Вартаўнік (Кольцы Одры) - страница 4

– І …ты сам хочаш у тунель?

— Так…

— А мне ты даверыш сачыць за ўсім гэтым і праз колькі часу выдраць цябе назад?

— Так… уключыць і сачыць…

Вы б спрачаліся з Ільёй? Я таксама не стаў.

На падрыхтоўку мы патрацілі не так і шмат часу — тэхнічных змен у кіраванні кольцамі было мала.

Ілья быў бледны, калі станавіўся ў круг.

— Прывітанне ёй там перадай, — сказаў я.

— Так, так… Я усё ёй раскажу.

Я адышоў да ноўтбука, запусціў праграму, напісаную Ільёй.

Такім чынам, ён павінен быў апынуцца ў той самы дзень на тым самім берагу. У гэтай кропцы я павінен выставіць хуткасць роўную хуткасці святла. Ілья сказаў, што яму хопіць пяці хвілін. Пасля гэтага мне трэба змяніць накірунак на зваротны, задаць максімум і выключыць усё гэтую чортаву штуку ў разлічаны час.

Мінула амаль чатыры гадзіны. Разліковая кропка. Я скінуў хуткасць да светлавой.

Зараз чакаем пяць хвілін.

І тут на маніторы з'явіўся надпіс: "Праграма выканана паспяхова. Рэжым падтрымкі"

Я няўцямна чытаў тэкст, што пабег ніжэй:

"Прабач, дружа — я зманіў табе: усё было пралічана мной сотню разоў: зваротны пераход з хвалевай у фізічную форму жыцця пакуль немагчымы. Я застаюся тут. Не спрабуй мяне выцягнуць: ты вернеш труп, калі вернеш. Але без разліковых праграмных дадзеных (а іх няма, праграма іх не лічыла), ты, вяртаючы мяне назад, прамахнешся абавязкова ў адлегласці. І мой труп апынецца альбо ў тоўшчы зямлі, альбо ў космасе. Я застаюся тут. Не забівай мяне. Ты сам разумееш, што я буду жыць, пакуль працуюць кольцы Одры. Прашу цябе: нагледзь за імі. Хоць колькі часу… Усё, што я магу зрабіць для цябе — зраблю: я абавязкова скажу Одры, што ты яе таксама кахаеш".

Эпілог

У мяне цяпер адзін занятак: завесці генератар, адключыць яго пасля 8 гадзін працы і даць ноўтбуку разрадзіць свае акумулятары. Потым я ізноў заводжу генератар. І так — з дня ў дзень. Ужо некалькі месяцаў. У мяне адна мэта, адзін сэнс, і ўсё маё жыццё ў гэтым ноўтбуку, які не можа быць спынены…

Нельга забіваць сябра, нават калі ён, а не ты, з той, каго ты кахаеш.