1984 (на белорусском языке) - страница 28
- Тут няма тэлегляда! - мiмаволi прашаптаў ён.
- О, - сказаў стары. - У мяне нiколi не было такiх рэчаў. Занадта дорага. Ды я, напэўна, i не адчуваў нiколi такой патрэбы. Унь там у куце цудоўны складны столiк. Трэба толькi паставiць новыя завесы, тады ён будзе добра раскладацца.
У другiм куце стаяла маленькая кнiжная палiчка, i Ўiнстана мiжволi пацягнула да яе. Але на ёй не было нiчога, апроч рознай нявартай драбязы. Вышукванне i знiшчэнне кнiг у пролаўскiх кварталах праводзiлася гэтак жа грунтоўна, як i ў iншых месцах. Наўрад цi дзе ў Акiянii захаваўся хоць адзiн асобнiк кнiгi, выдрукаванай да 1960 года. Усё яшчэ трымаючы ў руцэ лямпу, стары стаяў перад карцiнай у палiсандравай раме, што вiсела па другi бок ад камiна, насупраць ложка.
- Можа, вас выпадкам цiкавяць старыя гравюры... - асцярожна пачаў ён.
Ўiнстан падышоў блiжэй, каб лепш разгледзець карцiны. Гэта была гравюра на сталi, на якой была авальная пабудова з прастакутнымi вокнамi i маленькай вежачкай пасярэдзiне. Вакол будынка iшла сталёвая агароджа, а на заднiм плане стаяла нешта падобнае да статуi. Ўiнстан на некалькi iмгненняў затрымаў позiрк на карцiне. Яна чамусьцi здалася яму знаёмай, хоць статую ён пазнаць не мог.
- Рама прымацаваная да сцяны, - сказаў стары. - Але я магу яе адкруцiць для вас, калi дазволiце.
- Я ведаю гэты будынак, - сказаў урэшце Ўiнстан. - Цяпер там руiны. Пасярод вулiцы, уздоўж Палаца Справядлiвасцi.
- Менавiта так. Каля Вялiкага судовага двара. Будынак быў разбураны бомбай у... - а, шмат гадоў таму. Калiсьцi гэта была царква. Яна звалася царквой Святога Клемана, - ён вiнавата ўсмiхнуўся, быццам адчуваў, што кажа нешта смешнае, i дадаў: "Апельсiны, лiмоны, бананы - б'юць званы ў Святога Клемана..."
- Што гэта? - спытаўся Ўiнстан.
- Ат... "Апельсiны, лiмоны, бананы - б'юць званы ў Святога Клемана". У нас быў такi вершык, як я быў маленькiм хлопчыкам. Як там далей - я ўжо не памятаю. Ведаю толькi, што канчаецца яна так:
Вось i свечка, - каб спаткi давесцi,
Вось сякера - галованьку знесцi.
Гэта было нешта накшталт таночка. Дзецi трымалi рукi, паднятыя ўгару, каб можна было прайсцi пад iмi, а калi даходзiла да:
Вось сякера - галованьку знесцi,
рукi апускалiся i некага хапалi. У вершыку былi назвы цэркваў. Там былi ўсе лонданскiя цэрквы - усе самыя вядомыя.
Ўiнстан падумаў, у якiм стагоддзi магла быць пабудавана гэтая царква. Было заўсёды вельмi цяжка вызначыць век якога-небудзь лонданскага будынка. Усё вялiкае i значнае, калi хоць трохi выглядала новым, аўтаматычна залiчвалася да новабудоваў Рэвалюцыi, тым часам як усё, што вiдавочна адносiлася да ранейшых часоў, прыпiсвалася цёмнай i няяснай эпосе, што звычайна вызначалася як Сярэднявечча. Усё выстаўлялася так, быццам стагоддзi капiталiзму не прынеслi нiчога, што б мела хоць найменшую вартасць. Архiтэктура магла паведамiць пра гiсторыю гэтак жа мала, як i кнiгi. Статуi, надпiсы, помнiкi, назвы вулiц усё, што магло пралiць святло на мiнуўшчыну, сiстэматычна зменьвалася.
- Я i не ведаў, што гэта была царква, - сказаў Ўiнстан.
- Дык жа iх яшчэ багата засталося, - сказаў стары, - праўда, яны цяпер выкарыстоўваюцца з iншымi мэтамi. Як жа ж там было далей у тым вершыку? А, вось:
Апельсiны, лiмоны, бананы - б'юць званы ў Святога Клемана,
Ты тры фартынгi даць мне павiнны - б'юць званы ў Святога Марцiна.
Вось усё, што памятаю. Фартынг - гэта была такая маленькая медная манетка, падобная да цэнта.
- А дзе была царква Святога Марцiна? - спытаўся Ўiнстан.
- Святога Марцiна? Яна яшчэ стаiць. На плошчы Перамогi, насупраць карцiннай галерэi. Будынак з гэткiм трохкутным порцiкам, спераду - калоны i вялiкiя шырокiя сходы.
Ўiнстан добра ведаў гэты будынак. Гэта быў музей, дзе выстаўлялiся разнастайныя прапагандысцкiя матэрыялы: паменшаныя мадэлi ракетных бомбаў, Плывучых Крэпасцяў, васковых копiй зверстваў ворагаў i гэтак далей.
- Яе звычайна называлi царквой Святога Марцiна ў палях, - дадаў стары, хоць я i не памятаю пра нейкiя палi на тым месцы.
Ўiнстан не купiў карцiны. Мець яе было б яшчэ больш недарэчна, чым шкляное прэс-пап'е, да таго ж яе немагчыма было занесцi дадому, хiба толькi дастаўшы з рамы. Але ён застаўся яшчэ на некалькi хвiлiн, каб пагаварыць са старым, якi, зрэшты, зваўся не Ўiкс, як сведчыў надпiс на шыльдзе, а Чэрынгтан. Выявiлася, што пан Чэрынгтан быў удавец шасцiдзесяцi трох гадоў i ўжо больш за трыццаць гадоў жыў у гэтай краме. Увесь гэты час ён збiраўся памяняць шыльду, але да гэтага так i не дайшло. Пад час гаворкi ў Ўiнстана з галавы нiяк не выходзiў дзiцячы вершык: "Апельсiны, лiмоны, бананы - б'юць званы ў Святога Клемана. Ты тры фартынгi даць мне павiнны - б'юць званы ў Святога Марцiна". Дзiўна, што, калi ён вымаўляў гэта, яму здавалася, што ён сапраўды чуе званы, званы даўно забытага, знiклага назаўсёды Лондана, якi ўсё ж сям-там перакручаны, перароблены i забыты iснаваў. Яму чулiся званы то адной прывiднай званiцы, то другой. Аднак, наколькi ён мог помнiць, ён нiколi ў жыццi не чуў царкоўных званоў.
Ён развiтаўся з панам Чэрынгтанам i спусцiўся па сходах адзiн, каб стары не заўважыў, што, перш чым выйсцi, ён кiнуў дапытлiвы позiрк на вулiцу. У душы ён ужо вырашыў, што, счакаўшы нейкi час, - можа, праз месяц, ён возьме на сябе рызыку i яшчэ раз наведае краму. Гэта было, напэўна, не больш небяспечна, чым прапусцiць вечар у Доме Культуры. Уласна кажучы, незвычайнай адвагай было ўжо тое, што ён зноў прыйшоў сюды пасля таго, як купiў дзённiк, не ведаючы, цi можна давяраць гаспадару крамы. Але хай ужо будзе, што будзе!..
Так, зноў падумаў ён, ён прыйдзе сюды зноў. Ён купiць яшчэ штосьцi з той прыгожай драбязы. Ён купiць гравюру з царквой Святога Клемента, дастане яе з рамы i прынясе дадому, схаваўшы пад блузай камбiнезона. А яшчэ ён дапытаецца ад пана Чэрынгтана астатнiх радкоў гэтага вершыка. Нават вар'яцкi план наняць пакой на верхнiм паверсе зноў на нейкi момант мiльгануў у ягоных думках. На нейкiя пяць секунд праз радаснае захапленне ён забыўся пра асцярожнасць i выйшаў на вулiцу, нават не паглядзеўшы спярша дзеля засцярогi праз акно. Ён нават пачаў напяваць на адвольны матыў: