Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 10
Апісаць адзенне даволі складана. Усе фігуры былі апранутыя ў мантыі, і ў кожнай на галаве была карона. Барвовыя, срэбна-шэрыя, насычана-пурпуровыя і яскрава-зялёныя мантыі былі расшытыя ўзорамі, выявамі кветак і дзівосных звяроў. Каштоўныя камяні неверагодных памераў і зыркасці ззялі на каронах, звісалі на ланцужках з шыяў, выблісквалі адусюль, дзе былі зашпількі,
— Чаму гэтае адзенне даўным-даўно не спарахнела? — запыталася Полі.
— Магія, — прашаптаў Дыгары. — Ты не адчуваеш яе? Магу паспрачацца, што ўвесь гэты пакой проста напоўнены заклёнамі. Я адчуў гэта адразу, як мы ўвайшлі.
— Любы з гэтых строяў каштуе вялізных грошай, — сказала Полі.
Але Дыгары больш цікавілі абліччы. А яны сапраўды былі вартыя ўвагі. Людзі сядзелі на каменных крэслах уздоўж сцен пакоя, а ў сярэдзіне было вольнае месца. Можна было прайсці і разгледзець усе твары па чарзе,
— Думаю, яны былі добрыя людзі,— сказаў Дыгары.
Полі кіўнула. Усе твары, якія яны бачылі, былі, безумоўна, прыемнымі. I мужчыны, і жанчыны выглядалі добрымі і мудрымі, і, відаць, яны былі з прыгожага народу. Але, прайшоўшы некалькі крокаў, дзеці пабачылі твары, якія выглядалі крыху па-іншаму. Яны былі вельмі ўрачыстымі. Сустрэўшы жывых людзей з такімі тварамі, вы адчулі б, што вам трэба сачыць за сваімі паводзінамі. Яшчэ крыху далей дзеці пабачылі абліччы, якія ім не спадабаліся: гэта было дзесьці пасярэдзіне пакоя. Тут твары людзей выглядалі ганарыстымі, задаволенымі і жорсткімі. Далей яны сталі яшчэ больш жорсткія. А потым твары сталі выглядаць зусім бязлітаснымі і ўжо нешчаслівымі. Хутчэй на іх была роспач, нібыта гэтыя людзі рабілі жудасныя ўчынкі і прайшлі праз жахлівыя рэчы. Апошняя постаць была найцікавейшай: жанчына, апранутая багацей за іншых, вельмі высокая (а кожны чалавек у гэтым пакоі быў вышэйшы за людзей у нашым свеце), з такім лютым і ганарыстым тварам, што захоплівала дух. I ў той жа час яна была прыгожая. Шмат гадоў пазней, ужо стары, Дыгары сцвярджаў, што ніколі ў сваім жыцці не бачыў такой прыгожай жанчыны. Застаецца толькі дадаць, што Полі заўсёды казала, нібыта не бачыла ў ёй нічога асабліва прыгожага.
Гэтая жанчына, як я сказаў, была апошняя, але за ёю было шмат пустых крэслаў, нібыта пакой быў разлічаны на куды большую колькасць постацяў.
— Як бы мне хацелася ведаць гісторыю ўсяго гэтага, — сказаў Дыгары. — Давай вернемся і паглядзім на тую штуку накшталт стала ў сярэдзіне пакоя.
Рэч тая аказалася не зусім сталом. Гэта быў квадратны слуп прыблізна ў метр вышынёй. На ім стаяла маленькая залатая арка, у якой вісеў невялічкі залаты звон; а побач з ім ляжаў маленькі залаты малаток, каб званіць.
— Цікава… цікава… — прамовіў Дыгары.
— Здаецца, тут нешта напісана, — заўважыла Полі, нахіліўшыся і разглядаючы бок слупа.
— Нішто сабе, сапраўды! — сказаў Дыгары. — Але, вядома, мы гэтага не прачытаем.
— А можа, і атрымаецца, — адказала Полі.
Яны абодва ўважліва паглядзелі на выразаныя ў камені незнаёмыя літары. I тут здарылася нешта незвычайнае: пакуль яны разглядалі надпіс, хаця форма незнаёмых літар не памянялася, дзеці зразумелі, што могуць прачытаць яго. Калі б Дыгары ўзгадаў свае словы пра тое, што гэты пакой быў зачараваны, ён бы здагадаўся, што заклёны пачалі дзейнічаць. Але Дыгары быў настолькі захоплены, што не думаў пра гэта. Яму ўсё больш і больш карцела даведацца, што напісана на слупе. I хутка яны абодва даведаліся. Там было напісана вось што — прынамсі, агульны сэнс, хаця ў арыгінале верш быў больш паэтычны:
Абірай, чужак вандроўны:
Біць у звон — сцягнуць праклёны —
Ці да вар’яцтва з думкай жыць,
Што будзе, калі так зрабіць.
— Яшчэ чаго! — сказала Полі.— Не трэба нам ніякіх праклёнаў.
— Хіба ты не разумееш, што не ўсё так проста? — прамовіў Дыгары. — Мы не можам вось так сысці. Мы заўсёды будзем думаць, што адбылося б, калі б мы пазванілі ў звон. Я не збіраюся вярнуцца дамоў і звар’яцець ад гэтага. Нават і не прасі!
— Не будзь такім дурнем, — запярэчыла Полі.— Нібыта нехта на гэта купіцца! Якая розніца, што адбылося б?
— Думаю, той, хто дайшоў да гэтага моманту, проста асуджаны працягваць гадаць, што здарылася б, пакуль не страціць розум. Тут дзейнічае магія, зразумей. Я пачынаю адчуваць, што яна ўжо на мяне ўплывае.
— А я не адчуваю, — раздражнёна азвалася Полі.— I не веру, што яна дзейнічае на цябе. Ты проста прыкідваешся.
— Нічога іншага я ад цябе і не чакаў,— сказаў Дыгары. — Гэта таму, што ты дзяўчынка. Дзяўчынкі ніколі нічога не хочуць ведаць, акрамя плётак і розных бздураў кшталту хто з кім заручыўся.
— Ты зараз выглядаеш дакладна як твой дзядзька Эндру, — зазначыла Полі.
— Чаму ты ўвесь час пераводзіш размову? — сказаў Дыгары. — Мы казалі пра…
— Тыповы мужчына! — мовіла Полі дарослым голасам, але хутка дадала сваім звычайным тонам: — Толькі не кажы, што я тыповая жанчына, бо гэта будзе звычайным малпаваннем.
— Я і не падумаў бы назваць жанчынай такое дзіця як ты, — фанабэрыста сказаў Дыгары.
— Я — дзіця, так? — вымавіла Полі, якая зараз была сапраўды раз’юшаная. — Ведаеш, тады гэтае дзіця больш не будзе турбаваць цябе сваёй прысутнасцю. З мяне хопіць. З мяне дастаткова гэтага месца. I цябе з мяне таксама хопіць, ты, агідная, ганарыстая, упартая свіння!
— А ну кінь! — сказаў Дыгары голасам, які прагучаў больш пагрозліва, чым ён таго жадаў, бо пабачыў, як Полі пацягнулася да кішэні, каб надзець жоўты пярсцёнак.