Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 15
— Я-я-я… пайду і закажу брычку, — задыхаючыся прамовіў дзядзька Эндру.
— Стаяць, — сказала Вядзьмарка, якраз калі ён дайшоў да дзвярэй. — Нават і не думай аб здрадзе. Мае вочы бачаць скрозь сцены і сягаюць у розумы людзей. Мой позірк будзе на табе, куды б ты ні пайшоў. Пры першым жа знаку непадпарадкавання я нашлю на цябе такі заклён, што ўсё, на што ты сядзеш, будзе як гарачае жалеза, а калі ты пакладзешся ў ложак, каля тваіх ног будуць нябачныя глыбы лёду. А цяпер пайшоў.
Стары выйшаў, нагадваючы сабаку, што падціснуў хвост.
Цяпер дзеці спужаліся: раптам Джадзіс скажа ім штосьці наконт таго, што адбылося ў лесе. Але, як аказалася, яна ніколі не ўзгадвала пра гэта — ні тады, ні пасля. Я думаю (і Дыгары таксама), што розум Вядзьмаркі быў так уладкаваны, што яна не магла ўвогуле запомніць тое ціхае месца. I не важна, як часта і як доўга яна б там была, — яна ўсё адно нічога пра гэта не ўзгадае. Цяпер, калі Вядзьмарка засталася адна з дзецьмі, яна не звяртала на іх аніякай увагі. I гэта таксама было ёй уласціва. У Чарне яна не звяртала ўвагі на Полі (да самага канца), бо хацела скарыстацца Дыгары. Цяпер, калі ў яе быў дзядзька Эндру, яна не заўважала Дыгары. Думаю, большасць вядзьмарак такія. Ім цікавыя рэчы ці людзі, толькі калі іх можна выкарыстаць; вядзьмаркі неверагодна прагматычныя. Таму хвіліну ці дзве ў пакоі стаяла цішыня. Але па тым, як Джадзіс пастуквала нагой, можна было сказаць, што яна траціць цярплівасць.
Праз нейкі час яна сказала, нібыта сама сабе: “Што гэты стары дурань робіць? Трэба было ўзяць бізун”. Не кінуўшы нават позірку на дзяцей, яна выйшла з пакоя.
— Фух! — з палёгкай выдыхнула Полі.— А цяпер я мушу ісці дамоў. Позна ўжо. Ну і дастанецца мне!
— Калі ласка, вельмі цябе прашу, вярніся, як толькі здолееш, — узмаліўся Дыгары. — Гэта проста катастрофа. Нам трэба прыдумаць нейкі план.
— Цяпер гэта справа твайго дзядзькі,— сказала Полі.— Гэта ён усё пачаў. Дагуляўся з магіяй.
— Але ты ўсё адно вернешся, так? Каб гэта ўсё правалілася… Ты не можаш пакінуць мяне аднаго.
— Я пайду дамоў праз тунэль, — даволі халодна адказала Полі.— Так будзе найхутчэй. I калі ты хочаш, каб я вярнулася, думаю, табе варта папрасіць прабачэння.
— Папрасіць прабачэння? — усклікнуў Дыгары. — Вы толькі паглядзіце, ну і хіба гэта не па-дзявочаму? Што я зрабіў?
— О, вядома ж, нічога, — саркастычна прамовіла Полі.— Толькі ледзь не адкруціў мне руку ў пакоі з васкавымі фігурамі, як палахлівы хуліган. Проста стукнуў у звон тым малатком, як поўны дурань. Проста павярнуўся назад, калі мы былі ў лесе, так што яна паспела схапіцца за цябе, перш чым мы скочылі ў азярко. Толькі і ўсяго.
— А-а-а… — вельмі здзіўлена сказаў Дыгары. — Ну, добра, я перапрашаю. Я сапраўды прашу прабачэння за тое, што адбылося ў пакоі з васкавымі фігурамі.
Бось, я папрасіў прабачэння. А цяпер, прашу цябе, зрабі ласку, вяртайся. Я апынуся ў жахлівай сітуацыі, калі ты не вернешся.
— Не разумею, што можа з табой здарыцца. Гэта ж містар Кэтэрлі будзе сядзець на гарачых крэслах і спаць у ледзяным ложку, ці не так?
— Я не пра гэта, — сказаў Дыгары. — Я турбуюся за маму. Што, калі гэтая істота зойдзе ў яе пакой? Яна можа да смерці яе спужаць.
— Вох, разумею, — адказала Полі ўжо іншым голасам. — Добра. Абвесцім перамір'е. Я вярнуся, калі атрымаецца. Але цяпер я мушу ісці.— I яна пралезла праз маленькія дзверы ў тунэль. Гэтае цёмнае месца сярод бэлек, якое выглядала такім таямнічым некалькі гадзінаў таму, цяпер было звычайным і знаёмым.
Зараз мы мусім вярнуцца да дзядзькі Эндру. Яго беднае старое сэрца шпарка білася, пакуль ён, пахістваючыся, спускаўся па лесвіцы з гарышча. Ён увесь час выціраў лоб насоўкай. Урэшце дабраўшыся да сваёй спальні, якая была паверхам ніжэй, ён зачыніўся і перш за ўсё адшукаў у шафе бутэльку і келіх, якія заўсёды хаваў там, дзе цётка Лэці не магла іх знайсці. Дзядзька Эндру наліў поўны келіх нейкага агіднага напою, які п’юць дарослыя, і праглынуў усё адным глытком. Потым глыбока ўздыхнуў.
— Шчыра кажучы, — сказаў ён сабе, — я жудасна дрыжу. Гэта вельмі шкодна! У маім веку!
Ён наліў другі келіх і таксама выпіў; потым пачаў пераапранацца. Вы ніколі не бачылі такога адзення, але я яго памятаю. Ён апрануў вельмі высокі, бліскучы, цвёрды каўнер, які прымушаў увесь час высока трымаць падбароддзе. Надзеў белую камізэльку з узорам і ўладкаваў залаты ланцуг для гадзінніка ўпоперак грудзей. Потым апрануў лепшы фрак, які трымаў для вяселляў і пахаванняў. Дастаў лепшы высокі капялюш і пачысціў яго. На туалетным століку стаяла ваза з кветкамі (пастаўленая цёткай Лэці), і ён выцягнуў адну кветку і ўваткнуў яе ў пятліцу. Затым дастаў з маленькай шуфлядкі чыстую насоўку (добрую, зараз такіх не набыць) і крапнуў на яе парфумы. Ён узяў манокль на шырокай чорнай стужцы і ўставіў яго ў вока; пасля паглядзеў на сябе ў люстэрка.
У дзяцей, як вы ведаеце, свая дурнота, у дарослых — свая. У гэты момант дзядзька Эндру пачаў паводзіць сябе па-дурному ў вельмі характэрнай для дарослых манеры. Цяпер, калі ён больш не знаходзіўся ў адным пакоі з Вядзьмаркай, ён забыўся, як яна яго спалохала, і ўсё больш і больш думаў аб яе дзівоснай прыгажосці. Ён паўтараў і паўтараў сабе: “Шалёна прыгожая жанчына, сэр, шалёна прыгожая жанчына. Выбітнае стварэнне”. Таксама ён нейкім чынам забыўся, што гэта дзеці спрычыніліся да з’яўлення тут “выбітнага стварэння”: ён пачуваўся, нібыта ён сам з дапамогай сваёй Магіі выклікаў яе з невядомых сусветаў.
— Эндру, даражэнькі,— сказаў ён сам сабе, гледзячы ў люстэрка. — Ты пякельна добра выглядаеш для чалавека твайго ўзросту. Вы — мужчына, які выглядае выключна, сэр.