1984 (на белорусском языке) - страница 69

Засталiся ў яго i iншыя ўспамiны. Яны паўставалi ў свядомасцi бязладна, як карцiны сярод суцэльнай цемры.

Ён быў у камеры, дзе магло быць i цёмна i светла, бо ён не мог бачыць нiчога, акрамя пары вачэй. Зусiм побач павольна i мерна цiкаў нейкi iнструмент. Вочы зрабiлiся большыя i святлейшыя. Раптам яго нiбы змыла з месца, ён нырнуў у вочы i патануў у iх.

Ён быў прывязаны да фатэля, вакол былi шматлiкiя датчыкi, у вочы бiла сляпучае святло. Чалавек у белым халаце правяраў паказаннi датчыкаў. З калiдора пачуўся тупат цяжкiх ботаў. Дзверы з бразгатам расчынiлiся. Увайшоў афiцэр з вайсковым тварам, за iм два ахоўнiкi.

- Пакой 101, - сказаў афiцэр.

Чалавек у белым халаце не павярнуўся. Ён болей не глядзеў на Ўiнстана, ён глядзеў цяпер толькi на датчыкi.

Ён кацiўся па вялiзным калiдоры, кiламетр ушыркi, поўным урачыстага залатога святла, рагочучы на ўсё горла i выкрыкваючы прызнаннi. Ён прызнаваўся ва ўсiм, нават у тым, пра што здолеў змаўчаць пад час катаванняў. Ён выкладаў усю гiсторыю свайго жыцця слухачам, якiя яе ўжо ведалi. Побач з iм былi ахоўнiкi, iншыя дапытнiкi, людзi ў белых халатах, О'Браэн, Джулiя, пан Чэрынгтан, i ўсе кацiлiся ўнiз па калiдоры з крыкам i смехам. Нешта жахлiвае, што хавалася ў будучынi, было нейкiм дзiвам абыдзена i не адбылося. Усё было цудоўна, болей не было болю, найдрабнейшыя дэталi яго жыцця былi цяпер адкрытыя, зразуметыя, дараваныя.

Ён падхапiўся з дашчанага ложка амаль упэўнены, што пачуў голас О'Браэна. Пад час усiх яго допытаў, хоць ён нiколi яго i не бачыў, ён заўсёды адчуваў, што О'Браэн недзе зусiм побач, яго толькi не вiдаць. Усiм кiраваў О'Браэн. Гэта ён прыставiў да Ўiнстана ахоўнiкаў i папярэдзiў, каб яны яго не забiвалi. Гэта ён вырашаў, калi Ўiнстану крычаць ад болю, калi яму адпачываць ад катаванняў, калi яго кармiць, калi яму спаць, калi яму калоць у руку лекi. Гэта ён ставiў пытаннi i падказваў адказы. Ён быў катам, ён быў абаронцам, ён быў iнквiзiтарам, ён быў сябрам. I аднойчы - Ўiнстан не памятаў, цi было гэта ў сне пасля ўколу, цi ў звычайным сне, цi на яве, - нейкi голас прашаптаў яму ў вуха: "Не хвалюйся, Ўiнстан; ты ў маiх руках. Сем гадоў я назiраў за табою. Цяпер настала вырашальная хвiля. Я ўратую цябе, я зраблю цябе дасканалым". Ён не быў пэўны, цi быў гэта голас О'Браэна; але гэта быў той самы голас, якi некалi сказаў яму: "Мы сустрэнемся там, дзе няма цемры", у тым iншым сне, сем гадоў таму.

Ён не памятаў, цi яго допыты нечым скончылiся. Была проста нейкая цемра, а пасля камера або пакой, у якiм ён цяпер знаходзiўся, паступова матэрыялiзавалася вакол яго. Ён ляжаў пластом на спiне, няздольны рухацца, ва ўсiх важных частках ягонае цела было прымацавана да ложка. Нават патылiца была неяк зацiснута. О'Браэн глядзеў на яго зверху ўнiз паважна i трохi смутна. Твар яго, бачаны знiзу, здаваўся грубым i стомленым, з мяшкамi пад вачмi i зморшчынамi ад носа да падбародка. Ён быў старэйшы, чым здавалася Ўiнстану; яму было гадоў сорак восем цi пяцьдзесят. Пад рукою ў яго была нейкая прылада са шкалой i рычагом зверху.

- Я казаў вам, - сказаў О'Браэн, - што калi мы i сустрэнемся яшчэ, дык толькi тут.

- Так, - адказаў Ўiнстан.

Зусiм нечакана, калi не лiчыць лёгкага руху рукi О'Браэна, хваля болю напоўнiла яго цела. Гэта быў страшэнны боль, бо ён не ведаў, што адбылося, адчуваў толькi, што яму нанеслi нейкую смяротную рану. Ён не ведаў, цi сапраўды яму нешта знявечылi, цi гэта быў толькi вынiк уздзеяння электрычнасцi, але ўсё цела ягонае нiбы вывернулася навыварат, усе суставы павольна разрывалiся. I хоць у яго на лбе выступiў пот ад болю, найгоршым, аднак, быў страх, што яго хрыбет зараз з хрустам разламаецца. Ён дрыжаў усiм целам i цяжка дыхаў праз нос, спрабуючы маўчаць як мага долей.

- Вы баiцёся, - сказаў О'Браэн, паглядзеўшы яму ў твар, - што зараз у вас нешта зламаецца. Асаблiва вы баiцёся за ваш хрыбет. Вы яскрава сабе ўяўляеце, як разрываюцца пазванкi i хрыбтовая вадкасць вылiваецца вонкi. Вы ж пра гэта думаеце, праўда, Ўiнстан?

Ўiнстан не адказаў. О'Браэн пацягнуў рычаг назад. Хваля болю сунялася гэтак жа хутка, як i ўзнiкла.

- Гэта было сорак, - сказаў О'Браэн. - Бачыце, лiчбы на шкале iдуць да ста. Запомнiце, калi ласка, на ўвесь час нашай размовы, што я магу спрычынiць вам боль у любую хвiлiну i з любою сiлай. Калi вы будзеце манiць, або паспрабуеце неяк ухiлiцца, або проста будзеце дурнейшы, чым вы ёсць, вы адразу закрычыце ад болю. Зразумелi?

- Так, - адказаў Ўiнстан.

О'Браэн палагаднеў. Ён старанна паправiў акуляры i зрабiў пару крокаў сюды i туды. Калi ён гаварыў, голас ягоны гучаў мякка i цярплiва. Ён быў падобны да доктара, настаўнiка i нават святара, якi хоча растлумачыць i пераканаць, а не пакараць.

- Я гэтак клапачуся пра вас, Ўiнстан, - сказаў ён, - бо вы вартыя клопату. Вы цудоўна ведаеце, што з вамi. Вы ведалi гэта на працягу гадоў, i ўсе гэтыя гады вы змагалiся супраць гэтага ведання. Ваш розум не ў парадку. У вас пашкоджана памяць. Вы няздольныя памятаць пра рэальныя падзеi, i ў той самы час вы пераконваеце сябе, што памятаеце пра тое, чаго нiколi не было. На шчасце, гэта можна вылечыць. Вы нiколi не лячылiся, бо не хацелi. Вы не былi гатовыя зрабiць невялiчкае намаганне волi. Нават цяпер, я бачу, вы чапляецеся за сваю хваробу, думаючы, што яна ўяўляе сабой маральную вартасць. Ну, вось вам прыклад. З якой краiнай у дадзены момант ваюе Акiянiя?

- Калi мяне арыштавалi, Акiянiя ваявала з Усходазiяй.

- З Усходазiяй. Добра. I Акiянiя заўсёды ваявала з Усходазiяй, праўда?

Ўiнстан уздыхнуў. Ён раскрыў рот, каб сказаць, i не сказаў. Ён не мог адвесцi вачэй ад шкалы з лiчбамi.

- Калi ласка, праўду, Ўiнстан. Вашу праўду. Скажыце мне, што вы памятаеце.

- Я памятаю, што яшчэ толькi за тыдзень перад тым, як мяне арыштавалi, мы ваявалi зусiм не з Усходазiяй. Мы былi саюзнiкамi з iмi. Вайна была з Эўразiяй. Яна цягнулася чатыры гады. А перад тым...