Каханак Вялікай Мядзведзіцы - страница 74
Адкрываю вочы. Мяне асляпляе прамень святла кішэннага ліхтарыка. Праз хвіліну заўважаю ў пакоі некалькі паліцыянтаў. У руках трымаюць рэвальверы.
У той жа момант да мяне вяртаецца прытомнасць. «Зброя ляжыць у бакавой кішэні курткі. А дзе куртка? Зрэшты, мне нельга абараняцца!»
— Імя і прозвішча? — пытаецца той самы службісцкі голас.
— Антон Пятроўскі.
Зузя хіхоча.
— А пан Уладзік жартаўнік. Ён, пан начальнік, яшчэ не працверазіўся. Пагуляў сабе хлопчык… Хэ! Хэ! Хэ!
Яна мне агідная. Зразумеў, што гэта Зузя мяне засыпала.
— Апранайся!
Вылажу з ложка і павольна пачынаю апранацца. Увесь час знаходжуся ў святле ліхтарыка, але гэта мяне не кранае. Зрабіўся да ўсяго абыякавы.
— Пагуляў кавалер! — чую сіпаты бас, які даходзіць да маіх вушэй нібы здалёк.
Нехта смяецца. Зузя лісліва падтрымлівае.
* * *
Пасля на запясцях рук адчуваю халодную сталь кайданаў.
«Здарылася нешта вельмі важнае! Але што? Што?»
Выходзім у сенцы. Рулі рэвальвераў чуйна сочаць за мной. Лашчаць праменні ліхтарыкаў.
— У мяне заўсёды парадак, пан начальнік… — чую ззаду шэпт Зузі.
Ідзём вуліцамі. Месяц пырскае смехам. Сняжынкі весела гуляюць у паветры.
Абмінаем двух мужчын з кіямі ў руках. Начная варта.
Мяне адвялі ў камісарыят.
Назаўтра допыт. Пратакол.
На вочную стаўку прыводзяць Альфрэда, Альфонса і Альбіна Алінчукоў.
— Ведаеш яго? — запыталіся ў Альфрэда.
— А як жа, ведаю! — з’едліва пасміхаецца перамытнік.
— Ён цябе падстрэліў?
— Ён. Заступіў нам дарогу і пачаў страляць. Хацеў абрабаваць!
Браты Алінчукі з дакладнасцю паўтараюць яго словы. He перабіваю. Хай гавораць, што хочуць! Усё гэта глупства ў параўнанні з тым…
Потым пытаюцца ў мяне. Расказваю ўсё, што казаў перад гэтым. Дакладна апавядаю пра ўсё здарэнне. Прыгадваю новыя падрабязнасці. Але бачу ўсмешкі і недаверлівыя позіркі. He вераць мне. Тады я зусім перастаю адказваць на іх пытанні.
На чацвёрты дзень майго арышту, у пяць гадзін пасля палудня, выязджаем з Ракава ў Івянец да следчага. Едзем у санях. Я ўціснуўся ззаду на сядзенні паміж двума паліцыянтамі.
З Рынка едзем на Слабаду. Мінаем Трафідаву хату. Гляджу ў вокны. Здалося, што бачу за шыбай нечы твар. Можа, Янінкі?
Уз’язджаем на мост. Колькі разоў я праходзіў тут адзін і разам з хлопцамі. А зараз!
Памалу змяркаецца. Цісне моцны мароз. Кайданы марозяць запясці, таму засоўваю далоні глыбока ў рукавы. У паветры круцяцца дробныя аплаткі снегу і ствараюць рухавую, зіхоткую фіранку, з-за якой краявід выглядае асабліва чароўна.
Абапал дарогі стаяць дрэвы. Яны трымаюць на галінах цяжкае пакрывала са снегу. Разам з трактам удалячынь бягуць тэлефонныя слупы. Чую іх манатоннае, з нейкай вібрацыяй, гучанне.
Паліцыянты вымаюць папяросы, закурваюць самі і частуюць мяне. Адмаўляюся.
— Пан не курыць? — пытаецца адзін з іх.
— Куру… але свае.
— Слушна! — кажа другі.
Фурман паганяе каня, аднак кляча марудна члапае і толькі тады прыспешвае крокі, калі чуе ў паветры посвіст пугі.
З усходу дзьме пранізлівы халодны вецер. У мяне замярзае левая шчака і вуха. Вымаю з рукавоў далоні і з цяжкасцю настаўляю каўнер курткі.
Снег падае ўсё радзей і нарэшце зусім перастае. На небе з’яўляюцца зоркі. Месяц старанна пнецца ўгару: паважны, задуменны, ён не звяртае на нас увагу.
У галаве пралятае шмат розных думак… Мільгаюць, не звязваюцца, імчаць хутка, бясформенна. Мяне агортвае абыякавасць да ўсяго.
Паліцыянты размаўляюць. Кажуць пра нейкія падвышкі на сем’і, пра дзяцей. Часта перапыняюць размову. У нейкі момант адзін з іх кажа другому:
— Ведаеш Сашку Вэбліна?
— Ведаю. Брат той чарнулі. Як яе імя?
— Фэля.
— Правільна! Ну, і што ён?..
— Застрэлілі яго на паграніччы.
— Хто застрэліў?
— Невядома. Жывіца прызнаўся, што вёз яго з Рубяжэвіч да Ракава і непадалёку ад Волмы нехта выстраліў у іх з лесу і трапіў у Вэбліна.
Пачынаю ўважліва прыслухоўвацца, хоць раблю выгляд, што іх размова мяне зусім не цікавіць.
— Магчыма, мелі нейкія рахункі?
— Д’яблы іх ведаюць!.. Хоць Сашку Вэбліна ўсе і любілі, але мог мець і ворагаў… Здаецца, Жывіца штось скруціў з тым падстрэлам… Ён учора сабе ў лоб пальнуў.
— Хто? Жывіца?
— Так.
— Што гэта ён?..
— Па п’янцы нешта яму ў галаву цюкнула… Учора хавалі Вэбліна, а потым яго сястра зрабіла хаўтуры. Ну, скарыстаў з нагоды: напіўся і пайшоў увечары дахаты, а на Рынку пальнуў сабе з парабелума ў рот.
Пачуўшы гэта, я проста здранцвеў ад уражання.
— А можа, ён памачыў пальцы ў тым… стрэле і пабаяўся адказнасці? Што?
— Усё можа быць… Справа цёмная. Сам д’ябал з тым не разбярэцца. Гэты таксама за падстрэл арыштаваны, — паліцыянт кіўнуў галавой у мой бок.
З іх папярэдняй размовы я ведаў, што другі паліцыянт толькі сёння вярнуўся з адпачынку і не ў курсе местачковых навін. Таму зараз ён трасе маю руку і пытае:
— Э… спадар!.. За што спадар яго падстрэліў?
— Каго?
— Ну, гэтага…
— Алінчука, — дадае другі паліцыянт.
— За тое, што ён дзярмо!
Паліцыянты шматзначна пераміргваюцца: добрая птушачка! Пасля зноў закурылі папяросы.
«Дык Жывіцы няма! Застрэліўся!» — усцяж круціцца ў маёй галаве.
Неспадзявана ахоплівае нясцерпнае жаданне даведацца пра ўсё. He магу паверыць у тое, што Жывіца застрэліўся. Гэта не месціцца ў маёй галаве. Тут нешта не так… Можа, ёсць яшчэ адзін Жывіца?
У адну хвіліну прыходзіць цвёрдае рашэнне: мушу ўцячы і пайсці туды! Павінен!..