Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 17
I калі магчыма, нельга дапусціць, каб яна разнесла Лондан. Дыгары не было ў гасцёўні, калі Вядзьмарка спрабавала праклясці цётку Лэці, але ён бачыў, як яна зруйнавала брамы ў Чарне. Ён усвядоміў яе жудасную моц і не ведаў, што яна яе страціла, з явіўшыся ў нашым свеце. I ён дакладна ведаў, што Вядзьмарка збіралася захапіць наш свет. У гэты момант яна, напэўна, ужо магла знішчаць Букінгемскі Палац ці Дом Парламента, і можна не сумнявацца, што вялікая колькасць паліцэйскіх паспела ператварыцца ў маленькія купкі пылу. I выглядала на тое, што ён нічога не можа з гэтым зрабіць. “Але пярсцёнкі, здаецца, працуюць як магніты, — думаў Дыгары. — Калі б я толькі мог дакрануцца да яе і надзець мой жоўты пярсцёнак, тады б мы абодва апынуліся ў Лесе Паміж Сусветамі. Цікава, яна там ізноў саслабне? На яе так дзейнічае тое месца ці гэта адбываецца толькі таму, што яе вырвалі з яе ўласнага свету? Мяркую, давядзецца рызыкнуць. I як знайсці гэтую пачвару? Не думаю, што цётка Лэці дазволіць мне сысці, пакуль я не скажу, куды іду. I ў мяне ёсць толькі два пенсы. Не ведаю, колькі спатрэбіцца грошай на аўтобусы і трамваі, калі я збіраюся шукаць па ўсім Лондане. У любым выпадку, у мяне няма ніякай ідэі, дзе шукаць. Цікава, дзядзька Эндру яшчэ з ёй?”
Такім чынам, яму заставалася толькі чакаць і спадзявацца, што дзядзька Эндру і Вядзьмарка вернуцца. Тады ён выбежыць, учэпіцца за Вядзьмарку і надзене свой жоўты пярсцёнак, перш чым яна паспее зайсці ў дом. Гэта азначала, што Дыгары мусіў пільнаваць галоўныя дзверы, як котка пільнуе каля мышынай нары; нельга пакідаць свой пост ні на хвіліну. Таму ён пайшоў у гасцёўню і, як кажуць, прыляпіўся да акна. Акно было паўкруглым, і з яго можна было пабачыць прыступкі ля ўваходных дзвярэй і ўсю вуліцу. Такім чынам, ніхто не мог падысці да ўваходу незаўважаным. “Цікава, што робіць Полі?” — спрабаваў здагадацца Дыгары.
Ён шмат разважаў пра гэта першыя паўгадзіны, якія ішлі вельмі марудна. Але вам не трэба здагадвацца, бо я распавяду. Полі спазнілася на абед, прыйшла з наскрозь прамоклымі чаравікамі й панчохамі. I калі яе запыталіся, дзе яна была і што ж такое яна рабіла, дзяўчынка адказала, што гуляла з Дыгары Кёркам. У адказ на наступныя пытанні яна сказала, што прамачыла ногі ў азярцы і што азярцо было ў лесе. Калі яе запыталіся, дзе той лес, яна сказала, што не ведае. Калі яе запыталіся, ці быў гэта адзін з паркаў, яна даволі праўдзіва адказала, што, магчыма, гэта можна назваць паркам. З усяго гэтага Поліна маці зразумела, што Полі, не паведаміўшы нікому, пайшла ў невядомую ёй частку Лондана, трапіла ў незнаёмы парк і бавіла там час, скокаючы па лужынах. У выніку ёй сказалі, што яна кепска сябе паводзіла і што ёй больш не дазволяць гуляць з “гэтым Кёркам”, калі штосьці падобнае калі-небудзь адбудзецца яшчэ раз. Потым ёй далі абед, але без аніякіх прысмакаў, і адправілі на цэлыя дзве гадзіны ў ложак. У тыя дні такое здаралася даволі часта.
Такім чынам, пакуль Дыгары назіраў за вуліцай з акна ў гасцёўні, Полі ляжала ў ложку, і абодва думалі, як жахліва павольна можа ісці час. Мяркую, асабіста мне было б лепей на месцы Полі. Ёй толькі трэба было дачакацца канца сваіх дзвюх гадзінаў, а Дыгары кожныя некалькі хвілін чуў за рогам ці фурманку, ці фургон булачніка або мясніка і думаў: “Вось яна”,— а пасля высвятлялася, што гэта не так. А паміж гэтымі фальшывымі трывогамі, здавалася, бясконца цікаў гадзіннік, і вялікая муха, вышэй, чым можна было яе дастаць, білася аб шкло. Гэта быў адзін з тых дамоў, у якіх пасля абеду бывае вельмі ціха і дзе заўсёды пахне варанай баранінай.
Падчас гэтага доўгага ўзірання і чакання адбылося маленькае здарэнне, пра якое варта распавесці, бо праз яго нешта істотнае адбылося пазней. Прыйшла лэдзі з вінаградам для маці Дыгары, і паколькі дзверы ў абедзенную залу былі адчыненыя, Дыгары ненаўмысна падслухаў, як цётка Лэці і тая жанчына размаўлялі ў вітальні.
— Які цудоўны вінаград! — пачуўся голас цёткі Лэці.— Ён будзе ёй карысны. Бедная дарагая Мэйбл!
Баюся, ёй цяпер дапамаглі б толькі плады з краю вечнай маладосці. У гэтым свеце ўжо нішто не…
Тут яны абедзве панізілі голас і гаварылі далей, але ўжо не было чуваць.
Калі б Дыгары пачуў словы пра край вечнай маладосці яшчэ пару дзён таму, ён падумаў бы, што цётка Лэці проста кажа, не маючы на ўвазе анічога дакладнага, у стылі дарослых, і гэта яго не зацікавіла б. Ён амаль так жа паставіўся да гэтага і зараз. Але раптоўна ў яго галаве ўспыхнула думка: цяпер ён ведаў (нават калі цётка Лэці не ведала), што іншыя сусветы сапраўды існуюць. I ён нават быў у адным з іх. Такім чынам, дзесьці можа існаваць сапраўдны Край Вечнай Маладосці. Там можа быць усё, што заўгодна. У нейкім іншым свеце могуць расці плады, здольныя ацаліць яго маці. I — ну, вы ведаеце, як гэта бывае, калі вы пачынаеце спадзявацца атрымаць штосьці, чаго вы адчайна прагнеце, і змагаецеся са спадзяваннем, бо так часта расчароўваліся раней. Вось як адчуваў сябе Дыгары. Але задушыць надзею не атрымлівалася. А раптам гэта можа стаць праўдай? Так шмат дзіўных рэчаў ужо адбылося. I ў яго былі чароўныя пярсцёнкі. Праз азёры ў лесе можна трапіць у іншыя сусветы. Ён мог паспытаць іх усе. I потым з маці ўсё ізноў будзе добра. Усё ізноў будзе правільна. Ён і думаць забыў аб паляванні на Вядзьмарку. Яго рука ўжо цягнулася да кішэні, дзе быў жоўты пярсцёнак, калі ён раптоўна пачуў пошчак капытоў.
‘Тэй, што гэта? — падумаў Дыгары. — Пажарныя? Цікава, які дом загарэўся. Не, гук набліжаецца сюды… Вох, гэта яна”.
Мне не трэба казаць вам, каго ён меў на ўвазе.