Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 3
— Усё ў парадку, тут нікога няма, — сказала Полі. Яна ўжо не шаптала. Дыгары, вельмі брудны, як, дарэчы, і Полі, міргаючы, зайшоў у пакой.
— Кепска, — адказаў ён. — Гэты дом зусім не пусты. Лепей нам сысці, пакуль ніхто не прыйшоў.
— Як ты думаеш, што гэта? — запыталася Полі, паказваючы на рознакаляровыя пярсцёнкі.
— Ды кінь ты, — сказаў Дыгары. — Чым хутчэй…
Ён так і не скончыў фразы, бо ў гэты момант нешта адбылося. Фатэль з высокай спінкай, які стаяў перад агнём, раптоўна павярнуўся, і з яго, як дэман у спектаклі, паднялася вусцішная постаць дзядзькі Эндру. Яны былі зусім не ў пустым доме, а ў тым самым кабінеце ў доме Дыгары, куды яму было забаронена заходзіць! Дзеці разам выгукнулі: “Во-о-ой!”, зразумеўшы сваю жахлівую памылку. Трэба было раней здагадацца, што яны прайшлі недастаткова!
Дзядзька Эндру быў высокі і вельмі худы. У яго быў доўгі добра паголены твар, востры нос, вельмі яскравыя вочы і зблытаная кучма сівых валасоў.
Дыгары заняло мову, бо цяпер дзядзька Эндру выглядаў у тысячы разоў больш небяспечным, чым калі-небудзь. Полі пакуль што не настолькі спужалася, але хутка ёй стала страшна. Таму што дзядзька Эндру перасёк пакой і замкнуў дзверы на ключ. Потым павярнуўся, паглядзеў на дзяцей сваімі яскравымі вачыма і ўсміхнуўся, паказваючы ўсе зубы.
— Вось так! — сказаў ён. — Цяпер мая бязглуздая сястра не зможа да вас дабрацца!
Звычайна дарослыя так сябе не паводзяць. Сэрца Полі скокнула ў горла, і яны з Дыгары пачалі адступаць да маленькіх дзвярэй, праз якія сюды трапілі. Але дзядзька Эндру быў хутчэйшы. Ён зайшоў ззаду, замкнуў тыя дзверы і стаў перад імі. Потым ён пацёр рукі і храбуснуў костачкамі. У яго былі вельмі доўгія прыгожыя белыя пальцы.
— Рады вас бачыць, — прамовіў ён. — Двое дзяцей — якраз тое, што мне трэба.
— Калі ласка, містар Кэтэрлі,— сказала Полі.— Ужо амаль час абедаць, і мне трэба ісці дадому. Адпусціце нас, калі ласка.
— Не зараз, — адказаў дзядзька Эндру. — Я не магу страціць такую цудоўную магчымасць. Мне якраз не хапала дваіх дзяцей. Разумееце, я праводжу вялікі эксперымент. Я спрабаваў на марскіх свінках, і ўсё спрацавала. Але марскія свінкі нічога не могуць распавесці. Ім не растлумачыш, як вярнуцца.
— Паслухайце, дзязька Эндру, — сказаў Дыгары. — Ужо сапраўды час абедаць, і нас пачнуць шукаць у любы момант. Вы мусіце адпусціць нас.
— Мушу? — запытаўся ён.
Дыгары і Полі паглядзелі адно на аднаго. Яны не наважыліся нічога сказаць, але погляды азначалі: “Гэта жахліва!” і: “Нам трэба яго неяк улагодзіць”.
— Калі вы зараз адпусціце нас на абед, — сказала Полі,— мы вернемся пасля.
— Так, але як вы дакажаце, што вернецеся? — запытаўся дзядзька Эндру з хітрай усмешкай. Ды раптам ён нібыта перадумаў.
— Добра, — пагадзіўся ён. — Калі вам сапраўды трэба ісці, то ідзіце. Не думаю, што двум маладым людзям будзе цікава размаўляць з такім старым дурнем, як я. — Ён уздыхнуў і працягнуў: — Вы нават не ўяўляеце, якім самотным я часам пачуваюся. Аднак неістотна… Ідзіце абедайце. Але я хачу падарыць вам нешта, перш чым вы пойдзеце. Не кожны дзень я бачу ў маім затхлым старым кабінеце маленькіх дзяўчат. Асабліва, калі мне дазволена так казаць, такіх прыгожых маленькіх лэдзі, як вы.
Полі пачала думаць, што, магчыма, не такі ўжо ён, урэшце, і вар'ят.
— Падарыць табе пярсцёнак, мая даражэнькая? — спытаў дзядзька Эндру.
— Вы маеце на ўвазе адзін з гэтых жоўтых і зялёных пярсцёнкаў? — усклікнула Полі.— Як цудоўна!
— Толькі не зялёны, — сказаў дзядзька Эндру. — Баюся, зялёны я падарыць не магу. Але я з задавальненнем і любоўю аддам табе любы жоўты пярсцёнак. Хадзі сюды і надзень адзін з іх.
Полі ўжо не баялася. Вядома, гэты стары чалавек ніякі не вар'ят. А ў гэтых яркіх пярсцёнках ёсць нешта вельмі прыцягальнае. Яна падышла да стала.
— Нішто сабе! Мне здаецца, — сказала яна, — што гудзенне тут грамчэйшае. Нібыта яно ідзе ад пярсцёнкаў.
— Якая дзіўная думка, — адказаў дзядзька Эндру, усміхнуўшыся. Яго смяшок гучаў вельмі натуральна, але Дыгары ўбачыў прагны, амаль сквапны, выраз на яго твары.
— Полі! Стой! — крыкнуў ён. — Не чапай іх!
Але было занадта позна. Акурат у той час, калі ён крыкнуў гэта, Полі дакранулася да аднаго з пярсцёнкаў і імгненна, без выбліску ці шуму, знікла. Дыгары і яго дзядзька засталіся ў пакоі адны.
Дыгары і яго дзядзька
Гэта было настолькі нечакана і страшна, нават горш ад начнога кашмару, што Дыгары ўскрыкнуў. Рука дзядзькі Эндру імгненна закрыла яму рот.
— Ціха! — прашыпеў ён на вуха хлопчыку. — Калі ты пачнеш шумець, твая маці пачуе, а ты ведаеш, што з ёй можа здарыцца, калі яна спалохаецца.
Як Дыгары казаў пасля, яму ледзь не стала млосна ад такой жудаснай подласці. Але ён, вядома, больш не крычаў.
— Вось так, — сказаў дзядзька Эндру. — Зрэшты, я цябе разумею. Упершыню пабачыць, як нехта знікае, — гэта сапраўды шок. Нават я ўразіўся, калі марская свінка знікла ўчора вечарам.
— Дык гэта вы тады ўскрыкнулі? — запытаўся Дыгары.
— Ты пачуў? Спадзяюся, ты не шпіёніў за мной?
— Не, — гнеўна адказаў Дыгары. — Але што здарылася з Полі?
— Павіншуй мяне, мой дарагі хлопчык, — мовіў дзядзька Эндру, паціраючы рукі.— Мой эксперымент атрымаўся. Нашая маленькая дзяўчынка знікла з гэтага свету.
— Што вы з ёй зрабілі?
— Адправіў яе, так бы мовіць, у іншае месца.
— Што вы маеце на ўвазе?
Дзядзька Эндру сеў і сказаў: