Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 2

Прастора за бакам была кантрабандысцкай пячорай Полі. Яна прынесла туды рэшткі скрыняў, сядзенні ад старых крэслаў, іншыя рэчы такога ж кшталту і зрабіла паміж бэлькамі нейкае падабенства падлогі. Тут яна трымала скрынку з рознымі скарбамі, аповед, які яна пісала, і, само сабою, пару яблыкаў. Полі часта піла тут імбірны ліманад: старыя бутэлькі рабілі гэтае месца яшчэ больш падобным да пячоры кантрабандыстаў.

Дыгары спадабалася пячора (свой аповед Полі яму не паказала), але больш яго зацікавіў тунэль.

— Як ты думаеш, — запытаўся ён, — ці доўгі гэты тунэль? У сэнсе — ці ён сканчаецца там, дзе й твой дом?

— Не, — адказала Полі.— Ён цягнецца далей, не ведаю на колькі.

— Тады мы можам прабрацца ўздоўж усяго шэрагу дамоў.

— Так, — сказала Полі.— I… ого, неверагодна!

— Што?

— Мы можам трапіць у іншыя дамы.

— I нас схопяць як злодзеяў! Ну не, дзякуй.

— Разумнік. Я думала пра наступны дом пасля твайго.

— А што ў ім такога?

— Ён пусты. Тата кажа, што, колькі мы тут жывём, ён заўсёды быў пусты.

— Слухай, давай паглядзім, што там, — сказаў Дыгары. Ён быў значна больш узрушаны, чым можна было б меркаваць па яго голасе. Вядома ж, ён (як і вы на яго месцы) думаў пра розныя прычыны, чаму гэты дом так доўга стаяў пусты. Полі таксама разважала пра гэта. Ніхто з іх не вымавіў словаў “дом з прывідамі”, і абодва адчувалі: калі ўжо ўзнікла ідэя паглядзець, што ў гэтым доме, было б ганьбай адступіць.

— Як наконт прабрацца туды зараз? — запытаўся Дыгары.

— Давай, — пагадзілася Полі.

— Можам не ісці, калі не хочаш, — сказаў Дыгары.

— Я пайду, калі ты пойдзеш, — адказала яна.

— А як мы даведаемся, што мы менавіта ў тым доме?

Яны вырашылі, што вернуцца на гарышча і памераюць крокамі яго, а таксама адлегласць ад адной бэлькі да наступнай. Так яны даведаюцца, колькі бэлек над адным пакоем. Пасля трэба будзе дадаць яшчэ прыкладна чатыры крокі на адлегласць паміж двума гарышчамі і столькі ж на спальню абслугі. Такім чынам атрымаецца даўжыня аднаго дома. Калі прайсці такую адлегласць двойчы, яны будуць у канцы дома Дыгары. Пасля любыя дзверы прывядуць іх у пусты дом.

— Але я не думаю, што ён сапраўды пусты, — сказаў Дыгары.

— А што ты думаеш?

— Мяркую, там нехта таемна жыве і выходзіць толькі ўначы з ліхтаром. А раптам мы выкрыем банду злачынцаў і атрымаем узнагароду? Не можа быць, каб дом пуставаў усе гэтыя гады. У ім павінна быць нейкая таямніца.

— Тата казаў, што гэта, магчыма, з-за каналізацыі,— прамовіла Полі.

— Пфф! Дарослыя заўсёды знаходзяць нецікавыя тлумачэнні,— сказаў Дыгары.

Цяпер, калі яны размаўлялі пры дзённым святле, а не пры свечках у Кантрабандысцкай Пячоры, ім здавалася значна менш верагодным, што ў пустым доме жывуць прывіды.

Яны памералі крокамі гарышча, узялі аловак і склалі, што ў іх атрымалася. Напачатку ў іх выйшлі розныя адказы, і нават калі яны нарэшце вынайшлі агульны, я не ўпэўнены, што ён быў слушны. Але дзеці спяшаліся распачаць экспедыцыю.

— Трэба ісці ціха, — сказала Полі, пакуль яны ізноў прабіраліся за бак з вадой. Паколькі справа была сур’ёзнай, кожны з іх узяў свечку (у Полінай пячоры іх захоўвалася шмат).

У тунэлі было вельмі цёмна, пыльна, а таксама цягнула пройма. Яны пераступалі з бэлькі на бэльку моўчкі і толькі шапталі адно адному: “Мы прайшлі вашае гарышча”, або: “Тут павінна быць сярэдзіна нашага дома”. Ніхто з іх не спатыкнуўся, свечкі не згаслі, і нарэшце яны дабраліся да маленькіх дзвярэй справа ад іх. Вядома, дзверы былі без ручкі ці засаўкі на гэтым баку, бо яны былі зробленыя, каб выходзіць, а не заходзіць. Але меўся шпінгалет (як у гардэробах), і дзеці не сумняваліся, што патрапяць унутр.

— Адчыняць? — запытаўся Дыгары.

— Я пайду, калі ты пойдзеш, — паўтарыла Полі.

Абое адчувалі, што ўсё вельмі сур’ёзна, але ніхто з іх не павярнуў назад. Дыгары з намаганнем адсунуў шпінгалет. Дзверы расчыніліся, і дзеці заміргалі ад нечаканага святла, з вялікім здзіўленнем зразумеўшы, што яны не на закінутым гарышчы, а ў пакоі з мэбляй.

Зрэшты, мэблі тут было няшмат. Панавала ціша. Зацікаўленая пабачаным, Полі задзьмула свечку і бязгучна, як мыш, зайшла ў дзіўны пакой.

Па форме ён быў, вядома, як гарышча, але абстаўлены як гасцёўня. Кожны сантыметр сцен быў заняты паліцамі, і кожны сантыметр паліц быў застаўлены кнігамі. У каміне гарэў агонь (вы памятаеце, што лета ў тым годзе было вельмі вільготнае і халоднае), перад камінам стаяў фатэль з высокай спінкай. Паміж фатэлем і Полі месціўся, займаючы амаль усю сярэдзіну пакоя, вялікі стол, завалены самымі рознымі рэчамі. Там былі кнігі, нататнікі, бутэлечкі з атрамантам, пёры для пісання, воск і мікраскоп. Але першае, што кінулася ў вочы, — ярка-чырвоны драўляны паднос, на якім ляжалі некалькі пярсцёнкаў. Яны былі парныя: адзін зялёны і адзін жоўты разам, пасля крыху месца, пасля яшчэ адзін жоўты і адзін зялёны. Памерам яны былі як і звычайныя пярсцёнкі. Іх нельга было не заўважыць: так зырка яны блішчалі. Гэта былі самыя цудоўна-бліскучыя дробныя рэчы, якія толькі можна ўявіць. Калі б Полі была крыху меншай, ёй захацелася б пакласці адзін з іх у рот.

У пакоі было настолькі ціха, што чулася, як цікае гадзіннік. Але суцэльнай цішыні не было. Аднекуль даносілася слабое — вельмі-вельмі слабое — гудзенне. Калі б у тыя дні ўжо вынайшлі пыласосы, Полі падумала б, што гэта далёкі гул пыласоса — некалькімі пакоямі далей і некалькімі паверхамі ніжэй. Але гук быў больш прыемны і больш музыкальны, адно што ледзь чутны.