Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 18

Спачатку паказалася двухколка. На месцы фурмана нікога не было. На даху — не седзячы, а стоячы, — нахіліўшыся з зайздросным пачуццём раўнавагі, калі двухколка на поўнай хуткасці павярнула з-за рога так, што адно кола апынулася ў паветры, была Джадзіс, Каралева каралеў і Жах Чарна. Яна ашчэрыла зубы, яе вочы ззялі як полымя, а доўгія валасы трапяталіся за спінай, як хвост каметы. Вядзьмарка бязлітасна хвастала каня пугай, яго чырвоныя ноздры шырока раздзімаліся, а бакі былі пакрытыя пенай. Абмінуўшы ліхтар на некалькі сантыметраў, конь шалёна падляцеў да дзвярэй і ўзняўся на дыбкі. Двухколка ўдарылася ў ліхтар і разляцелася. Вядзьмарка так, што ва ўсіх захапіла дых, саскочыла з двухколкі якраз у час і апынулася на спіне каня. Яна ўладкавалася верхам і нахілілася, нашэптваючы нешта ў яго вуха. Напэўна, тое, што яна сказала, было не для таго, каб супакоіць, але каб раз'юшыць. Праз імгненне конь ізноў быў на задніх нагах, і яго іржанне было падобным да крыку; ён быў адным шалёным клубком капытоў, зубоў, вачэй і растрапанай грывы. Толькі выбітны вершнік здолеў бы ўседзець у яго на спіне.

Не паспеў Дыгары перавесці дух, як адбылося шмат іншага. Другая двухколка з разлёту спынілася ля першай: адтуль выскачылі тоўсты мужчына ў фраку і паліцэйскі. Потым прымчала трэцяя двухколка з яшчэ двума паліцэйскімі. Пасля з’явілася каля дваццаці чалавек на роварах (збольшага рассыльныя). Усе яны званілі ў званкі, крычалі і свісталі. Апошнім з явіўся натоўп пешых людзей: усе вельмі разгарачыліся ад бегу, але, відавочна, атрымлівалі асалоду. Ва ўсіх дамах на вуліцы зачыніліся вокны, і служанкі ці дварэцкія ўзніклі ля кожных дзвярэй. Яны хацелі паглядзець на шоу.

Тым часам з-пад абломкаў першай двухколкі пачаў выбірацца стары джэнтльмен, Некалькі чалавек кінуліся яму дапамагаць, але паколькі хтосьці цягнуў яго ў адзін бок, а хтосьці — у іншы, то ён хутчэй бы выбраўся сам. Дыгары падумаў, што стары джэнтльмен — гэта, пэўна, дзядзька Эндру. Але аблічча таго не было відаць; яго высокі капялюш быў насунуты на твар.

Дыгары выбег і далучыўся да натоўпу.

— Гэта тая жанчына, гэта яна! — крычаў тоўсты чалавек, паказваючы на Джадзіс. — Рабіце вашую працу, канстэбль! Яна скрала з маёй крамы рэчы, якія каштуюць тысячы фунтаў. Паглядзіце на перлавыя пацеркі вакол яе шыі. Яны мае! А яшчэ яна ўдарыла мяне ў вока, і там цяпер сіняк.

— Сапраўды, начальнік, — прамовіў нехта з натоўпу. — Выдатны сіняк. Файны мусіў быць удар. Такая моц!

— Вам варта прыкласці да яго сыры біфштэкс, містар, вось што трэба зрабіць, — параіў хлопец з крамкі мясніка.

— Так, — сказаў самы галоўны з паліцэйскіх. — Што тут адбываецца?

— Я распавяду вам, яна… — пачаў таўстун, але нехта крыкнуў:

— Не дайце таму старому тыпу ўцячы! Гэта ён падбухторыў яе.

Стары джэнтльмен, які дакладна быў дзядзькам Эндру, толькі што здолеў падняцца і цёр сінякі.

— Слухайце, — мовіў паліцэйскі, павярнуўшыся да яго. — Што тут адбываецца?

— Вомфі-помфі-шомф, — пачуўся голас дзядзькі Эндру знутры капелюша.

— Хопіць, — строга сказаў паліцэйскі.— Тут вам не жартачкі. Здыміце гэты капялюш.

Гэта было прасцей сказаць, чым зрабіць. Але праз некалькі хвілін няўдалага змагання з капелюшом два іншыя паліцэйскія сцягнулі яго, ухапіўшыся па краях.

— Дзякую, дзякую, — прагаварыў дзядзька Эндру слабым голасам. — Дзякую. Я жудасна пацярпеў. Калі б нехта наліў мне невялічкую шкляначку брэндзі…

— Падыдзіце да мяне, зрабіце ласку, — сказаў паліцэйскі і дастаў вельмі вялікі нататнік і вельмі маленькі аловак. — Ці вы адказваеце за гэтую маладую жанчыну?

— Асцярожна! — крыкнула некалькі галасоў, і паліцэйскі паспеў адскочыць назад. Конь спрабаваў пацэліць у яго і брыкнуць, што, магчыма, забіла б паліцэйскага. Потым Вядзьмарка развярнула каня так, каб быць тварам да натоўпу. У яе ў руцэ быў доўгі бліскучы нож, якім яна абсякала з каня рэшткі вупражы.

У гэты час Дыгары спрабаваў прабрацца туды, дзе б ён змог дакрануцца да Вядзьмаркі. Было складана, бо перашкаджаў натоўп. А каб падысці з іншага боку, яму давялося б праціснуцца паміж конскімі капытамі і агароджай вакол дома. Калі вы хоць штосьці ведаеце пра коней, і асабліва калі б вы пабачылі, які раз'ятраны быў конь у той момант, вы б зразумелі, наколькі рызыкоўна было так рабіць. Дыгары шмат ведаў пра коней, але ён сцяў зубы і рыхтаваўся рвануць наперад, як толькі будзе зручны момант.

Чырванатвары мужчына ў кацялку пракладваў сабе дарогу праз натоўп.

— Добрага здароўечка! — сказаў ён паліцэйскаму. — Гэна мой конь, і гэна маю брычку яна разнесла ўшчэнт.

— Хвіліначку, калі ласка, хвіліначку! — адказаў паліцэйскі.

— Але хвіліначкі няма, — сказаў вознік. — Я ведаю гэнага каня лепей за вас. Ягоны родны бацька быў баявым канём ахвіцэра кавалерыі, ага. I калі гэная кабеціна і далей будзе злаваць яго, тут станецца забойства. Пусціце мяне туды.

Паліцэйскі быў толькі рады скарыстацца момантам, каб адысці ад каня. Вознік падышоў бліжэй, паглядзеў на Джадзіс і мовіў спакойным голасам:

— Слухайце, паненка, дайце я яго патрымаю, а вы злазьце. Вы ж, відаць, з культурнай сям’і. I нашто вам увесь гэны вэрхал, га? Ідзіце вы лепш дадому, запарце сабе гарбаткі з варэннем, адпачніце — вам адразу палягчэе.

Ён працягнуў руку да галавы каня і прашаптаў:

— Ціха, Агрэсцік, косю. Супакойся.

Тут Вядзьмарка ўпершыню загаварыла.

— Сабака! — яе ледзяны голас зазвінеў над вуліцай. — Сабака, прыбяры рукі ад каралеўскага баявога каня! Я — імператрыца Джадзіс!