых раўнiн Расеi, на базарах Кiтая i Японii - паўсюль стаяла тая самая магутная непераможная постаць, знявечаная працай i нараджэннем дзяцей, прыгнечаная горам ад народзiнаў да смерцi, i спявала. З гэтага волатавага ўлоння аднойчы выйдзе род свядомых стварэнняў. Вы - мёртвыя, i будучыня належыць iм. Але вы маглi мець сваю долю ў той будучынi, калi б захавалi розум, як яны захавалi цела, i перадалi б нашчадкам сакрэтнае вучэнне аб тым, што двойчы два - чатыры.

- Мы мёртвыя, - сказаў ён.

- Мы мёртвыя, - пакорлiва згадзiлася Джулiя.

- Вы мёртвыя, - прамовiў сталёвы голас.

Яны адскочылi ў бакi. У Ўiнстана пахаладзела ў жываце. Ён бачыў бель вачэй Джулii вакол зрэнак. Твар у яе зрабiўся белы, як малако. Плямкi румяны ўсё яшчэ рэзка выдзялялiся на шчоках, нiбы адстаўшы ад скуры.

- Вы мёртвыя, - паўтарыў сталёвы голас.

- Ён быў за карцiнай, - прашаптала Джулiя.

- Ён быў за карцiнай, - сказаў голас. - Заставайцеся на сваiх месцах. Нiводнага руху без загаду.

Пачалося, нарэшце пачалося! Яны не маглi зрабiць нiчога i толькi стаялi i ўзiралiся адно аднаму ў вочы. Уцячы, выбрацца з дому, пакуль не позна, - такая iдэя нават не прыйшла iм у галаву. Нельга было i падумаць пра тое, каб не паслухацца сталёвага голасу са сцяны. Штосьцi пстрыкнула, нiбы адсунулася засаўка, пачуўся звон бiтага шкла. Карцiна ўпала, адкрыўшы схаваны за ёй тэлегляд.

- Цяпер яны могуць нас бачыць, - сказала Джулiя.

- Цяпер мы можам вас бачыць, - сказаў голас. - Выйдзiце на сярэдзiну пакоя. Станьце спiнай адно да аднаго. Рукi за галаву. Не дакранайцеся адно да аднаго.

Яны не дакраналiся, але яму здавалася, што ён адчуваў, як дрыжыць цела Джулii. А можа, дрыжала ягонае цела. Ён яшчэ мог сцiснуць зубы, каб яны не ляскалi, але каленямi ён валодаць ужо не мог. Пачуўся тупат ботаў знiзу, знутры i звонку дома. Здавалася, што ў двары поўна людзей. Нешта цяжкае валаклi па бруку. Жанчына раптоўна абарвала сваю песню. Тады пачуўся доўгi гулкi грукат, быццам балею кiнулi праз увесь двор, а пасля гамана незадаволеных галасоў, якая скончылася крыкам ад болю.

- Дом абкружаны, - сказаў Ўiнстан.

- Дом абкружаны, - сказаў голас.

Ён пачуў, як Джулiя з ляскатам сцiснула зубы.

- Думаю, мы ўсё ж можам развiтацца, - сказала яна.

- Вы можаце развiтацца, - сказаў голас.

А за iм другi голас, зусiм iншы, тонкi, культурны, якi Ўiнстан ужо недзе чуў, уставiў:

- Дарэчы, пакуль мы не адышлi ад тэмы.

Нешта гупнула на ложак за спiнай у Ўiнстана. Канец лесвiцы ўткнуўся ў акно i выбiў яго разам з рамай. Нехта залазiў праз акно. Са сходаў пачуўся грукат ботаў. Пакой напоўнiўся дужымi людзьмi ў чорнай унiформе, у падбiтых жалезам ботах i з кiямi ў руках.

Ўiнстан болей не дрыжаў. Нават вочы яго глядзелi нерухома. Цяпер было важна адно: стаяць спакойна, стаяць спакойна i не даваць iм зачэпкi збiць яго! Чалавек з гладкай баксёрскаю скiвiцай, дзе рот быў адно вузкаю шчылiнай, спынiўся насупраць яго, задумлiва пагойдваючы кiем, якi ён трымаў двума пальцамi. Iх позiркi сустрэлiся. Пачуццё галiзны, безабароннасцi, калi рукi за галавою, а твар i цела адкрыты для ўдараў, было амаль нясцерпнае. Чалавек высунуў кончык белага языка, аблiзнуў тое месца, дзе мусiлi быць вусны, i пайшоў далей. Зноў пачуўся грукат. Нехта ўзяў са стала шкляное прэс-пап'е i разбiў яго на друзачкi аб камiнную плiту.

Кавалачак каралу, маленькая ружовая галачка, як цукровая ружачка з торта, пакацiўся па дыване. Якiм жа маленькiм, падумаў Ўiнстан, ён заўсёды быў! Ззаду пачулася задышлiвае дыханне i глухi ўдар, i нехта балюча выцяў яго па хворай назе так, што ён ледзь не ўпаў на падлогу. Адзiн ударыў кулаком Джулii ў жывот, i яна сагнулася, як складны метр. Яна качалася па падлозе, хапаючы ротам паветра. Ўiнстан баяўся павярнуць галаву нават на мiлiметр, але часам яе смяротна-бледны задышлiвы твар трапляў у поле яго зроку. Нават гэтак застрашаны, ён быццам адчуваў боль у сваiм целе, жахлiвы боль, якi, аднак, быў не такi невыносны, як смяротная задышка. Ён ведаў гэтае пачуццё: страшны, пакутлiвы боль, якi не сунiмаецца нi на хвiлiну, цярпець якi няма змогi, бо найперш трэба здолець аддыхацца. Тады двое паднялi яе за каленi i за плечы i вынеслi, як мех, з пакоя. На нейкi момант Ўiнстан убачыў яе твар, бледны i скрыўлены пакутлiвымi курчамi, перавернуты дагары, з заплюшчанымi вачамi, з плямкамi румяны на шчоках. Ён бачыў яе апошнi раз.

Ён стаяў нерухома, як мёртвы. Яго яшчэ не бiлi. Думкi, што ўзнiкалi самi па сабе, але здавалiся зусiм нецiкавымi, пачалi праносiцца ў галаве. Цi схапiлi яны пана Чэрынгтана, падумаў ён. Што яны зрабiлi з жанчынаю ў двары? Ён адчуў, што яму нясцерпна хочацца справiць малую патрэбу, i здзiвiўся, бо зрабiў гэта дзве-тры гадзiны таму. Ён заўважыў, што гадзiннiк на камiннай палiчцы паказваў дзевяць, гэта значыць дваццаць адну гадзiну. Але на двары было занадта светла. Хiба жнiвеньскiм вечарам у дваццаць адну гадзiну ўжо не цямнее? Ён падумаў, што, можа, яны з Джулiяй пераблыталi час - праспалi поўны абарот гадзiннiка i думалi, што яшчэ дваццаць трыццаць, калi ў сапраўднасцi было ўжо нуль восем трыццаць наступнае ранiцы. Але ён не скончыў гэтае думкi. Яна была яму нецiкавая.

У калiдоры пачулiся яшчэ нечыя, цiшэйшыя крокi. У пакой увайшоў пан Чэрынгтан. Людзi ў чорнай унiформе раптам пачалi паводзiць сябе больш стрымана. Штосьцi ў знешнасцi пана Чэрынгтана змянiлася. Яму на вочы трапiлiся асколкi шклянога прэс-пап'е.