Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 1

Cям’і Кілмер прысвячаецца

Пра галоўнага героя гэтай кнігі

«… Спадзяюся, прачытаўшы гэта, ты ўбачыш, што ў кнізе схаваны больш глыбокі сэнс. Уся гісторыя Нарніі — пра Хрыста. Я запытаў сябе: «Калі б сапраўды існаваў свет, падобны да Нарніі, і калі б справы ў ім (як у нашым свеце) пайшлі кепска, і калі б Хрыстос пажадаў прыйсці ў гэты свет і выратаваць яго (як Ён зрабіў у нашым), што б здарылася?» Гэтыя гісторыі — мой адказ. Нарнія — свет Гаваркіх Істотаў, і таму я падумаў, што там Ён стаў бы для іх Гаваркой Істотай, як Ён зрабіўся чалавекам тут. Я адлюстраваў Яго як ільва таму, што:

A) Леў лічыцца царом звяроў.

Б) У Бібліі Хрыста называюць “Ільвом Юды”.

B) Мне сніліся дзіўныя сны пра львоў, калі я пачаў пісаць кнігу.

Кожная з кніг раскрывае сваю частку:

“Пляменнік чараўніка” распавядае пра стварэнне свету і пра тое, як зло прыйшло ў Нарнію;

“Леў, Вядзьмарка і гардэроб” — пра ўкрыжаванне і ўваскрасенне;

“Прынц Каспіян” — пра ўзнаўленне сапраўднай веры пасля адступніцтва;

“Конь і яго хлопчык” — пра пакліканне і навяртанне паганца;

“Падарожжа «Заваёўніка світанку»” — духоўнае жыццё (асабліва ў Рыпічыпа);

“Срэбнае крэсла” — працяглая вайна з сіламі цемры;

“Апошняя бітва” — прыход Антыхрыста (Малпы), канец свету і Апошні Суд».

...

Клайв Стэйплз Льюіс у лісце да Ан, 5 сакавіка 1961 года.

Не тыя дзверы

Гэтая гісторыя пра тое, што адбылося даўным-даўно, калі ваш дзядуля быў яшчэ немаўляткам. Гісторыя вельмі важная, бо тлумачыць, як пачаліся вандроўкі з нашага свету ў Нарнію і назад.

У тыя часы містар Шэрлак Холмс яшчэ жыў на Бэйкер Стрыт і Бэстаблы яшчэ шукалі скарб на Люішэм Роўд. У тыя часы хлопчыкі штодня мусілі насіць цвёрдыя каўняры, і школы былі горшыя, чым цяпер. Але вось ежа была лепшая, а што да цукерак, то не буду апісваць вам, якія смачныя і танныя яны былі, бо ад гэтага ў вас пацякуць слінкі. I ў тыя часы ў Лондане жыла дзяўчынка, якую звалі Полі Пламэр.

Яна жыла ў адным з дамоў, што стаялі цесным шэрагам, сцяна да сцяны. Аднойчы раніцай яна выйшла ў сад за домам і ўбачыла, як нейкі хлопец залез на плот з боку суседскага саду. Полі вельмі здзівілася, бо раней у тым доме ніколі не было дзяцей. Там жылі старыя халасцякі: містар Кэтэрлі і міс Кэтэрлі, брат і сястра. Таму яна зацікаўлена паглядзела на хлопца. Яго твар быў вельмі брудны, нібыта ён спачатку выпацкаў рукі ў зямлі, моцна паплакаў і пасля выцер твар рукамі. Сказаць папраўдзе, амаль гэтак і было.

— Вітаю, — прамовіла Полі.

— Вітаю, — азваўся хлопчык. — Як цябе клічуць?

— Полі,— сказала Полі,— А цябе?

— Дыгары, — адказаў хлопчык.

— Ого, якое смешнае імя, — хіхікнула Полі.

— А Полі — яшчэ больш смешнае, — заўважыў Дыгары.

— Няпраўда, — запярэчыла Полі.

— Праўда, — адказаў Дыгары.

— Прынамсі, я ўмываюся, — сказала Полі.— Табе варта было зрабіць тое самае, асабліва пасля… — тут яна змоўкла. Яна збіралася мовіць: “Пасля таго, як ты плакаў,” але падумала, што гэта будзе няветліва.

— Так, я плакаў! — сказаў Дыгары гучным голасам. Яму было ўсё адно, што пра яго падумаюць, бо ён быў моцна засмучаны. — Ты б таксама плакала, — працягнуў ён, — калі б усё жыццё пражыла за горадам, мела поні, у вас у садзе цякла рака, а пасля цябе прывезлі б жыць у гэтую жудасную дзірку.

— Лондан — зусім не дзірка! — абурылася Полі.

Але хлопчык быў настолькі ўзрушаны, што не звярнуў на яе ніякае ўвагі і працягнуў:

— … і калі б твой бацька быў далёка ў Індыі, і табе трэба было пераехаць да цёткі і дзядзькі, сапраўднага вар’ята (а каму такое спадабаецца?), і калі б гэта было праз тое, што яны даглядаюць тваю маму, якая вельмі хворая і… і… памірае. — Тут яго твар скрывіўся, як у чалавека, які спрабуе стрымаць слёзы.

— Я не ведала, прабач… — сказала Полі. I потым, каб перавесці размову на штосьці больш вясёлае, запыталася:

— Містар Кэтэрлі насамрэч вар'ят?

— Ну, ён ці з глузду з’ехаў,— адказаў Дыгары, — ці яшчэ што. Цётка Лэці забараняе мне заходзіць у яго кабінет на гарышчы. Ужо адно гэта падазрона. I вось яшчэ што: кожны раз, калі ён звяртаецца да мяне падчас абеду, — а з ёй ён ніколі нават не спрабуе паразмаўляць, — цётка загадвае яму змоўкнуць. Яна кажа: “Не турбуй хлопчыка, Эндру”, або: “Я ўпэўненая, што Дыгары не хоча слухаць пра гэта”, або: “Дыгары, ці не пагуляць табе ў садзе?”

— А што ён спрабуе сказаць?

— Я не ведаю. Ён ніколі не паспявае сказаць шмат. Але гэта яшчэ не ўсё. Учора ўвечары, калі я ішоў спаць, то праходзіў міма лесвіцы на гарышча. I мне здалося, што я пачуў ускрык.

— Магчыма, ён замкнуў там звар’яцелую жонку.

— Так, я пра гэта ўжо думаў.

— Або друкуе фальшывыя грошы.

— Ці, можа, ён былы пірат, як той чалавек у пачатку “Выспы Скарбаў”, і ўвесь час хаваецца ад сваіх былых сяброў-піратаў.

— Як цікава! — сказала Полі.— Ніколі не думала, што твой дом такі незвычайны.

— Табе, можа, ён і здаецца цікавым, — адказаў Дыгары. — Але ты б так не думала, калі б табе давялося там спаць. Як бы табе спадабалася ляжаць без сну і прыслухоўвацца да крокаў дзядзькі Эндру, які крадзецца да дзвярэй твайго пакоя? I ў яго такія жудасныя вочы.

Так Полі і Дыгары пазнаёміліся. Быў пачатак летніх вакацыяў, ніхто з іх не паехаў на мора, і яны бачыліся ледзь не кожны дзень.

Іх прыгоды пачаліся перш за ўсё таму, што тое лета было адным з самых дажджлівых і халодных за апошнія гады. Таму дзеці даследавалі будынак. Проста дзіва, як шмат можна дазнацца з дапамогай свечкі ў вялікім доме ці ў двух суседніх дамах. Полі ўжо даўно разведала: калі адчыніць невялічкія дзверы ў каморы на гарышчы яе дома, пабачыш бак для вады і цёмны прагал за ім, у які можна асцярожна залезці. Гэты цёмны прагал нагадваў тунэль з цагляным мурам з аднаго боку і схілам даху з іншага. У даху былі невялічкія шчыліны паміж лістамі шыферу, праз якія прабівалася святло. Падлогі ў тунэля не было, даводзілася пераступаць з бэлькі на бэльку, а паміж імі быў толькі гіпс. I калі наступіш на яго, то правалішся наўпрост у пакой.