Любіць ноч — права пацукоў - страница 12

        мамамамамама

чарговы дзень ужо хіліўся на сход, было па-ранейшаму душна, і, хаця на даляглядзе быццам пачыналі скоплівацца хмары і нават адтуль ледзь чутна грукацела громам, — дажджу і доўгачаканай прахалоды не прыходзіла, хлопчык трывожыўся і нерваваўся, а Даніла міжволі заражаўся гэтым ад яго, а калі яны наблізіліся да жытла, то ён убачыў, што плот зноў павалены, і звыклую мітусню на фралоўскім падворку, і толькі сціснуў зубы, і вечарам, калі хлопчык заснуў, пайшоў да суседзяў, што жылі вышэй па вуліцы, і прапанаваў кожнаму толькі падысці ў названы ім час да фралоўскай брамы і моўчкі падтрымаць яго, а гаварыць з чужынцамі будзе ён сам — проста патрабуе ад іх, каб пакінулі гэтае месца, і яны сыйдуць, калі ўбачаць сілу, як тыя пацукі, і нерваваўся, паўтараў

        хіба не так, сусед, хіба ты хочаш, каб згвалцілі тваю дачку ці зрабілі наркаманам сына?

але ў лепшым выпадку той-сёй абяцаў падумаць, а згоды не даў ніхто, і так па ўсёй вуліцы, хаця жанчыны скардзіліся і абураліся, бо, — гаварылі яны, — ужо і дзецям малым не стала праходу, а калі яны вяртаюцца дадому з крамы, куды іх пасылаюць па хлеб, то дзеці чужынцаў накідваюцца гуртам і адбіраюць грошы ці закідваюць небаракаў каменнем, нападаюць на малалетніх дзяўчынак і задзіраюць ім спадніцы, і гэта можа скончыцца гвалтам, але зноў толькі абяцалі падумаць, і Даніла Прусак доўга не затрымліваўся ў тых дамах, хаця даў сабе слова абысці ўсіх у радыусе кіламетра і прасіць дапамогі, але толькі на другі дзень к вечару ў яго з’явіўся саюзнік, але і той быў нямоглы дзед, і мужчына, вядома, не стаў настойваць на сваім плане, хаця стары з дзіўнаватым прозвішчам Кніга, які жыў у доме адзін, цалкам падтрымаў яго, яны разгаварыліся, старога звалі Антон Пракопавіч, ён быў жоўты і нездаровы з твару, не меў ніводнай валасіны на шышкаватым чэрапе, але ў вачах яго раз-пораз бліскала іскра паразумення, калі ён патлумачыў мужчыну, што сеў адразу пасля вайны і цягнуў поўны «чырвонец», бо ў вайну пайшоў маладым яшчэ хлопцам у атрад самааховы, за што з прыходам бальшавікоў «атрымаў па рагах», але гаварыў Антон Кніга непахісна…

        я гэтую савецкую ўладу тэлеграфным слупам праз памыйную яму

і паўтараў і шкадаваў толькі, што цяжка аднаму, бо нічога не зарабіў за жыццё, хаця працы не цураўся, і гаварыў але часу не вернеш, ужо і градку на сваім участку цяжка ўскапаць, асабліва па вясне і запрашаў заходзіць, а даўнёнак гаварыў

        дзедадзедадзеда

і Даніла Прусак на другі дзень пакінуў з ім хлопчыка і завяршыў свой абход, а калі прыйшоў забіраць, то ўбачыў там згоду і што малы не сумуе, і давёў старому, чаму хлопчык такі, а потым расказаў пра гутаркі з людзьмі, і на саркастычнае запытанне старога, ці задавальняюць яго вынікі, толькі развёў рукамі, а Антон Кніга лаяўся апошнімі словам! і гаварыў

        …я гэтых пенцюхоў тэлеграфным слупам праз памыйную яму

ставіў на стол талеркі, ліў туды кефір, куды потым крышыў зялёнае пер’е цыбулі і казаў

        чаму гэтыя бежанцы прыйшлі менавіта да нас, а не да літоўцаў, прыкладам, чэчэнцаў ці да эстонцаў? а таму, што іх адразу б вытурылі

пляваўся і пытаў

        хіба наглядчыкамі ды папугаямі на вышках ва ўсіх тых лагерах, дзе я пабываў, чужынцы былі? не, свае ж, маць іх грэбаную, такі народ

ставіў у цэнтр стала вараную бульбу, адкуль сплывала ў столь пара, і гаварыў

        і цяпер на зонах самі сваіх жа апускаюць, любімы занятак, самаеды, маць іх так і гэтак

зноў пытаў

        вось вы, можа, у нейкай ступені кніжнік, навуковец, можаце мне растлумачыць, чаму на нас хутка пляваць будуць і мець рацыю?

на што Даніла Прусак толькі крывіўся і адказваў сумна

        быў такі Гумілёў, што распрацаваў тэорыю пасіянарнасці, адпаведна якой для кожнага этнасу адпушчана прыблізна тысяча дзвесце гадоў: ён, этнас, з’яўляецца, пашыраецца і мацнее, потым плаўна спадае і кансервуецца, і мы зараз не адзіныя ў сваім заняпадзе — розніца хіба што ў формах, ну, вазьміце, прыкладам, Ангельшчыну, Францыю, Нямеччыну, Нідэрланды: там паўсюдна і імкліва расце колькасць чужынцаў — тых, хто знаходзіцца ў больш актыўнай стадыі этнагенезу; адны народы паміраюць, а на змену ім прыходзяць новыя

але стары перабіў зласліва

        нешта я не чуў, каб па сваёй асабістай ахвоце задніцы падстаўлялі

і мужчына пагадзіўся

        так, супраціў павінен быць, і гэта нармальна, але ў нас яшчэ і абцяжарваючы фактар — радыяцыя, а гэта значыць, што доля разумова адсталых рэзка павялічваецца, да таго ж мы не маем сістэмы генетычнага маніторынгу

а стары спытаў

        вы мне можаце прасцей патлумачыць, чым гэта ўсё нам пагражае?

і мужчына падумаў і сказаў

        мяркую, мы ў стадыі этнацыду, — калі большасць імкліва дэградуе, няздатная пераадолець генетычны цяжар, дый пажылі каля тысячы гадоў, якраз у тэорыю таго ж Гумілёва ўпісваемся, хаця ёсць яшчэ і актыўная меншасць

і стары пацікавіўся змрочна

        дык што — віць усім вяроўкі?

а мужчына ўсміхнуўся і сказаў

        патрэбны людзі, якія яшчэ, можа, і знойдуцца, якія разумеюць сітуацыю, а натоўп агітаваць дарэмна, чым гучней ім крычаць праўду, тым больш яны тых крыкуноў ненавідзяць, бо знясіленыя не жадаюць дзеяння, хіба не так?

і стары не адставаў

        і што гэта за новыя людзі з’явяцца?

і мужчына сказаў

        выспявае ж нейкая рунь, бізнесоўцы ўсялякія, энергія ад іх новая

а стары не пагадзіўся

        тая рунь — проста блатныя ды прыблатнёныя — яны адзін аднаго жаруць, жор навокал стаіць, а вы пра энергію