1984 (на белорусском языке) - страница 66

- Цi прыходзiла вам калi ў галаву, - сказаў ён, - што ўся гiсторыя ангельскай паэзii вызначалася тым, што ў ангельскай мове не стае рыфмаў?

Не, якраз гэтая думка нiколi не прыходзiла Ўiнстану ў галаву. А ў тых абставiнах яна не здалася яму надта важнай або цiкавай.

- Цi ведаеце вы, што цяпер - дзень цi ноч? - спытаўся ён.

Эмплфорт зноў паглядзеў здзiўлена.

- Я неяк не думаў пра гэта. Яны арыштавалi мяне днi два таму, а можа, тры, - яго позiрк гойсаў па сценах, нiбы ён спадзяваўся адшукаць акно. - Тут няма рознiцы памiж днём i ноччу. Не ведаю, цi можна тут увогуле сачыць за часам.

Яны гаварылi ўрыўкамi некалькi хвiлiн, i тады, без вiдавочнае прычыны, крык з тэлегляда загадаў iм замаўчаць. Ўiнстан цiхенька сеў i склаў рукi. Цыбаты i няўклюдны Эмплфорт не мог зручна ўсесцiся на вузкай лаве i шморгаў сюды-туды, абдымаючы худымi рукамi то адно калена, то другое, то абодва разам. Тэлегляд гыркнуў на яго, каб сядзеў спакойна. Час iшоў. Дваццаць хвiлiн, гадзiна - вызначыць было цяжка. З калiдора зноў пачуўся тупат ботаў. У Ўiнстана ўсё сцiснулася ўсярэдзiне. Хутка, вельмi хутка, можа, праз пяць хвiлiн, можа, зараз, гэты тупат будзе значыць, што прыйшла ягоная чарга.

Дзверы адчынiлiся. У камеру зайшоў малады афiцэр з ледзяным тварам. Адрывiстым рухам рукi ён паказаў на Эмплфорта.

- Пакой 101, - сказаў ён.

Эмплфорт няўклюдна патэпаў мiж двух ахоўнiкаў. На твары ў яго адбiвалася трывога i няўцямнасць.

Прайшло, як здалося, даволi шмат часу. Жывот забалеў яшчэ мацней. Ўiнстанавы думкi круцiлiся на адным месцы, як шар, што зноў i зноў трапляе ў тую самую лузу. Ён думаў толькi пра шэсць рэчаў: боль у жываце; кавалак хлеба; кроў i крыкi; О'Браэн; Джулiя; лязо. Зноў у яго ўсярэдзiне ўсё сцiснулася: наблiжаўся тупат ботаў. Калi расчынiлiся дзверы, хваля паветра прынесла з сабой моцны пах халоднага поту. У камеру ўвайшоў Парсанс. На iм былi шорты ахоўнага колеру i спартовая кашуля.

Гэтым разам Ўiнстан здзiвiўся, не паверыўшы вачам.

- Вы тут! - вымавiў ён.

Парсанс паглядзеў на яго. У позiрку не было нi цiкаўнасцi, нi здзiўлення, толькi пакута. Ён пачаў узрушана хадзiць па камеры, вiдавочна няздольны супакоiцца. Кожнага разу, як ён выпростваў свае пульхныя каленi, было вiдаць, як яны дрыжаць. Ён глядзеў, вытрашчыўшы вочы, нiбы разглядаў штосьцi недалёка ад яго, не могучы адарваць позiрку.

- А вас за што? - спытаўся Ўiнстан.

- Думзлачынства! - адказаў Парсанс, ледзь не плачучы.

У голасе ягоным чулiся адначасова i поўнае прызнанне сваёй вiны, i нейкi недаверлiвы жах, што гэткае слова магло стасавацца да яго. Ён спынiўся насупраць Ўiнстана i пачаў нецярплiва дапытвацца ў яго.

- Вы думаеце, яны заб'юць мяне? Як вы думаеце, га, стары? Яны ж не заб'юць, калi нiчога не зрабiў, а толькi падумаў незнарок? Я ведаю, яны ўважлiва мяне выслухаюць. О, тут я iм веру! Яны пабачаць, якая ў мяне рэпутацыя, праўда? Вы ж ведаеце, што я за чалавек. Па-свойму неблагi. Не вучоны, вядома ж, але заўзяты. Я стараўся аддаць усе свае сiлы Партыi, праўда ж? Я атрымаю гадоў пяць, як вы думаеце? Цi, можа, нават дзесяць? Такi, як я, можа вельмi прыдацца ў працоўным лагеры. Яны ж не заб'юць мяне толькi за тое, што я аднойчы сышоў з рэек?

- Вы вiнаваты? - спытаўся Ўiнстан.

- Вядома ж вiнаваты? - закрычаў Парсанс, дагодлiва зiрнуўшы на тэлегляд. Вы ж не думаеце, што Партыя будзе арыштоўваць бязвiнных людзей, праўда? - Яго жабiны твар паспакайнеў, на iм з'явiлася адценне крывадушнасцi. Думзлачынства - страшная рэч, стары, - сказаў ён павучальна. - Яно падступнае, яно можа звалiцца на цябе, што ты i ведаць не будзеш. Вы ведаеце, як я папаўся? Калi спаў? Так, праўда. Вось так я працаваў, аддаваў усяго сябе, выконваў свой абавязак - i нiколi не думаў, што нешта благое хаваецца ў маiх думках. I тады я пачаў гаварыць праз сон. I ведаеце, што я казаў?

Ён прыцiшыў голас, быццам быў змушаны дзеля медыцынскiх прычын сказаць нешта непрыстойнае.

- "Далоў Вялiкага Брата!" Так, я казаў гэта! Паўтараў зноў i зноў. Мiж намi кажучы, стары, я рады, што мяне ўзялi, пакуль справа не зайшла далей. Ведаеце, што я скажу iм, калi буду гаварыць перад трыбуналам? Я скажу: "Дзякуй. Дзякуй, што выратавалi мяне, пакуль не было занадта позна".

- Хто выдаў вас? - спытаўся Ўiнстан.

- Мая маленькая дачка, - адказаў Парсанс з нейкiм тужлiвым гонарам. - Яна слухала праз замочную шчылiну. Чула, што я сказаў, i данесла патрулю ў той самы дзень. Спрытна, як на сямiгадовую смаркачку, га? Я зусiм не сярдую на яе. Папраўдзе, я нават ганаруся ёю. Выходзiць, я выхаваў яе ў правiльным духу.

Ён яшчэ пахадзiў сюды-туды, кiнуўшы пару разоў прагны позiрк на ўнiтаз. Пасля раптам рэзкiм рухам сцягнуў шорты.

- Прабач мне, стары, - сказаў ён, - болей не магу. Столькi чакаў.

Ён плюхнуўся вялiзным азадкам на ўнiтаз. Ўiнстан закрыў твар рукамi.

- Смiт! - завiшчаў голас з тэлегляда. - 6079 Смiт У.! Адкрыць твар! Забараняецца закрываць твар у камеры!

Ўiнстан адкрыў твар. Парсанс пакарыстаўся ўнiтазам гучна i шчодра. Пасля выявiлася, што злiў не працуе, i яшчэ цэлыя гадзiны пасля таго ў камеры невыносна смярдзела.

Парсанса перавялi. Iншыя вязнi таямнiча з'яўлялiся i знiкалi. Аднаму з iх, жанчыне, прызначылi: "Пакой 101", i, як заўважыў Ўiнстан, яна сцялася i змянiлася з твару, пачуўшы гэтыя словы. Настаў час - калi яго прывезлi ранiцай, дык гэта быў бы вечар; калi яго прывезлi ўвечары, дык гэта была б поўнач. У камеры было шэсць вязняў, мужчын i жанчын. Усе сядзелi вельмi цiха. Насупраць Ўiнстана сядзеў чалавек з тварам без падбародка, з ашчэранымi зубамi, падобны да нейкага вялiкага i бяскрыўднага грызуна. Яго тоўстыя рабыя шчокi былi такiя абвiслыя, што цяжка было паверыць, што за iмi не хаваюцца прыпасы ежы. Яго шэрыя вочы пужлiва зiркалi то на адзiн твар, то на другi, i адразу адварочвалiся, як толькi сустракалiся з нечым позiркам.