1984 (на белорусском языке) - страница 81

- Я нацiснуў на першую кнопку, - сказаў О'Браэн. - Вы зразумелi канструкцыю гэтай клеткi. Маска надзенецца вам на галаву, не пакiнуўшы нiякай адтулiны. Калi я нацiсну на другую кнопку, дзверы ў клетцы расчыняцца. Гэтыя галодныя звяры паляцяць, як кулi. Цi вы калi бачылi, як пацук скача на здабычу? Яны скокнуць вам у твар i ўгрызуцца ў яго. Часам яны спачатку нападаюць на вочы. А часам праядаюць шчокi i выгрызаюць язык.

Клетка была ўжо зусiм блiзка. Ўiнстан чуў вiскатлiвыя крыкi, здавалася, яны нараджалiся недзе ў паветры ў яго над галавой. Але ён зацята змагаўся са страхам. Думаць, думаць, нават калi застанецца толькi адно iмгненне - думаць. У гэтым была апошняя надзея. I раптам агiдны пракiслы пах жывёлiн ударыў яму ў ноздры. Яму зрабiлася млосна, i ён ледзь не страцiў прытомнасць. Уваччу ўсё пачарнела. На хвiлiну ён ператварыўся ў вар'ята, у здзiчэлую жывёлу. I ўсё ж ён выкараскаўся з цемры, учапiўшыся за адну думку. Была адна, толькi адна магчымасць уратавацца. Трэба памiж сабою i пацукамi выставiць iншага чалавека, цела iншага чалавека.

Маска была ўжо так блiзка, што закрывала ад яго вачэй усё астатняе. Драцяныя дзверкi былi ўжо за пару пядзяў ад яго. Пацукi ўжо ведалi, што зараз будзе. Адзiн з iх скакаў сюды-туды, другi, састарэлы валадар сцёкавых канаў, стаяў, трымаючыся ружовымi пярэднiмi лапамi за пруты клеткi, i драпежна нюхаў паветра. Ўiнстан мог бачыць вусы i жоўтыя зубы. I зноў яго ахапiў чорны жах. Ён быў сляпы, бездапаможны, безразважны.

- Гэта было звычайнае пакаранне ў Кiтайскай iмперыi, - сказаў павучальна О'Браэн.

Маска наблiзiлася да твару. Дрот дакрануўся да шчакi. I тады - не, гэта была не палёгка, толькi надзея, маленькая, ледзь заўважная надзея. Запозна, мабыць, ужо запозна. I раптам ён зразумеў, што ва ўсiм свеце быў толькi адзiн чалавек, на якога ён мог перанесцi гэтае пакаранне, - толькi адно цела ён мог прасунуць памiж сабою i пацукамi. I ён закрычаў немым голасам:

- Зрабiце гэта Джулii! Зрабiце гэта Джулii! Не мне! Джулii! Мне ўсё роўна, што вы з ёю зробiце. Раздзярыце ёй твар, абгрызiце да касцей. Толькi не мне! Джулii! Не мне!

I ён правалiўся назад, у нязмерныя глыбiнi, далей ад пацукоў. Ён усё яшчэ сядзеў на крэсле, але ён ужо правалiўся праз падлогу, праз сцены будынка, праз зямлю, праз акiяны, праз атмасферу, у адкрыты космас, у мiжзорную прастору далей, далей, далей ад пацукоў. Ён быў за светлавыя гады адсюль, але О'Браэн па-ранейшаму стаяў побач з iм. Ён усё яшчэ адчуваў халодны дотык дроту да шчакi. Але праз цямноцце, што ахiнула яго, ён пачуў, як нешта яшчэ раз металiчна пстрыкнула, i зразумеў, што дзверы ў клетку не расчынiлiся, а зачынiлiся.

6

У "Каштане" было амаль пуста. Косыя промнi сонца высвечвалi жоўтыя плямы на пыльных столiках. Была пятнаццатая гадзiна, паўсюль было цiха. З тэлеглядаў лiлася духавая музыка.

Ўiнстан сядзеў у сваiм звычайным кутку, пазiраючы ў пустую шклянку. Зноў i зноў ён паднiмаў вочы на вялiкi твар, што глядзеў на яго з супрацьлеглай сцяны. ВЯЛIКI БРАТ ГЛЯДЗIЦЬ НА ЦЯБЕ, казаў надпiс пад партрэтам. Без нiякай замовы прыйшоў афiцыянт i напоўнiў шклянку джынам "Перамога", капнуўшы туды пару кропляў з другой бутэлькi праз саломiнку, што тырчала з корка. Гэта быў сахарын, прыпраўлены гваздзiкай - фiрменная асаблiвасць кавярнi.

Ўiнстан слухаў тэлегляд. Пакуль што з яго гучала толькi музыка, але ў любы момант маглi пачаць перадаваць спецыяльныя паведамленнi Мiнiстэрства Мiру. Навiны з Афрыканскага фронту былi надзвычай трывожныя. Думкi пра гэта непакоiлi яго ўвесь дзень. Эўразiйская армiя (Акiянiя ваявала з Эўразiяй Акiянiя заўсёды ваявала з Эўразiяй) пасоўвалася на поўдзень з жахлiвай хуткасцю. Паўдзённы выпуск навiнаў не згадаў нiякiх канкрэтных тэрыторый, але было цалкам верагодна, што баi iдуць ужо ў дэльце Конга. Бразавiлю i Леапольдвiлю пагражала небяспека. Не трэба было глядзець на карту, каб зразумець, што гэта значыць. Гаворка тут iшла не проста пра страту Цэнтральнай Афрыкi: упершыню за ўсю вайну тэрыторыя самой Акiянii была пад пагрозай.

Гвалтоўнае пачуццё, не так страху, як нейкай няпэўнай узрушанасцi, успыхнула ў iм, а пасля зноў патухла. Ён перастаў думаць пра вайну. Апошнiмi днямi ён не мог засяродзiць сваёй увагi на нечым адным больш чым на некалькi хвiлiн. Ён падняў шклянку i асушыў яе адным глытком. Як заўсёды, джын прымусiў яго здрыгануцца i адрыгнуць. Гэта была страшэнная бурда. Гваздзiка i сахарын, самi па-свойму агiдныя, не маглi заглушыць алеiстага смуроду джыну; i што самае страшнае - пах джыну, якi неадчэпна спадарожнiчаў яму ўдзень i ўначы, быў з невядомае прычыны змяшаны ў яго свядомасцi з пахам тых...

Ён нiколi не называў iх, нават у думках, i, наколькi гэта было магчыма, нiколi не ўяўляў iх вiзуальна. Яны былi нечым прывiдным, што заўсёды лунала недзе побач з тварам, яны былi пахам, што лез няспынна ў ноздры. Калi джынавыя выпарэннi паднялiся да горла, ён адрыгнуў праз барвовыя вусны. З таго часу, як яго выпусцiлi, ён патаўсцеў i да яго вярнуўся былы румянец - i нават болей чым вярнуўся. Рысы твару ў яго пагрубелi, скура на носе i на скулах пачырванела, нават лысы чэрап зрабiўся цёмна-ружовы. Афiцыянт, зноў без запрашэння, прынёс шахматную дошку i свежы нумар "Таймз", адгорнуты на шахматнай старонцы. Пабачыўшы, што шклянка ў Ўiнстана пустая, ён прынёс бутэльку з джынам i напоўнiў яе. Замовы былi непатрэбныя. Тут ведалi яго звычкi. Шахматная дошка заўсёды яго чакала, яго столiк у кутку быў заўсёды зарэзерваваны; нават калi ў кавярнi было поўна, столiк быў вольны, бо нiхто не хацеў быць заўважаным побач з iм. Ён нават нiколi не лiчыў, колькi выпiвае. Час ад часу яму паказвалi брудны абрывак паперы, якi яны называлi рахункам, але яму здавалася, што яго заўсёды аблiчвалi. Зрэшты, яму было ўсё роўна. Цяпер у яго было багата грошай. У яго нават была праца, сiнекура, за якую яму плацiлi значна болей, чым за колiшнюю.