Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 13

— Я забылася, што ты толькі звычайны хлопчык. Ты не ведаеш, што такое дзяржаўныя справы. Ты мусіш зразумець, дзіця: што непрымальнае для цябе ці для іншага звычайнага чалавека, прымальнае для такой вялікай Каралевы, як я. На нашых плячах цяжар свету. Мы мусім быць вольныя ад усіх правілаў. Нам прыгатаваны вышэйшы і самотны лёс.

Дыгары раптам узгадаў, што дзядзька Эндру ўжыў менавіта такія ж словы. Але яны гучалі значна больш пераканаўча, калі іх вымавіла Каралева Джадзіс. Магчыма, таму, што дзядзька Эндру не быў так асляпляльна велічны.

— I што вы тады зрабілі? — запытаўся Дыгары.

— Я наклала моцны заклён на залу, у якой знаходзяцца постаці маіх продкаў. Таму я заснула сярод іх і магла спаць, хаця б прайшла тысяча год да таго, як нехта прыйдзе, ударыць у звон і абудзіць мяне.

— Гэта Непапраўнае Слова зрабіла сонца такім? — запытаўся Дыгары.

— Якім “такім”? — мовіла Джадзіс.

— Вялікім, чырвоным і халодным.

— Яно заўсёды такое, — адказала Джадзіс. — Прынамсі, сотні тысяч год. Ці ў вашым свеце сонца іншае?

— Так, яно меншае і жаўцейшае. I ад яго нашмат больш цеплыні.

— А-а-а, — працягнула Каралева. I Дыгары заўважыў на яе твары такі ж самы прагны выраз, які нядаўна бачыў на твары дзядзькі Эндру. — Значыцца, — сказала яна, — ваш свет маладзейшы.

Яна замаўчала на імгненне, каб яшчэ раз паглядзець на спустошаны горад. Калі яна і шкадавала пра тое зло, якое зрабіла, то зусім не паказвала гэтага. Затым сказала:

— Цяпер давайце выпраўляцца. Тут, напрыканцы ўсіх вякоў, занадта халодна.

— Выпраўляцца куды? — удваіх запыталіся дзеці.

— Куды? — здзіўлена перапытала Джадзіс. — У ваш свет, вядома.

Полі і Дыгары ў жаху зірнулі адно на аднаго. Полі з самага пачатку не спадабалася Каралева, і нават Дыгары, пасля таго як пачуў усю гісторыю, адчуваў, што ўжо дастаткова даведаўся пра гэтую дзіўную жанчыну. Ён ніколі не запрасіў бы такога чалавека дадому. Яны хацелі выбрацца самі, але Полі не магла дацягнуцца да свайго пярсцёнка, і, вядома, Дыгары не мог выправіцца без яе. Ён моцна пачырванеў і пачаў заікацца.

— Н-н-наш свет? Я не ведаў, што вы захочаце адправіцца туды.

— А для чаго яшчэ вас паслалі сюды, як не прывесці мяне? — запыталася Джадзіс.

— Я ўпэўнены, вам зусім не спадабаецца наш свет, — сказаў Дыгары. — Так, Полі? Там вельмі сумна, няма на што паглядзець, праўда.

— Хутка там будзе на што паглядзець, калі я стану кіраваць ім, — адказала Джадзіс.

— Але вы не можаце, — сказаў Дыгары. — У нас усё не так. Вам не дазволяць, ведаеце.

Каралева пагардліва ўсміхнулася:

— Шмат якія каралі думалі, што здолеюць выстаяць супраць Дому Чарна. Але яны ўсе палі, і нават іх імёны забытыя. Дурны хлопец! Не міне і года, як я, з маёй прыгажосцю і Магіяй, пакладу ўвесь ваш свет да сваіх ног! Рыхтуйце свае заклёны і перанясіце мяне туды зараз жа.

— Гэта проста жах, — сказаў Дыгары Полі.

— Магчыма, ты баішся за свайго дзядзьку, — адказала Джадзіс. — Але калі ён ушануе мяне, то захавае жыццё і трон. Я не збіраюся змагацца з ім. Ён, відаць, вельмі магутны чараўнік, калі знайшоў, як даслаць вас сюды. Ён кароль усяго вашага свету ці толькі яго часткі?

— Ён увогуле не кароль, — вымавіў Дыгары.

— Ты хлусіш, — сказала Каралева. — Магія заўсёды перадаецца з каралеўскай крывёй. Звычайны чалавек не можа быць чараўніком. Значыць, твой дзядзька — вялікі кароль і вялікі чараўнік твайго свету. Дзякуючы свайму майстэрству ён пабачыў мой твар у нейкім магічным люстры ці зачараваным возеры і, захоплены маёй прыгажосцю, стварыў магутны заклён, які скалануў ваш свет да самых падвалінаў. Ён даслаў вас сюды, праз бездань паміж сусветамі, каб знайсці маю прыхільнасць і прывесці мяне да яго. Адказвай: так і было?

— Ну, не зусім, — сказаў Дыгары.

— Не зусім?! — крыкнула Полі.— Ты што? Гэта ж суцэльная лухта ад пачатку да канца!

— Нягодніца! — закрычала раз'юшаная Каралева, павярнуўшыся да Полі і схапіўшы яе за валасы, блізка да каранёў, дзе найбольш балюча. Але, зрабіўшы так, яна выпусціла рукі абодвух дзяцей.

— Давай! — гукнуў Дыгары, і Полі крыкнула:

— Хутчэй!

Яны засунулі рукі ў левыя кішэні. Як толькі дзеці дакрануліся да пярсцёнкаў, увесь гэты вусцішны свет знік з вачэй. Яны імкліва несліся ўверх, і цёплае зялёнае святло над іх галовамі набліжалася.

У дзядзькі Эндру пачынаюцца непрыемнасці

Пусці! Пусці! — крычала Полі.

— Я цябе не чапаю! — адказаў Дыгары.

Іх галовы паказаліся на паверхні. Наўкол ізноў была сонечная цішыня Лесу Паміж Сусветамі. Пасля руінаў палаца, якія яны толькі што пакінулі, лес выглядаў яшчэ больш цёплым і мірным. Я думаю, калі б у дзяцей была магчымасць, яны б зноў забыліся, хто яны і адкуль, прылеглі і, напалову заснуўшы, з асалодай слухалі, як растуць дрэвы. Але гэтым разам адна рэч прымусіла іх адкінуць супакой і дрымоту: яны зразумелі, што не адны. Каралева, ці Вядзьмарка (называйце яе, як вам падабаецца), перанеслася з імі, учапіўшыся за валасы Полі. Вось таму дзяўчынка і крычала: “Пусці!”

Дарэчы, гэта выявіла яшчэ адну якасць пярсцёнкаў, пра якую дзядзька Эндру не сказаў Дыгары, бо сам не ведаў. Каб пераскокваць са свету ў свет, не абавязкова самому надзяваць пярсцёнак ці датыкацца да яго. Дастаткова дакрануцца да таго, хто кранаецца пярсцёнка. У гэтым сэнсе яны спрацоўвалі як магніты. Усім вядома: калі падчапіць шпільку магнітам, любая іншая шпілька, якая датыкнецца да першай, таксама прычэпіцца.