Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 4

— Я распавяду табе. Ты чуў калі-небудзь пра старую місіс Лефэй?

— Яна была маёй стрыечнай бабуляй? — запытаўся Дыгары.

— Не зусім, — адказаў дзядзька Эндру. — Яна была мая хросная. Гэта яе партрэт там, на сцяне.

Дыгары паглядзеў і ўбачыў выцвілы фотаздымак старой жанчыны ў каптуры. I цяпер ён узгадаў, што аднойчы бачыў здымак гэтай жа самай жанчыны дома, у старасвецкай камодзе. Ён запытаўся ў маці, хто гэта, але маці не надта хацела пра яе гаварыць. Твар у жанчыны быў непрыемны, падумаў Дыгары. Але па старых фотаздымках ніколі нельга сказаць з упэўненасцю.

— А хіба… Мне здавалася, з ёй было нешта не так? — запытаўся Дыгары.

— Ну, — сказаў дзядзька Эндру, — гэта залежыць ад таго, што ты называеш “не так”. Людзі не ўмеюць мысліць шырока. Яна, вядома, стала вельмі дзіўнай у старасці. Рабіла вельмі неразумныя рэчы. Таму яе і замкнулі.

— У вар'ятні, вы маеце на ўвазе?

— О не-не, — адказаў дзядзька Эндру, — зусім не. Яе проста пасадзілі ў турму.

— Ого! — усклікнуў Дыгары. — Што яна зрабіла?

— Бедная жанчына, — уздыхнуў дзядзька Эндру. — Паводзіла сябе вельмі неабачліва. Шмат было рознага, не мае сэнсу корпацца ва ўсім. Яна заўсёды была вельмі добрай да мяне.

— Але паслухайце, якое дачыненне гэта мае да Полі? Я б вельмі хацеў, каб…

— Усё ў свой час, мой хлопчык, — сказаў дзядзька Эндру. — Старая місіс Лефэй выйшла з турмы перад смерцю, і я быў сярод тых нямногіх, каго яна прымала. Яна не любіла звычайных, прымітыўных людзей, разумееш. Я сам іх не люблю. Нас з ёй цікавілі адны і тыя ж рэчы. За некалькі дзён да смерці яна загадала мне падысці да старой камоды, адчыніць патаемную шуфлядку і дастаць куфэрачак, які там быў. Як толькі я ўзяў яго, у мяне закалола ў пальцах, і я зразумеў, што трымаю ў руках нейкую вялікую таямніцу. Яна аддала куфэрак мне і змусіла паабяцаць, што я не буду заглядаць унутр і спалю яго, як толькі яна памрэ. Я не стрымаў гэтае абяцанне.

— Ведаеце, вы зрабілі кепска, — зазначыў Дыгары.

— Кепска? — перапытаў дзядзька Эндру, збянтэжана глянуўшы на хлопца. — А, зразумеў. Ты маеш на ўвазе, што маленькія хлопчыкі мусяць выконваць абяцанні. Вельмі слушна, і я рады, што цябе гэтаму навучылі. Але ты павінен зразумець, што правілы такога кшталту, якімі б высакароднымі яны ні здаваліся маленькім хлопчыкам, ці слугам, ці жанчынам, ці нават людзям наогул, не могуць стасавацца да выбітных навукоўцаў, вялікіх мысляроў і мудрацоў. Не, Дыгары. Такія, як я, што валодаюць таемнымі ведамі, вольныя ад агульных правілаў і адрэзаныя ад агульных радасцяў. Нам прыгатаваны вышэйшы і самотны лёс, мой хлопчык.

Сказаўшы гэта, ён уздыхнуў, выглядаючы так урачыста, высакародна і загадкава, што на секунду Дыгары падумаў: дзядзька Эндру сапраўды сказаў нешта слушнае. Але потым хлопец узгадаў агідны выраз на дзядзькавым твары за імгненне да таго, як знікла Полі, і адразу зразумеў, што хавалася за пафаснымі словамі. “Гэта азначае, — сказаў Дыгары сам сабе, — што ён думае, нібыта яму дазволена рабіць усё, каб атрымаць, што ён хоча”.

— Вядома, — працягваў дзядзька Эндру, — я доўгі час не наважваўся адчыніць той куфэрачак, бо ведаў, што ў ім можа быць нешта вельмі небяспечнае. Мая хросная была асаблівай жанчынай. Рэч у тым, што яна была адной з апошніх смяротных у гэтай краіне, якія мелі ў сваім родзе фей. Яна казала, што ў яе час было яшчэ дзве такіх. Адна — герцагіня, а другая — прыбіральшчыца. Насамрэч, Дыгары, ты зараз размаўляеш з апошнім чалавекам, у каго хросная была фея. Вось так! Табе будзе што ўзгадаць, калі станеш стары.

“Яна была злая фея”,— падумаў Дыгары і прамовіў:

— Але што наконт Полі?

— Ды што ты прычапіўся да гэтай тэмы! — усклікнуў дзядзька Эндру. — Гэта ж неістотна! Спярша я, вядома, вывучыў сам куфэрак. Ён быў вельмі старажытны. Ужо тады я ведаў дастаткова, каб зразумець, што ён не з Грэцыі, не са старажытнага Егіпта, Вавілона, Хецкай дзяржавы ці Кітая. Ён быў куды старэйшы за ўсе гэтыя нацыі. О, гэта быў вялікі дзень, калі я спазнаў праўду. Куфэрак быў са зніклай выспы Атлантыда. Гэта азначала, што ён існаваў на стагоддзі раней за любыя рэчы з каменнага веку. I ён не быў падобны да гэтых грубых недасканалых вырабаў. Бо на пачатку часоў Атлантыда ўжо была вялікім горадам з палацамі, храмамі і адукаванымі людзьмі.

Ён спыніўся на імгненне, нібыта чакаючы, што пляменнік нешта скажа. Але дзядзька Эндру з кожнай хвілінай падабаўся Дыгары ўсё меней і меней, таму ён нічога не сказаў.

— Прайшоў час, — працягваў дзядзька Эндру, — і рознымі шляхамі (было б няправільна адкрываць іх дзіцяці) я даведаўся пра Магію агулам. Гэта значыць, што я меў даволі выразнае ўяўленне пра тое, што магло быць у куфэрку. Праводзячы розныя эксперыменты, я змог звузіць колькасць варыянтаў. Мне давялося пазнаёміцца з некаторымі, ну… некаторымі надзвычай дзіўнымі людзьмі і прайсці праз некаторыя страшэнна непрыемныя рэчы. Ад гэтага ў мяне пасівелі валасы. Бо нельга проста так узяць і стаць чараўніком. У выніку маё здароўе было падарванае. Але я ачуняў. I вось урэшце я пра ўсё даведаўся.

I хаця ніхто не мог іх пачуць, ён нахіліўся і амаль прашаптаў:

— У скарбонцы з Атлантыды было штосьці з іншага свету, прынесенае тады, калі наш свет толькі пачынаўся.

— Што? — запытаўся Дыгары, які нечакана для сябе моцна зацікавіўся.

— Толькі пыл, — адказаў дзядзька Эндру. — Дробны сухі пыл. Нічога асаблівага. Але калі я паглядзеў на яго (я прыклаў усе намаганні, каб да яго не дакранацца) і падумаў, што кожная пылінка была ў іншым свеце, — я не маю на ўвазе іншую планету, ведаеш, бо яны — частка нашага свету і да іх можна дабрацца, калі паляцець дастаткова далёка, — у сапраўдным Іншым Свеце, іншай Прыродзе, недзе, куды б ты не здолеў дабрацца, нават калі б ляцеў скрозь космас вечна; у свеце, куды можна трапіць толькі з дапамогай чараўніцтва, — вось!