Любіць ноч — права пацукоў - страница 11

Алеся-Вольга спытала дурнавата а той пажартаваў

        у дзяржстраху, на кругленькую суму

і голас не слухаўся яго, у горле быццам засела вялікая, вострая стрэмка, ад якой пульсаваў боль, і мужчына спусціўся да вады, намачыў у ёй ручнік і прыклаў да шыі, стаяў гэтак, а даўнёнак гаварыў

        рыбарыбарыба

а Вольга-Алеся лашчыла яго галаву невялікай бруднай даланёй і хвалявалася

        мне страшна, Данііл, не хадзі

зноў лашчыла даўнёнка, — пазногці на пальцах былі чорныя, і казала

        бедненькі

і гнула свае

        нехадзінехадзінехадзі

але мужчына кінуў на траву ручнік і абарваў

        змоўкні, Вольга, а то сапраўды нагаворыш

і вырашыў:

        ты пагуляй тут з хлопчыкам пакуль, а я зараз схаджу разбяруся, бачыш, нас зняважылі

і дадаў, звяртаючыся да малога

        пабудзеш з цёцяй Вольгай

і пайшоў, заціснуўшы ў руцэ пластыкавы цяжар вуды, паступова набліжаючыся да машыны, адкуль усё так жа гучэла рэзкая музыка, але галасоў ён не чуў, а калі падышоў бліжэй, са здзіўленнем убачыў, што ўсе спяць — зусім голая дзяўчына ў салоне, адкуль патыхнула потам і спермай — спадніца яе і майка сушыліся на капоце, двое чужынцаў у цяньку на посцілцы за машынай, а накачаны, мускулісты Сярожа, які ўжо быў у трусах, — прама на траве: усіх, пэўна, змарылі хуткацечны секс, сонца і выпіўка, і Даніла Прусак пасунуўся бліжэй, схіліўся над галавой стрыжанага і, размахнуўшыся, з усёй сілай апусціў таму на горла цяжкаватую пластыкавую вуду і ўбачыў, як той захрыпеў, пукацячы каламутныя цёмныя вочы, а потым ударыў яшчэ раз, па кадыку, і стрыжаны Сярожа засоўгаў нагамі і зашкроб зямлю, а мужчына кінуў вуду ў раку і пайшоў назад, дзе яго ўжо чакаў устрывожаны даўнёнак, узяў дзіцё за руку, а Алеся таропка абувала парусінавыя падраныя тапачкі і гаварыла

        я нічога не бачыла, я пайду

і Даніла Прусак падумаў і сказаў

        і добра зробіш, Волечка

і павёў даўнёнка па сцежцы, якая вяла праз пляж, выйшаў з ім у завулак, а потым на вуліцу, рукі ў яго ўсё яшчэ дрыжэлі, а хлопчык смуткаваў

        мамамамамама

мужчына зайшоў з ім у краму, а потым паіў квасам, і выпіў сам цэлы бакал, пасля чаго абодва рушылі дадому, але яшчэ здалёк прыкмеціў у канцы іх завулка міліцэйскі «уазік» і сцяўся — няўжо яны так хутка па яго прыехалі, і што там пасля адбылося на пляжы, ліхаманкава меркаваў ён, з тым эксгібіцыяністам Сярожам, але пакрочыў далей, трымаючы за руку даўнёнка, і ўбачыў, як з фралоўскага дома, пад воклічы жанчын міліцыянты праз брамку выцягвалі збітага Кліма Фралова, а той лаяўся і вышчэрваў у крыку шырокі запэцканы крывёю рот, так што былі бачныя мноства металёвых каронак, — падышоў бліжэй, і тут Клім пазнаў яго і выкрыкнуў, раздзіраючы адной рукой кашулю на грудзях

        не вер ім, Даніла, я не забіваў!

а той спытаў, пакуль двое ў зялёнай форме — так званыя «агуркі» — закручвалі таму рукі і надзявалі наручнікі

        ты пра што, Клім?

а той закрычаў

        сястры тваёй, Любы, не забіваў! ведай гэта, а то табе навешаюць цяпер!

і тут яго ўпіхнулі ў машыну, дзверцы захлопнуліся і «варанок» ад’ехаў.

IV. Зняволенне

Даніла Прусак папрасіў у следчага Кузіна зэдлік, пасадзіў на яго даўнёнка, раскрыўшы на каленях хлопчыка кніжку з коміксамі, прысеў сам, а следчаму сказаў

        віншую вас з бліскуча праведзенай аперацыяй, толькі вось з логікай няўвязка; сачыце за думкай: Клім Фралоў вяртаецца дадому, які заняты чужынцамі, а забівае суседку, дык якая ў яго матывацыя — забіваць яе?

а следчы Кузін перакрывіў вусны

        не вастраслоўце, іншым разам і матывацыя не трэба — у блатных гэта проста, не падабалася што ці «дуры» перабраў, і — гатова

і Даніла Прусак асцярожна папрасіў

        мне з ім пагаварыць трэба, ён жа ўсё яшчэ ў вас, у СІЗО?

а следчы Кузін запярэчыў

        гэтага нельга, дый няма яго тут, па сто першым артыкуле ў СІЗО доўга не трымаюць

і незадаволена засоўгаў па стале локцямі, а мужчына спытаў

        дарэчы, пра «дур»: вы ведаеце, што ў тым фралоўскм доме той «дур’ю» гандлююць адкрыта, а вашы службы нават не варушацца?

а следчы Кузін адказаў

        тое-сёе мы ведаем, але калі вы, прыкладам, дасце дзесяцігадоваму сыну тую «дур» і пашлеце яго прадаваць на вуліцу, то мы ў гэтым варыянце бяссільныя: няма законаў, каб дзяцей ці іх бацькоў — за краты

і тут жа перайшоў у наступ

        вы ўмешваецеся ў ход следства, блытаеце нам работу, думаеце, што ваша справа — самая галоўная

а Даніла Прусак ямчэй уладкаваўся ў крэсле і сказаў

        сястру вы мне не вернеце, але і сапраўднага злачынцу на свабодзе пакідаць не павінны

а следчы абарваў з крывой усмешкай

        а хто вы такі — даваць загады

на што Даніла Прусак азірнуўся на даўнёнка, які сядзеў на зэдліку ў той самай позе, у якой яго ўладкавалі, і спытаўся

        хто мы такія — скажы, малы

а той падумаў і адказаў гугнява

        мы псіхі грэбаныя

а следчы Кузін зноў пакрывіўся ва ўсмешцы

        не адна ваша справа на мне

патлумачыў ён незадаволена і гаварыў, гаварыў, гледзячы ў закратаванае акно, нешта нязначнае, але ў яго словах, быццам нязначных, хвосцікам тырчаў намёк на тое, што ўмешвацца ў лес Кліма Фралова не варта, і Даніла Прусак думаў пра гэта ўвесь час, пакуль ішоў дадому, так нічога істотнага не дабіўшыся і на дазнаўшыся ад следчага Кузіна, хаця планаваў гэта, і даўнёнак плёўся побач, цяжка ўздыхаў і ўспамінаў