1984 (на белорусском языке) - страница 80

Ён памаўчаў, пасля сказаў ужо мякчэй:

- Вы iдзяцё на папраўку. Iнтэлектуальна вы ўжо амаль здаровы. А вось што да эмоцый, дык тут вам не ўдалося зрушыцца з месца. Скажыце мне, Ўiнстан - але памятайце: не манiць, бо вы ведаеце, што я адразу распазнаю ману, - скажыце мне, якiя вашы сапраўдныя пачуццi да Вялiкага Брата?

- Я ненавiджу яго.

- Вы ненавiдзiце яго. Добра. Значыць, настаў час, каб вы зрабiлi апошнi крок. Вы павiнны палюбiць Вялiкага Брата. Мала проста падпарадкоўвацца яму вы павiнны палюбiць яго.

I ён лёгенька падштурхнуў Ўiнстана да ахоўнiкаў.

- Пакой 101, - сказаў ён.

5

На кожнай стадыi свайго зняволення ён ведаў цi яму здавалася, што ён ведае, у якой частцы глухога будынка ён знаходзiўся. Можа, ён адчуваў нязначную рознiцу атмасфернага цiску. Камеры, дзе яго бiлi ахоўнiкi, былi пад зямлёй. Пакой, дзе яго дапытваў О'Браэн, быў высока, пад самым дахам. Месца ж, дзе ён быў цяпер, знаходзiлася пад зямлёю, так глыбока, як толькi можна было апусцiцца.

Памяшканне было большае за камеры, у якiх ён быў дагэтуль. Але ён не надта зважаў на тое, што было навокал. Усю яго ўвагу прыцягвалi два столiкi якраз насупраць яго, абодва засланыя зялёным сукном. Адзiн быў усяго за пару метраў ад яго, другi - трохi далей, каля дзвярэй. Ён быў прывязаны да крэсла ды так моцна, што не мог паварушыць нiводнай часткай цела, нават галавой. Нешта накшталт падушкi моцна трымала галаву ззаду, змушаючы яго глядзець проста перад сабой.

Нейкую хвiлiну ён быў адзiн, пасля дзверы адчынiлiся, i ў пакой увайшоў О'Браэн.

- Некалi вы ў мяне спыталiся, - сказаў О'Браэн, - што адбываецца ў Пакоi 101. Я сказаў вам, што вы ўжо ведаеце адказ. Яго ведаюць усе. У Пакоi 101 адбываецца найгоршае, што толькi ёсць у свеце.

Дзверы зноў адчынiлiся. Увайшоў ахоўнiк. У руках ён нёс нешта сплеценае з дроту, нейкую скрынку цi кошык. Ён паставiў гэта на дальнi стол. Што гэта было - Ўiнстан бачыць не мог, бо перад iм стаяў О'Браэн.

- Што ёсць найгоршае ў свеце, - сказаў О'Браэн, - залежыць ад iндывiда. Гэта можа быць пахаванне жыўцом, або смерць у агнi, або патапленне, або пасаджэнне на кол, або дзесяткi iншых спосабаў забiцця. А часам гэта зусiм звычайная, нават не смяротная рэч.

Ён трошкi адышоўся ўбок, каб Ўiнстану было лепш вiдаць, што стаiць на стале. Гэта была драцяная клетка з ручкай зверху, каб несцi. Спераду да яе было прымацавана нешта накшталт фехтавальнай маскi, угнутым бокам вонкi. I хоць ён сядзеў за тры-чатыры метры, ён усё ж мог бачыць, што клетка была падзелена ўздоўж на два аддзяленнi i ў кожным з iх сядзела па нейкай жывёлiне. Гэта былi пацукi.

- У вашым выпадку, - сказаў О'Браэн, - найгоршае ў свеце - гэта пацукi.

Нейкi трывожны дрыгат, страх перад нечым няпэўным прабег па целе Ўiнстана, калi ён першы раз глянуў на клетку. I ў гэты момант да яго раптам дайшло, што значыць гэтае падобнае да маскi прыстасаванне спераду клеткi. У яго пахаладзела ўнутры.

- Вы не зробiце гэтага! - пранiзлiва закрычаў ён. - Вы не зробiце, не зробiце! Гэта немагчыма!

- Памятаеце тыя страхi, - сказаў О'Браэн, - што мучылi вас у сне? Перад вамi была сцяна цемры, а ўвушшу гучаў страшны рык. Па той бок сцяны было нешта жахлiвае. Вы ведалi, што ведаеце, што там было, але вы не наважвалiся зазiрнуць за сцяну. Па той бок сцяны былi пацукi.

- О'Браэн, - сказаў Ўiнстан, намагаючыся заставацца спакойным, - вы ведаеце, што ў гэтым няма неабходнасцi. Што вы хочаце са мною зрабiць?

О'Браэн не даў канкрэтнага адказу. Ён пачаў гаварыць настаўнiцкiм тонам, як часам здаралася i раней. Ён задуменна глядзеў удалеч, нiбы звяртаючыся да некага за спiнай у Ўiнстана.

- Аднаго толькi болю часам бывае недастаткова, - сказаў ён. - Бываюць выпадкi, калi чалавек будзе трываць боль, аж пакуль не памрэ. Але для кожнага чалавека iснуе нешта нясцерпнае, на што ён не можа нават глядзець. Смеласць цi баязлiвасць тут ужо нi пры чым. Калi вы падаеце з вышынi, не будзе баязлiўствам учапiцца за вяроўку. Калi вы вынырваеце з-пад вады, не будзе баязлiўствам набраць у лёгкiя паветра. Гэта проста непераможны iнстынкт. Тое самае з пацукамi. Для вас яны невыносныя. Для вас яны - форма ўцiску, якому вы не здолееце супрацьстаяць, нават калi б захацелi. Вы зробiце ўсё, што ад вас запатрабуюць.

- Але што? Што? Як жа я гэта зраблю, калi я не ведаю, што ад мяне патрабуецца?

О'Браэн узяў клетку i перанёс яе на блiжэйшы столiк. Ён старанна ўладкаваў яе на зялёным сукне. Ўiнстан чуў, як кроў гудзе ўвушшу. Яму здалося, што ён невымоўна самотны. Ён сядзеў пасярод вялiкай пустой раўнiны, бясконцай плоскай пустэльнi, прапаленай сонцам, праз якую ўсе гукi даляталi да яго з далёкiх даляў. Клетка з пацукамi па-ранейшаму была за пару метраў ад яго. Пацукi былi вялiзныя. Яны былi ў тым узросце, калi пыса робiцца грубая i ашчэраная, а поўсць з шэрай мяняецца на бурую.

- Пацук, - сказаў О'Браэн, зноў звярнуўшыся да нябачных слухачоў, жывёлiна мясажэрная, хоць i належыць да грызуноў. Вы гэта ведаеце. Вы, напэўна, чулi пра выпадкi, што здараюцца часам у бедных кварталах гэтага горада. На некаторых вулiцах жанчыны баяцца пакiнуць сваiх дзяцей адных дома нават на пяць хвiлiн. Бо пацукi абавязкова нападуць на iх. За некалькi хвiлiн яны абгрызуць iх да касцей. Яны таксама нападаюць на хворых або на тых, хто памiрае. Яны праяўляюць неверагодную кемлiвасць, ведаючы, калi чалавек знаходзiцца ў бездапаможным стане.

З клеткi данеслiся дзiкiя крыкi. Здавалася, што яны далятаюць да Ўiнстана аднекуль здалёк. Пацукi бiлiся, яны спрабавалi напасцi адзiн на аднаго праз перагародку. Ён пачуў глыбокi стогн роспачы. I гэта таксама данеслася аднекуль здалёк.

О'Браэн узяў клетку i нешта ў ёй нацiснуў. Штосьцi пстрыкнула. Шалёным намаганнем Ўiнстан паспрабаваў вызвалiцца з крэсла. Гэта было безнадзейна, усё цела, нават галава, былi нязрушна прымацаваныя. О'Браэн паднёс клетку блiжэй. Цяпер яна была менш чым за метр ад твару Ўiнстана.