Шкляны, алавяны, драўляны - страница 3

— Адкуль бы яму гэта ведаць? — здзівіўся кароль. — Вы амаль аднаго ўзросту, чаму ж ён памятае, а ты — не? Ён проста выдумляе, золатка.

— Але няўжо да нас ніхто не можа прыехаць?

— Я ж распавядаў табе. Няўжо не верыш роднаму бацьку?

— Можна мне пагуляць да вячэры? — спытала Бурштына.

— Добра, ідзі, — сказаў кароль і сышоў.

Бурштына накінула плашч, завязала валасы хусткай, каб іх ззянне не выдавала, дзе яна гуляе. Хоць — дзе б яна ні была, дзе б ні схавалася — яе ўсё адно высачаць, знойдуць, возьмуць за руку і прывядуць у гэты пакой з кратамі на вокнах.

Яна выйшла з замка. У калідорах ёй сустрэліся двое слуг — пакаёўка несла стос адпрасаваных прасцін, ды кухцік цягнуў на кухню поўныя вёдры вады. Абое яны, убачыўшы прынцэсу, адхіснуліся і паскорылі крок. Буршты­на ведала: яны баяцца. Усе слугі ў замку — акрамя Альмы і Чэса — баяцца прынцэсу, шэпчуцца пра яе. А яшчэ — за ёй пільна сочаць.

Садоўнік падразаў зарасці біручыны. Праходзячы міма, Бурштына адчувала на сабе яго погляд. Яна ведала, як гэты чалавек з’явіўся ў замку. Ён прыехаў з суботнім абозам і ў руках трымаў толькі маленькі чорны мяшэчак з насеннем. Гэта насенне баялася святла. На другі дзень садоўнік саджаў яго: з мяшка адразу ў ямку і засыпаў зямлёй, каб не патрапіў ніводны сонечны прамень. Праз дзень з’явіліся парасткі, а праз тыдзень па ўсім садзе і лесе да самай Глухой сцяны раслі высачэзныя, магутныя дрэвы з чорнай карой і прыгожым залатым лісцем. Дрэвы маглі размаўляць між сабой. А яшчэ яны забівалі. Забівалі ўсіх, хто пранікаў за Глухую сцяну і хацеў дабрацца да замка. Усё гэта Бурштыне распавёў Чэс, хоць яна не асабліва яму верыла.

***

Дзень нараджэння прабабулі адзначылі, як заўсёды, вельмі весела. Прабабуля сустракала гасцей у белым вярблюджым шалі, які прывёз з далёкіх краін прадзядуля. Кацяня, якое падарылі мама і тата, рудое і пушыстае, бегала пад сталом і шамацела абгортачнай паперай.

— Хаця б яму не было тут самотна, — сказала прабабуля. — Завяду яму сяброўку, напэўна.

— Навошта наогул трымаць у хаце жывёлу? — незадаволена прамовіла Вераніка. Яна не любіла котак, таму што ад іх на яе прыгожых чорных сукенках заставалася поўсць.

Ванда абрала момант, калі ўсе моўчкі жавалі за сталом, і гучна спыталася:

— Мама, распавядзі мне пра Якабіну!

Адразу стала яшчэ цішэй. Хтосьці выпусціў відэлец, які бразнуў па талерцы, і наступіла глыбокая цішыня. Усе дарослыя глядзелі на Ванду так, нібы яна сказала ці зрабіла штосьці непрыстойнае.

— Якабіна — гэта. — пачала мама і замоўкла, паглядзела на бабулю, а бабуля закрыла рот рукой і паглядзела на прабабулю.

— Хто такая Якабіна? — неўразумела спытаў Віктар.

— Адкуль ты ўзяла гэтае імя? — ласкава спытала прабабуля.

— З фатаграфіі, — ціха сказала Ванда. — Гэта была маміна сяброўка? Яна што, памерла ці з’ехала?

— Так, мы не бачылі Якабіну ўжо шмат гадоў, — сказала прабабуля.

Ванда хацела спытаць, куды з’ехала Якабіна, але тут унеслі торт — велізарны, казачна прыгожы, салодкі, духмяны, сталі яго рэзаць, падалі чай, і Ванда са здзіўленнем знайшла ў сваім кавалку торта — манетку.

— Манетка! У мяне! — закрычала яна.

— Загадвай жаданне, — сказала мама, а Коцік здзіўлена выклікнуў:

— І ў мяне таксама манетка!

— І ў мяне, — сказала бабуля.

— Што ты загадаў? — спытала Ванда шэптам.

— Сустрэць дзяўчынку, падобную да Якабіны. А ты?

— Каб у мяне з’явілася сястра. Бабуля, а ты што загадала?

Бабуля ўздыхнула.

— Я загадала тое, што ніколі не спраўдзіцца.

— Мы таксама, — сказаў Коцік.

Прабабуля паглядзела на іх і загадкава ўсміхнулася.

***

Лісахвост распушыў ярка-чырвоныя кветкі, багаткі выставілі калючкі, наровячы ўхапіцца за сукенку, ружовыя варонкі кветак амарыліса паварочваліся ўслед, нібы назіраючы. Лілеі струменілі горкі водар, ад аканітаў кружылася галава. Бурштына падумала, што садоўнік адмыслова разводзіць у садзе толькі атрутныя расліны ды кветкі з непрыемным водарам. Дзесьці недалёка соп сабака. Сонца ўжо зайшло, раз сабак спусцілі з ланцуга. Чэс кажа, што днём іх трымаюць у склепе без вокнаў — знарок, каб сабакі навучыліся бачыць у цемры.

Кусты алеандру расхінуліся, і перад Бурштынай з’явіўся Чэс.

— Гуляеш, прынцэса? — спытаў ён. — Хочаш збегчы?

— Куды? Ураган знішчыў усю зямлю, выратавалася толькі наша каралеўства, акружанае высокімі непраходнымі горамі. Куды бегчы?

— Ты сапраўды такая наіўная? — здзівіўся Чэс. — Верыш казкам татыкараля. Але скажы, калі ўсе загінулі ва ўрагане, каму тады патрэбна залатая парча з тваіх валасоў? Куды яе вязуць па начах?

— Я не жадаю цябе слухаць! — Бурштына адвярнулася і хутка пайшла ў глыбіню саду па дарожцы з чырвоных марскіх каменьчыкаў. Чэс пайшоў за ёй. Ён любіў дражніць яе, ставіць у тупік, прымушаў пакутліва думаць над тым, што адны словы не сыходзяцца з другімі, а дзве праўды быць не можа.

— Калі ўсё знішчыў ураган, адкуль да нас прывозяць віно, вустрыцы, чырвонае дрэва, жэмчуг і шаўковую тканіну? — спытаў Чэс, заступаючы ёй дарогу. — Ты хоць раз выходзіла за зялёную садовую брамку, да чорных дрэў, туды, дзе брэшуць сабакі?

— Не. Я і так ведаю, што там: Глухая сцяна, горы, а за імі пустэча, мёртвая зямля.

— Усё не так, колькі разоў табе паўтараць! Гэта звычайная каменная сцяна, абтыканая аскепкамі шкла. А за сцяной цягнецца далей наша каралеўства. Зялёная трава, рамонкі, раўчукі. Дрэвы, якія не засланяюць сонца. А яшчэ далей — мяжа, і пачынаюцца іншыя землі, далёкія краіны, караблі і палацы, даліны і азёры.