Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 12
I яна сапраўды распавядала ім некаторыя рэчы, пакуль яны ішлі.
“Гэтыя дзверы вядуць ў сутарэнні,— казала яна. — Гэты праход вядзе да галоўных камер катаванняў”, або: “Тут была старая банкетная зала, куды мой прадзед запрасіў сямсот шляхцічаў на банкет і забіў іх усіх яшчэ да таго, як яны напіліся. У іх быў намер падняць паўстанне”.
Нарэшце яны прыйшлі ў найвялікшую і найвышэйшую залю з усіх, якія дзеці дагэтуль бачылі. З-за яе памераў і вялікіх дзвярэй у дальнім канцы Дыгары падумаў, што яны прыйшлі да галоўнага ўваходу. I ён меў рацыю. Дзверы былі цьмяна-чорныя, з чорнага дрэва ці з нейкага чорнага металу, якога ў нашым свеце няма. Яны былі замкнёныя на таўшчэзныя засаўкі, большасць якіх была занадта высока, каб дастаць. “Як жа яны адчыняюцца?” — падумаў Дыгары.
У гэты час Каралева адпусціла іх рукі і падняла свае. Яна выцягнулася ва ўвесь рост і застыла нерухома. Потым сказала штосьці, чаго яны не зразумелі (але гучалі тыя словы жахліва), і зрабіла рух, быццам нешта кінула ў бок дзвярэй. Высокія і цяжкія дзверы на секунду задрыжалі, а пасля рассыпаліся ўшчэнт, і ад іх не засталося нічога, акрамя купкі пылу на парозе.
Дыгары прысвіснуў.
— Ці мае твой гаспадар чараўнік, твой дзядзька, сілу, як мая? — запыталася Каралева, ізноў моцна схапіўшы Дыгары за руку. — Гэта я дазнаюся пазней. А пакуль запомніце, што вы пабачылі. Так здараецца з рэчамі і людзьмі, якія заступаюць мне дарогу.
Праз дзвярны праём, цяпер пусты, лілося святло, і калі Каралева правяла дзяцей скрозь брамы, яны не здзівіліся таму, што апынуліся на вуліцы. Вецер, сцюдзёны і затхлы, дзьмуў у твар. Яны сталі на высокай тэрасе, а ўнізе ляжала дзівоснае наваколле.
Над самым даляглядам вісела аграмаднае чырвонае сонца, нашмат большае і старэйшае за нашае. Яно быццам бы дажывала свой век, стомленае ад гэтага свету. Злева ад сонца і значна вышэй яскрава свяціла вялікая зорка. Толькі гэтыя дзве рэчы былі на цёмным небе; яны выглядалі гнятліва. А на зямлі ва ўсе бакі, наколькі хапала зроку, раскінуўся велізарны горад, у якім не было заўважна ніводнай жывой душы. I ўсе храмы, вежы, палацы, піраміды і масты адкідвалі доўгія вусцішныя цені. Некалі праз горад цякла вялікая рака, але цяпер гэта быў проста шырокі канал з шэрым пылам.
— Глядзіце ўважліва на тое, чаго ніхто больш ніколі не ўбачыць, — сказала Каралева. — Гэта быў Чарн, магутны горад, горад Цара Цароў, з якога дзівіўся ўвесь свет, магчыма, усе сусветы. Хлопчык, твой дзядзька кіруе горадам, такім жа вялікім, як гэты?
— Не, — адказаў Дыгары. Ён збіраўся патлумачыць, што дзядзька Эндру не кіруе аніякім горадам, але Каралева працягвала:
— Цяпер тут цішыня. Але я стаяла тут, калі ўсё паветра поўнілася гукамі Чарна: тупатам ног, рыпеннем колаў, шчоўканнем бізуноў і стогнамі рабоў, громам калясніц і боем барабанаў, калі ў храмах прыносіліся ахвяры. Я была тут (гэта быў амаль канец), калі роў бітвы падымаўся над кожнай вуліцай і рака Чарна сталася чырвонай. — Яна замаўчала і дадала: — Але адна жанчына знішчыла ўсё навечна.
— Хто? — запытаўся Дыгары слабым голасам; але ён ужо здагадаўся.
— Я, — адказала Каралева. — Я, Джадзіс, апошняя Каралева, Каралева Свету.
Двое дзяцей стаялі моўчкі, дрыжучы ад сцюдзёнага ветру.
— У гэтым вінаватая мая сястра, — сказала Каралева. — Яна вымусіла мяне гэта зрабіць. Хай праклён усіх сілаў будзе на ёй назаўжды! Я была гатовая да міру ў любы момант! Я нават была гатовая захаваць яе жыццё, калі б яна толькі пакінула мне трон. Але яна не захацела. Яе гонар загубіў увесь свет. З пачаткам вайны было заключана пагадненне, што ніводзін з бакоў не будзе выкарыстоўваць Магію. Але яна парушыла абяцанне, што я магла зрабіць? Дурніца! Нібыта яна не ведала, што ў мяне больш Магіі, чым у яе! Яна нават ведала, што я валодаю сакрэтам Непапраўнага Слова. Ці яна думала, што я не скарыстаю яго?
— А што гэта такое? — запытаўся Дыгары.
— Таямніца з таямніц, — сказала Каралева Джадзіс. — Вялікія каралі нашага роду даўно ведалі, што ёсць слова, якое, калі сказаць яго з патрэбнымі абрадамі, знішчыць усё жывое, акрамя таго, хто яго вымавіў. Але старажытныя каралі былі занадта слабымі ды мяккімі, яны звязалі сябе і нашчадкаў страшнай клятвай: ніколі не шукаць ведання гэтага слова. Я даведалася яго ў таемным месцы і заплаціла за гэта жахлівым коштам. Я не выкарыстоўвала яго, пакуль сястра не змусіла мяне. Я змагалася супраць яе ўсімі іншымі сродкамі. Кроў маіх войскаў лілася, як вада…
“Пачвара!” — падумала Полі.
— Апошняя вялікая бітва, — сказала Каралева, — кіпела тры дні. Тут, у самім Чарне. Тры дні я глядзела на яе якраз адсюль. Я не выкарыстоўвала сваю сілу, пакуль апошні мой жаўнер не загінуў і тая праклятая жанчына, мая сястра, на чале сваіх паўстанцаў не паднялася да сярэдзіны вялікай лесвіцы, якая вяла ад горада да гэтай тэрасы. Яна наблізілася да мяне, зірнула сваімі жудаснымі, подлымі вачыма і сказала: “Перамога!” “Так, — сказалая. — Толькі не твая”. I тады я прамовіла Непапраўнае Слова. У той жа момант я засталася адзінай жывой істотай пад сонцам.
— А як жа людзі? — выдыхнуў Дыгары.
— Якія людзі, хлопчык? — запыталася Каралева.
— Усе простыя людзі,— сказала Полі,— якія нічога ніколі вам не зрабілі: жанчыны, дзеці… I жывёлы.
— Ты не разумееш? — перапытала Каралева (працягваючы размаўляць з Дыгары). — Я была Каралевай. Яны — мае падданыя. Навошта ж яшчэ яны былі, акрамя таго, як спаўняць маю волю?
— Усё ж ім не пашанцавала, — сказаў Дыгары.