Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 16

Бачыце, гэты неразумны стары чалавек сапраўды пачынаў уяўляць, што Вядзьмарка закахаецца ў яго. Напэўна, да гэтага мелі дачыненне два выпітыя келіхі, а таксама яго найлепшая вопратка. Але, так ці іначай, ён быў надзьмуты ад самазахаплення, як паўлін. Менавіта таму ён і стаў чараўніком.

Ён адамкнуў дзверы, спусціўся ўніз, паслаў пакаёўку па экіпаж (усе мелі шмат прыслугі ў тыя дні) і зазірнуў у гасцёўню. Там, як ён і чакаў, была цётка Лэці. Яна засяроджана зашывала матрац, што ляжаў на падлозе ля акна.

— Ах, Летыцыя, мая дарагая, — сказаў дзядзька Эндру. — Мне, э-гм, трэба з’ездзіць у горад. Пазыч мне фунтаў пяць ці каля таго, будзь добрай дзічынкай (так ён вымаўляў “дзяўчынка”).

— Не, дарагі Эндру, — адказала цётка Лэці цвёрдым, але ціхім голасам, не падымаючы вачэй ад працы. — Я ўжо безліч разоў паўтарала, што не буду пазычаць грошы.

— Малю цябе, не стварай праблемы, мая дарагая дзічынка, — мовіў дзядзька Эндру. — Гэта вельмі важная справа. Ты паставіш мяне ў жудасна няёмкае становішча, калі не пазычыш.

— Эндру, — прагаварыла цётка Лэці, гледзячы проста яму ў твар. — Я дзіўлюся, што табе не сорамна прасіць у мяне грошы.

За гэтымі словамі хавалася доўгая нецікавая гісторыя ў стылі дарослых. Калі каротка, то дзядзька Эндру “вёў справы дарагой Лэці”, ніколі не працаваў і часта выстаўляў вялікія рахункі на брэндзі і цыгары (якія цётка Лэці аплочвала зноў і зноў). Гэтым ён зрабіў яе значна бяднейшай, чым трыццаць год таму.

— Мая дарагая дзічынка, — сказаў дзядзька Эндру. — Ты не разумееш. У мяне сёння даволі непрадбачаныя выдаткі. Мне трэба зладзіць невялікую забаву. Ну давай, не будзь занудай.

— I каго ж ты збіраешся забаўляць, Эндру? — запыталася цётка Лэці.

— Эм… эм… толькі што да мяне прыбыў надзвычайны госць.

— Надзвычайная лухта! — сказала цётка Лэці.— У дзверы за апошнюю гадзіну ніхто не званіў.

У гэты момант дзверы раптоўна расчыніліся. Цётка Лэці азірнулася і са здзіўленнем пабачыла, што на парозе стаіць высачэзная жанчына, багата і пышна апранутая, рукі аголеныя, вочы гараць. Гэта была Вядзьмарка.

Што здарылася ля ўваходных дзвярэй

Колькі я мушу чакаць на сваю калясніцу, раб? — загрымела Вядзьмарка. Дзядзька Эндру адступіў. Цяпер, калі яна стаяла тут, усе дурныя думкі, што былі ў яго, калі ён глядзеўся ў люстэрка, выветрыліся. Але цётка Лэці адразу паднялася з каленяў і выйшла на сярэдзіну пакоя.

— Хто гэтая маладая асоба, магу я запытацца, Эндру? — сказала цётка Лэці халодным тонам.

— Відная замежніца, в-вельмі важная асоба, — запыкаў той.

— Бязглуздзіца! — адказала цётка Лэці і, павярнуўшыся да Вядзьмаркі, загадала:

— Зараз жа прэч з майго дому, бессаромная дзеўка, інакш я паклічу паліцыю!

Яна падумала, што Вядзьмарка, напэўна, з цырку, і ёй вельмі не падабаліся аголеныя рукі.

— Што гэта за жанчына? — запыталася Джадзіс. — На калені, нягодніца, пакуль я цябе не пракляла!

— Ніякай кляцьбы ў гэтым доме, юная лэдзі,— сказала цётка.

Як падалося дзядзьку Эндру, Каралева імгненна стала яшчэ вышэй ростам. Агонь жахаў з яе вачэй; яна выпрастала руку з тым жа самым жэстам і жахлівымі словамі, якія нядаўна ператварылі ў пыл брамы палаца ў Чарне. Але нічога не адбылося. Толькі цётка Лэці, мяркуючы, што тыя страшэнныя словы мусілі быць звычайныя, зазначыла:

— Я так і думала. Гэтая жанчына п'яная. Пяная! Яна нават не можа разборліва гаварыць.

Напэўна, гэта быў жахлівы момант для Вядзьмаркі. Яна раптоўна зразумела, што яе ўменне ператвараць людзей у пыл, якое дзейнічала ў яе свеце, не працуе ў нашым. Але яна не разгубілася. Джадзіс рынулася наперад, схапіла цётку Лэці за шыю і калені, падняла над галавой, нібыта яна была не цяжэйшая за ляльку, і кінула яе праз пакой. Цётка Лэці ўсё яшчэ ляцела, калі служанка (у якой выдалася на дзіва захапляльная раніца) прасунула галаву ў дзверы і сказала:

— Выбачайце, сэр, экіпаж прыбыў.

— Вядзі, раб, — загадала Вядзьмарка дзядзьку Эндру. Ён пачаў мармытаць нешта накшталт “недаравальны гвалт… мушу выказаць глыбокую заклапочанасць”, але ад адзінага позірку Джадзіс у яго заняло мову. Каралева рушыла наперад, дзядзька Эндру затэпаў за ёй; Дыгары збягаў па лесвіцы менавіта ў час, калі за імі зачыніліся дзверы.

— Нішто сабе! — сказаў ён. — Яна гуляе па Лондане! З дзядзькам Эндру. Што ж цяпер будзе?

— Ой, — сказала служанка (у якой сапраўды быў надзвычайны дзень). — Здаецца, міс Кэтэрлі выцялася.

Таму яны абодва паспяшаліся ў гасцёўню, каб паглядзець, што адбылося.

Калі б цётка Лэці звалілася на голыя дошкі ці нават на дыван, я мяркую, усе яе косткі былі б пераламаныя, але дзякуючы неверагодна шчасліваму выпадку яна ўпала на матрац. Цётка Лэці была вельмі моцнай старой: цёткі часта былі такія ў тыя дні. Панюхаўшы нашатырнага спірту і пасядзеўшы спакойна пару хвілін, яна сказала, што ў яе ўсё добра, акрамя некалькіх сінякоў. Вельмі хутка яна ўзяла сітуацыю пад кантроль.

— Сара, — загадала яна служанцы (у якой ніколі не было такога цікавага дня). — Зараз жа пайдзі ў паліцыю і скажы, што на свабодзе разгульвае небяспечная звар'яцелая асоба. Я сама занясу абед місіс Кёрк.

Місіс Кёрк была, вядома, мамай Дыгары.

Пасля таго як ёй занеслі абед, хлопец і цётка Лэці паелі самі. Потым Дыгары моцна задумаўся.

Праблема была ў тым, як вярнуць Вядзьмарку ў яе ўласны свет або, прынамсі, прыбраць яе з нашага свету як мага хутчэй. Што б ні адбылося, нельга дазволіць ёй шалець у доме. Нельга дапусіць, каб маці яе пабачыла.