1984 (на белорусском языке) - страница 29

Апельсiны, лiмоны, бананы - б'юць званы ў Святога Клемана.

Ты тры фартынгi даць мне павiнны - б'юць званы...

Раптам яго сэрца скамянела i ў яго пахаладзела ў жываце. Постаць у сiнiм камбiнезоне iшла па бруку за нейкiя дзесяць метраў ад яго. Гэта была дзяўчына з аддзела мастацкай лiтаратуры, дзяўчына з цёмнымi валасамi. Асвятленне было дрэннае, але ён адразу яе пазнаў. Яна зiрнула яму проста ў твар i пайшла хуткiм крокам далей, быццам не заўважыла яго.

Колькi секунд Ўiнстан стаяў аслупянелы i не мог скрануцца з месца. Тады ён павярнуўся направа i рэзка рвануў наперад, не заўважыўшы ў першы момант, што iдзе ў другi бок. Ва ўсялякiм разе адно было пэўнае. Не было болей нiякага сумнення, што дзяўчына сочыць за iм. Напэўна, яна iшла за iм, бо нельга было паверыць, што яна зусiм выпадкова прайшла тым самым вечарам па тым самым цёмным завулку, за кiламетры ад кварталаў, дзе жылi сябры Партыi. Гэта было б занадта вялiкае супадзенне. Была яна сапраўды агентам Палiцыi Думак або толькi вiжом-аматарам, натхнёным празмернай службовай рупнасцю, - гэта было ўжо не так важна. Дастаткова было, што яна сачыла за iм. Напэўна, яна бачыла i тое, як ён увайшоў у шынок.

Яму стала цяжка iсцi. Шкляны прадмет у кiшэнi бiў з кожным крокам яго па сцягне, i ён ужо быў гатовы дастаць яго i выкiнуць. Але больш ён пакутаваў ад болю ў жываце. На нейкi момант ён адчуў, што зараз памрэ, калi хутка не знойдзе прыбiральнi. Але ў гэткiх кварталах, напэўна, не было нiякiх грамадскiх прыбiральняў. Аднак сутаргi прайшлi, i застаўся толькi тупы боль.

Вулiца канчалася тупiком. Ўiнстан спынiўся i на колькi секундаў нерашуча задумаўся, не ведаючы, што рабiць. Пасля ён павярнуўся i пайшоў назад. Павярнуўшыся, ён падумаў, што дзяўчына прайшла ўсяго нейкiя тры хвiлiны таму, i калi ён пабяжыць, дык хутка яе дагонiць. Ён мог iсцi за ёй, пакуль яна не зойдзе ў якую-небудзь цiхую мясцiну, а тады разбiць ёй чэрап каменем з бруку. Шкляны прадмет у кiшэнi быў дастаткова цяжкi для гэтага. Але ён адразу адкiнуў гэтую iдэю, бо адна толькi думка пра хоць якое фiзiчнае напружанне была яму нясцерпная. Ён не мог бегчы, ён не мог ударыць. Апроч гэтага, яна была маладая i дужая i напэўна стала б абараняцца. Ён падумаў, што можна было яшчэ паспець у Дом Культуры i застацца там да закрыцця, каб забяспечыць сабе хоць частковае алiбi на вечар. Але i гэта было немагчыма. Iм азалодала смяротная знямога. Ён хацеў толькi дайсцi дадому, сесцi i адпачыць.

Калi ён дабраўся да кватэры, было ўжо за дваццаць другую гадзiну. У дваццаць тры трыццаць адключыцца электрычнасць. Ён пайшоў на кухню i праглынуў амаль поўны кубак джыну "Перамога". Пасля падышоў да стала ў нiшы, сеў i выцягнуў дзённiк з шуфляды. Але разгарнуў яго не адразу. З тэлегляда металiчны жаночы голас вiшчаў патрыятычную песню. Ён так i сядзеў, няўцямна пазiраў на мармуровую вокладку, марна спрабуючы выключыць са свядомасцi гэты голас.

Яны забiралi ўначы, заўсёды ўначы. Лепш за ўсё было забiць сябе, перш чым яны прыйдуць. Без сумнення, некаторыя так i рабiлi. Шмат выпадкаў знiкнення былi ў сапраўднасцi самагубствамi. Але патрэбная была адчайдушная адвага, каб забiць сябе ў гэтым свеце, дзе цалкам немагчыма было дастаць пальную зброю цi хуткадзейную атруту. Ён са здзiўленнем думаў пра бiялагiчную непатрэбнасць болю i страху, пра здрадлiвасць чалавечага цела, якое робiцца слабым менавiта ў той момант, калi ад яго патрабуецца асаблiвае напружанне. Ён прымусiў бы чорнавалосую дзяўчыну замаўчаць, калi б толькi дзейнiчаў дастаткова энергiчна, але менавiта з-за сур'ёзнасцi небяспекi, што пагражала яму, ён страцiў здольнасць дзейнiчаць. Яму прыйшла ў галаву думка, што ў хвiлiны найвялiкшай небяспекi даводзiцца змагацца не з ворагам звонку, а выключна з сваiм целам. Нават цяпер, нягледзячы на джын, глухi нудлiвы боль у жываце рабiў немагчымымi складаныя развагi. I ва ўсiх гераiчных або трагiчных выпадках адбываецца тое самае. На полi бiтвы, у катавальнай камеры, на караблi, што iдзе на дно, тое, за што змагаешся, заўсёды забываецца, а цела цiснецца наперад, пакуль не запаўняе сабой увесь сусвет. I нават тады, калi цела не дранцвее ад страху, калi не даводзiцца крычаць ад болю, жыццё ўсё адно заўсёды застанецца штохвiлiнным змаганнем з голадам цi холадам, бяссоннiцай, сапсаваным страўнiкам або хворым зубам.

Ён разгарнуў дзённiк. Цяпер было вельмi важна што-небудзь запiсаць. Жанчына ў тэлеглядзе завяла новую песню. Яе голас, здавалася, раздзiраў ягоны мозг, як асколак шкла з вострымi краямi. Ён паспрабаваў думаць пра О'Браэна, дзеля якога, якому ён пiсаў свой дзённiк, але замест гэтага пачаў уяўляць сабе тое, што адбудзецца з iм, калi яго арыштуе Палiцыя Думак. Было б не так ужо i дрэнна, калi б яго адразу забiлi. Смерцi так цi так чакаеш. Але перад смерцю (нiхто пра такiя рэчы не гаварыў, але ўсе гэта ведалi) спярша адбывалася непазбежнае выцягненне прызнанняў: поўзанне на падлозе, маленне аб лiтасцi, трэск ламаных касцей, выбiтыя зубы i скрываўленыя пасмы валасоў. Чаму прыходзiлася зносiць усё гэта, калi канец заўсёды быў аднолькавы? Чаму нельга было проста выкасаваць пару дзён або тыдняў з жыцця? Нiхто яшчэ нiколi не ўнiкнуў выкрыцця, нiхто не пазбег допытаў. Дастаткова было аднойчы зрабiць думзлачынства, i праз нейкi час непазбежна прыходзiла смерць. Чаму ж тады гэты жах, якi нiчога ўжо не мяняў, мусiў хавацца недзе ў будучым?

Ён паспрабаваў з трошкi большым поспехам, чым раней, выклiкаць у думках вобраз О'Браэна. "Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры", - сказаў яму некалi О'Браэн. Ён ведаў, што гэта значыць, а можа, толькi думаў, што ведае. Месца, дзе няма болей цемры - гэта была казачная будучыня, убачыць якую нiколi не давядзецца, але да якой шляхам прадбачання можна было неяк таямнiча далучыцца. Але пакуль у яго ў вушах грымеў голас з тэлегляда, ён не мог засяродзiцца на сваiх думках. Ён запалiў цыгарэту. Палова тытуню адразу высыпалася яму на язык, горкi пыл, якi было цяжка выплюнуць. Перад iм, засланiўшы О'Браэна, зноў узнiк твар Вялiкага Брата. Зусiм як некалькi дзён таму, ён выцягнуў з кiшэнi манету i паглядзеў на яе. З манеты глядзеў цяжкi, спакойны паблажлiвы твар: але якая ж усмешка хавалася пад чорнымi вусамi? Змрочным хаўтурным звонам адгукнулiся словы: