Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 11

Я не магу апраўдаць тое, што ён зрабіў пасля. Мушу хіба адзначыць, што ён вельмі шкадаваў пра гэта потым (і даволі шмат іншых людзей таксама). Раней, чым Полі дацягнулася да кішэні, ён схапіў яе запясце, нахіліўшыся наперад, спінай да яе. Потым, трымаючы другую руку Полі локцем, ён узяў малаток і стукнуў у залаты звон лёгкім спрытным ударам. Затым ён адпусціў Полі, і яны адскочылі адно ад аднаго, пільна гледзячы вочы ў вочы і цяжка дыхаючы. Полі пачала плакаць. Не ад страху і нават не таму, што ён зрабіў ёй балюча, а ад лютай злосці. Але праз дзве секунды яны ўжо не думалі пра сварку, бо здарылася яшчэ адна незвычайная рэч.

Як толькі ў звон ударылі, ён выдаў ноту. Салодкую, як можна было б чакаць, і не вельмі гучную. Але замест таго, каб сціхнуць, яна працягвалася. I чым даўжэй яна гучала, тым мацнейшай рабілася. Не прайшло і хвіліны, як яна стала ўдвая грамчэйшай, чым у пачатку. I хутка гук стаў настолькі моцным, што, калі б дзеці паспрабавалі нешта сказаць (але яны не думалі пра тое, каб нешта сказаць, проста стаялі з раскрытымі ратамі), то не пачулі б адно аднаго. Вельмі хутка гук стаў такі аглушальны, што дзеці не пачулі б адно аднаго, нават калі б крычалі. I ён рабіўся ўсё мацнейшым — на адной ноце, бясконцы салодкі гук, хаця ў яго салодкасці было штосьці жудаснае. Паветра ў гэтым велізарным пакоі пачало пульсаваць, дзеці адчулі, як каменная падлога дрыжыць пад нагамі.

Потым нарэшце ён пачаў змешвацца з іншым гукам: няясным шумам, які спачатку нагадваў грукат далёкага цягніка, а пасля — гук падаючага дрэва. Тое, што яны чулі, сапраўды было падобна да гуку падзення вельмі цяжкіх рэчаў. Урэшце раптоўна, хутка, з грукатам, скалануўшы ўсё так, што дзеці ледзь утрымаліся на нагах, частка даху ў адным з канцоў пакоя абрынулася ўнутр, агромністыя кавалкі паляцелі на зямлю, сцены задрыжалі. Звон перастаў гучаць. Аблокі пылу развеяліся. Усё зноў сціхла.

Ці дах абрынуўся праз магію, ці праз тое, што гучны звон патрапіў у такую ноту, якую гэтыя спарахнелыя сцены не змаглі вытрымаць, так і засталося загадкай.

— Выдатна! Спадзяюся, цяпер ты задаволены, — выдыхнула Полі.

— У любым выпадку, усё скончылася, — сказаў Дыгары.

I абодва падумалі, што так і ёсць. Але яны ніколі яшчэ так не памыляліся.

Непапраўнае Слова

Дзеці ўсё стаялі насупраць адно аднаго каля калоны, над якой, усё яшчэ дрыжучы, але без аніякага гуку, вісеў звон. Раптам яны пачулі ціхі гук з непашкоджанага канца пакоя. З хуткасцю маланкі яны азірнуліся, каб паглядзець, што гэта.

Адна з постацяў у мантыі, самая далёкая, жанчына, якая падалася Дыгары такой прыгожай, падымалася з крэсла. Калі яна паднялася, дзеці ўбачылі, што яна нават вышэйшая, чым здавалася напачатку. I было зразумела, не толькі з-за кароны і мантыі, але па ззянні вачэй і выгіне вуснаў, што гэта каралева. Яна агледзела пакой, пабачыла дзяцей, але па яе твары немагчыма было здагадацца, што яна падумала і ці здзівілася. Каралева шырокімі крокамі падышла бліжэй.

— Хто пабудзіў мяне? Хто зняў заклён? — запыталася яна.

— Гэта, напэўна, я, — прамовіў Дыгары.

— Ты! — сказала Каралева, паклаўшы рукі яму на плечы — белыя, прыгожыя рукі, але Дыгары адчуў, што яны моцныя, як сталёвыя абцугі.— Ты? Але ж ты толькі дзіця, звычайнае дзіця. Любому зразумела, што ў тваіх жылах няма і кроплі каралеўскай ці шляхецкай крыві. Як ты наважыўся ўвайсці ў гэты дом?

— Мы прыйшлі з іншага свету дзякуючы магіі,— патлумачыла Полі, якая вырашыла, што Каралеве ўжо час звярнуць увагу і на яе, а не толькі на Дыгары.

— Гэта праўда? — запыталася Каралева, працягваючы глядзець на Дыгары і нават не зірнуўшы на Полі.

— Так, праўда, — адказаў ён.

Каралева ўзяла яго за падбароддзе, каб лепей бачыць ягоны твар. Дыгары паспрабаваў таксама глядзець на яе, але адразу апусціў вочы. У ёй было нешта мацнейшае за яго. Уважліва разгледзеўшы твар Дыгары, Каралева адпусціла яго падбароддзе і вымавіла:

— Ты не чараўнік. На табе няма пазнакі. Ты, пэўна, толькі служка чараўніка. Вы трапілі сюды праз магію кагосьці іншага.

— Гэта быў мой дзядзька Эндру, — сказаў Дыгары.

У гэтае імгненне не ў самім пакоі, але дзесьці зусім блізка пачуўся спачатку грукат, пасля скрыгат, а потым роў падаючых камянёў, і падлога задрыжала.

— Тут небяспечна, — сказала Каралева. — Палац рассыпаецца. Калі мы не выберамся адсюль, то праз пару хвілін будзем пахаваныя пад руінамі.

Казала яна пра гэта вельмі спакойна. “Хадзем”,— дадала яна і ўзяла дзяцей за рукі. Полі, якой Каралева не падабалася, не хацела, каб яе бралі за руку. Але, нягледзячы на тое, што Каралева гаварыла спакойна, рухалася яна вельмі хутка. Раней, чым Полі зразумела, што адбываецца, моцная рука схапіла яе.

“Жудасная жанчына, — падумала Полі.— Яна, калі захоча, зломіць маю руку адным рухам. I цяпер, калі яна трымае мяне за левую руку, я не магу дастаць жоўты пярсцёнак. Калі я паспрабую дацягнуцца да левай кішэні правай рукой, яна адразу заўважыць і запытаецца, што я раблю. Ні ў якім разе нельга, каб яна даведалася пра пярсцёнкі. Вельмі спадзяюся, што ў Дыгары хопіць розуму маўчаць… Калі б толькі ў мяне быў шанец перамовіцца з ім”.

Каралева вывела іх з Залы Постацяў у доўгі калідор і павяла праз лабірынт залаў, лесвіц і двароў. Зноў і зноў яны чулі, як абрынаюцца часткі вялікага палаца, часам даволі блізка ад іх. Адна з велізарных арак з громападобным грукатам абвалілася, як толькі яны прайшлі праз яе.

Каралева ішла хутка — дзецям даводзілася бегчы, каб паспяваць. Але па ёй было відаць, што яна не баіцца. Дыгары падумаў: “Яна неверагодна смелая. I моцная. Сапраўдная каралева! Я вельмі спадзяюся, што яна распавядзе нам гісторыю гэтага месца”.