Каменная ноч - страница 18
Ён ляжыць і маўчыць. Магчыма, Злы ў нечым мае рацыю, а магчыма, і не. У любым выпадку ў Яго ўжо няма імпэту спрачацца. Ён вельмі стомлены, але шэраг эмоцый ад узлаванасці да неверагоднай крыўды і суму, якія Ён адчуў за гэтую ноч, не дазваляюць заснуць. Ён узяў плэер, лёг на свой няўтульны ложак, уставіў навушнікі і ўключыў музыку. Яму хацелася нават не столькі музыкі, колькі адпачыць ад гэтай непрадуктыўнай размовы, ад Злога і ад Добрага. Аднак неўзабаве Ён загаварыў першым:
— Joy Division — адзін з маіх улюбёных музычных гуртоў... А большасць знаёмых нават не ведае, што гэта такое... Мне няма з кім паразмаўляць нават на побытавыя тэмы кшталту любімай музыкі, кніг, фільмаў... Што ўжо казаць пра больш сур’ёзныя рэчы?..
Яму зноў адказаў Злы:
— У кожнага свой густ. Не бачу тут нічога кепскага. Ды і хто табе не дазваляе знайці новых знаёмых па інтарэсах?.. Зноў жа, твой выбар... А ўвогуле, калі ў людзей розныя схільнасці ў мастацтве, гэта абсалютна не азначае, што яны не змогуць паразмаўляць на больш сур’ёзныя тэмы. Гэта відавочна...
— Нікому з тых, каго я ведаю, няма да мяне справы...
— А хіба табе ёсць справа да іх?
У плэеры зайграла песня The Doors «The End». Пад павольны псіхадэлічны рытм Ён пачаў засынаць. Ужо ў дрымоце пачуў Ён знаёмыя словы песні, якую апошнім часам слухаў вельмі часта і амаль вывучыў на памяць: «This is the end, beautiful friend... This is the end, my only friend, the end... Of our elaborate plans, the end... Of everything that stands, the end... No safety or surprise, the end...»
Раптоўна стала неяк усё роўна. Фактары, якія стрымлівалі Яго раней, быццам бы страцілі сваё значэнне. Яны застаюцца, аднак Ён ужо па-над імі. Раптоўна вера якая давала моц пачынаць новы дзень, знікла. У гэты час Ён задумаўся: а ці была яна ўвогуле? Злы, як заўжды спакойна і разважна, але вельмі ўпарта, паўтараў Яму на вуха, што ўсё гэта было толькі самападманам. Ён не верыў Злому, аднак спрабаваў разабрацца: а мо і праўда? Мо і праўда ўвесь гэты час Ён не верыў па-сапраўднаму?
НОЧ АДЗІНАЦЦАТАЯ
У цябе было нейкае ўяўленне пра жыццё, была нейкая вера, нейкая задача, ты быў гатовы да подзвігаў, пакутаў і ахвяраў — а потым паступова заўважыў, што свет не вымагае ад цябе ніякіх подзвігаў, ахвяраў і ўсяго такога, што жыццё — гэта не велічная паэма з гераічнымі ролямі і ўсякім такім, а мяшчанскі пакой, дзе задавальняюцца ежай і пітвом...
Г. ГЕСЭ
Ці, дакладней, верыў не па-сапраўднаму?.. Увогуле, Ён цяпер не хацеў чуць ні Злога, ні Добрага, таму і заглушаў іх белым шумам уласных думак.
Думкі блыталіся і быццам бы зліпаліся ў Яго галаве, перамешваліся і раствараліся адна ў адной. Цяжка было з усёй гэтай мешаніны вылучыць нешта адно — цэласнае і яснае. Пры тым Ён разумеў, што, магчыма, трэба супакоіцца, раскласці ўсё па палічках, падумаць. Але для гэтага патрэбны час і спакой, чаго Яму бракавала. Было зразумела, што ў дадзены момант зрабіць задуманае немагчыма — лепш адкласці на раніцу, на новы дзень. Але гэта было апафеозам абсурду, бо новы дзень прынясе шмат новых праблем, а большая частка таго, што ёсць у Яго галаве цяпер, на той момант канчаткова зліпнецца ў кавалак бруду, з якога нельга будзе ўзяць абсалютна нічога. Тады давядзецца ўсё адкласці да чарговай ночы — і кола замкнецца. Марная трата часу. Ён згубіў на гэта ўжо безліч гадоў і так ні да чаго не прыйшоў. Было б бессэнсоўна яшчэ раз наступаць на тыя ж граблі, марнаваць яшчэ нейкую колькасць дзён і начэй.
Трэба было зрабіць неабходнае — пакласці канец бессэнсоўнаму кругавароту. Гэта было навідавоку: як тое, што смецце трэба выкідаць, непатрэбнае — аддаваць, музыку, якую не слухаеш — выдаляць з плэйліста. Аднак нават на такім бытавым узроўні заўжды ўзнікалі сумненні. Па-першае, не хацелася б страчваць сваё — нават калі яно сто гадоў было непатрэбным і яшчэ столькі ж ім будзе. Па-другое, заўжды ўзнікала думка: а што, калі аднойчы спатрэбіцца? І праз гэта, нават на бытавым узроўні, усе пытанні наконт яўнай непатрэбшчыны адкладваліся на «потым». Часта Ён так і думаў: «калі-небудзь разбяру ўвесь гэты бардак, потым выкіну ўсё непатрэбнае»; «калі-небудзь гэтае непатрэбнае спатрэбіцца»; «калі-небудзь дараблю тое, што не скончыў»; «калі-небудзь захачу паслухаць музыку, якая мне ніколі не падабалася»... І ў такія часы Ён пакідаў усё так, як ёсць.
Аднак цяпер Ён вырашыў дзейнічаць. Спраў, адкладзеных на «потым» і на «калі-небудзь», назбіралася ўжо столькі, што толькі на разгляд іх патрабавалася, напэўна, яшчэ адно жыццё. А на рэалізацыю — некалькі жыццяў. І натуральна, у працэсе з’яўляліся б новыя і новыя справы — тупіковая сітуацыя. Бо паўстаў бы выбар: дарабіць тое, што пачаў, ці разабрацца спачатку з тым, што ўзнікла падчас гэтай працы. Так ці інакш, адну з гэтых спраў зноў трэба было б пакідаць на «потым». Такая парадыгма давала ўяўленне пра бясконцасць і, адначасова, бессэнсоўнасць гэтай бясконцасці. Карацей кажучы, цяпер Ён вырашыў дзейнічаць — пакласці канец усяму адным махам. Ён зразумеў, што шкадаваць усё гэта, ва ўсякім разе ў Яго выпадку, — тое ж самае, што шкадаваць непатрэбную і нецікавую працу, адкладзеную на «потым»... Быццам сам сабе аднойчы даў слова, што «калі-небудзь потым» разбярэцца з непатрэбнымі справамі і атрымае пэўны сэнс, дзеля якога трэба ўставаць кожную раніцу. Г этаму цяпер быў роўны сэнс усяго Яго жыцця: тайным абяцанням разабрацца «калі-небудзь потым» з тым, што ніколі нікому не спатрэбіцца. Нават самі справы, з якімі быццам бы трэба было разбірацца, не мелі ніякай вартасці, аднак вось неабходнасць пазбавіцца гэтага штучнага грузу і была сэнсам. У той жа час тое, што Ён рабіў фактычна, было рэчаіснасцю, якая заставалася па-за ўвагай. Атрымлівалася, што ўсё рэальнае жыццё — пустэча, а вось існаванне нейкіх нявырашаных бессэнсоўных спраў — увесь сэнс. Тое, што Ён рабіў дзень за днём: зарабляў грошы, гатаваў ежу, камунікаваў з людзьмі, займаўся самаадукацыяй, слухаў музыку, чытаў кнігі, рамантаваў нешта — усё гэта было фонам, дэкарацыямі. А вось неабходнасць «калі-небудзь потым» упарадкаваць уласную дзіцячую калекцыю нейкага смецця, памяняць непатрэбную лямпачку на балконе, узяцца за выпраўленне здароўя, наладзіць адносіны з блізкімі, стаць добрым сем’янінам, завесці сабаку — усё гэта быццам было сэнсам жыцця.