Любіць ноч — права пацукоў - страница 25
а мужчына спытаў
«шмаль», дарэчы, вы ў хляве хаваеце, каб шмону пазбегнуць?
і Карым адказаў
там
а мужчына даў яму лісты паперы, ручку і сказаў
цяпер тваё жыццё вось на гэтай паперы будзе табой жа занатавана: на адным лісце напішаш пра Васіліну — хто яна, адкуль вы яе прывезлі і як і чаму яна забівала, адна ці з кім яшчэ, і той ліст нам застанецца, а на другім лісце напішаш бацьку, каб праз паўсутак, гэта значыць у ноч, усе вы адсюль з’ехалі прэч, акрамя забойцы сястры маёй, тады праз дзве гадзіны, калі ўпэўнімся, што ўсё па правілах, цябе адпусцім, а калі не з’едзеце, што ж, прабач; вось кошт твайго жыцця, і дадай яшчэ бацьку свайму, каб не рабіў глупства, не распачынаў пошукі і ўсё астатняе, інакш табе гамон, і сыходзіць няхай пачынаюць, калі сцямнее, не раней, а Васіліну няхай звяжуць і ў хляўку тым, дзе забівала, пакінуць
гаварыў Даніла Прусак, а стары ўхвальна ківаў галавой, а потым чужынец пісаў лісты, потым яго, адкрыўшы люк, зачынілі ў склепе, люк замкнулі, і ключ Даніла Прусак паклаў у кішэню, а старому сказаў
цяпер, Антон Пракопавіч, трэба ліст да бацькі яго даставіць, і будзем чакаць
і Антон Кніга толькі задаволена хмыкнуў і згадзіўся
усё правільна, сынок
а Даніла Прусак адзначыў гэта яго — «сынок» і чакаў, а стары працягваў
як ліст ім перадаць — тое ўжо мой клопат, не хвалюйся
і пачаў збірацца ў дарогу і гаварыў
цяпер час прыспешвае, кожная секунда дарагая, трэба, каб яны прынялі рашэнне да ночы, а то нас пачнуць вылічваць, — за грошы на іх уся кантора пачне працаваць, так іх і гэтак, а калі з’едуць, то і нас у спакоі пакінуць
і дадаў свае, улюбёнае
а вось цяпер… мы іх тэлеграфным слупам праз памыйную яму
пасля чаго пайшоў, а мужчына пакарміў даўнёнка і паклаў яго спаць і сам прылёг на канапу, паклаўшы далонь на прыклад карабіна, і драмаў чуйным сном, і прыслухоўваўся час ад часу, ці не чуваць са склепа крыкаў вязня, але ўсё было ціха, і мужчына ляжаў і думаў пра сына Ігната, а потым пра даўнёнка, пра тое, як будзе з ім далей, але так нічога не надумаў, таму што рыпнулі веснічкі і стары Кніга з’явіўся ў дзвярах і сказаў
ліст дасланы, пэўна, ужо яго чытаюць, цяпер будзем чакаць ночы — яна вырашыць
стары дадаў, што знарок перадаў ліст праз выпадковага падлетка, бо дарослы запомніў бы яго ў твар, знайшліся яшчэ б якія прыкметы, а калі іх высачаць ці што яшчэ сарвецца, то — гамон і літасці ад сваіх жа не будзе, а Даніла Прусак на тыя словы паляпаў па карабіну і заўважыў, што зброя пры іх, а большага аргумента ў такіх выпадках проста не існуе, на што Антон Кніга сказаў іранічна
вось вы і прыйшлі да нейкай высновы
схадзіў праверыць закладніка, і той прасіў выпусціць яго і енчыў і скавытаў у склепе, а стары зноў давёў яму, што ўсё залежыць ад ягонага бацькі і супляменнікаў, а сам, каб меў магчымасць, то проста кінуў бы яму ў склеп гранату, і прыгразіў, што выканае гэта, калі той не змоўкне, вярнуўся ў дом і гаварыў
кажаце — мы старая, выпрацаваная нацыя, ангельцаў у прыклад прыводзіце, якія, маўляў, на мяжы выроду, а вазьміце кітайцаў? яны ж таксама старая нацыя
і злаваў
яшчэ ні адзін народ не выжываў, падстаўляючы задніцу, а сярод рабоў ніколі не будзе адзінства — гэта яшчэ Арыстоцель заўважыў
і буркацеў сваё і казаў
гэтыя нашэсці страшнейшыя за Чарнобыль, страшнейшыя за войны, землятрусы і паводкі, бо тыя пацукі не ведаюць ні шкадобы, ні спачування
і абураўся
а вам не дзіўна, што толькі ў нас тых прыхадняў любяць, і вар’яцеюць ад іх, і служаць ім, і трымцяць перад імі?
і заканчваў звыклым
…я гэтых пакладанцаў тэлеграфным слупам праз памыйную яму
а час ішоў, і закладнік зрэдку пачынаў крычаць у склепе, ды з вуліцы яго пачуць не маглі, а чуў даўнёнак сваім вострым слыхам і нерваваўся і прасіў
хачудамоўхачудамоў
а потым пачало сутоньвацца, і стары сказаў
ну, цяпер зноў мой выхад і патлумачыў
трэба схадзіць і на свае вочы паглядзець, што там робіцца
запэўніў мужчыну
я там не засвечаны, ніхто на мяне ўвагі не зверне
раптам спыніўшыся, сказаў
я ўсё думаю над вашымі словамі, і ў мяне ўражанне, што мы сапраўды мусім дарэмна затыкаць тут плаціну, якую ўжо прарвала, і ваду назад не вернеш, праўда, а варта, можа, толькі сябе ратаваць, бо аднойчы прачнёмся і пабачым, што гэтая набрыдзь паўсюдна, а з другога боку насуперак ёй хіба што вартая жалю кучка дэбілаў, апушчэнцаў, наркаманаў ды самаедаў, якія сваіх жа дачок ім прададуць і апраўданне таму знойдуць
Даніла Прусак паціснуў плячыма і змрочна заўважыў
потым будзем разважаць, а сёння ноччу мы павінны іх адолець
на што стары сказаў
а я вось што яшчэ мяркую: каб не той Чарнобыль, то нам ужо даўно б гамон быў; панаехалі б з усіх бакоў прыхадні, чужынцы ўсякія, і лепшыя землі адабралі б ды захапілі б — дзе хітрасцю, дзе падманам, а дзе і сілай, а так — каму з іх асабліва ахвота ў радыяцыю лезці, а хто лезе — тыя зусім ужо набрыдзь, смецце
гахнуў рукой і пайшоў, а Даніла Прусак сказаў наўздагон
будзьце пільныя, вас могуць вылічыць
але стары ўжо сыходзіў, брамка рыпнула за ім, і прыцемкі засмакталі яго непрыкметную постаць; ён яшчэ бурчэў нешта незадаволена і злосна, а потым глыбей насунуў на лоб кепку і саступіў у цень, што стварылі ад святла ліхтароў дрэвы, і пайшоў далей амаль не хаваючыся, без асаблівай засцярогі, адзначаючы цупкімі вачыма былога лагерніка іншамаркі з чужынцамі, што раз-пораз праносіліся па вуліцах, асвятляючы прахожых і міліцэйскую машыну, якая, пэўна, таксама падключылася да пошукаў, дайшоў да месца, да былой фралоўскай сядзібы, і адразу вызначыў, што манеўр з закладнікам яны разлічылі правільна, укол быў нанесены ў самае безабароннае месца, бо ў самой сядзібе і вакол ішоў «з’ём», — стары не мог памыліцца: вокны і дзверы дома і прыбудовак былі расчынены, адтуль выносілі і выкідвалі рэчы, у паветры стаялі гоман, лаянка, віск дзяцей і жанчын, а на падворку і вуліцы сноўдалі постаці чужынцаў, якія аддавалі загады некалькім нанятым мужчынам і жанчынам з мясцовых, што пераносілі рэчы ў машыны; там-сям на вуліцы стаялі ў цемры купкі людзей і назіралі за ўсім гэтым, а на лаўцы і вакол яе то ўскоквалі і некуды бегалі, то садзіліся зноў і палілі цыгарэты дзяўчаты, і стары пасунуўся бліжэй да іх, правільна разлічыўшы, што ля моладзі пачуеш больш — і больш шчыра, і стаў глядзець і слухаць і чуў, як дзяўчаты перакідваліся ўражаннямі і нерваваліся і выкрыквалі