Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 19
Бітва каля ліхтара
Глядзі ты, Яе Імператарская Вялікасць! — крыкнуў нехта.
Іншы голас выгукнуў:
— Тройчы “ура” Імператрыцы!
I даволі шмат галасоў далучылася. Твар Вядзьмаркі крыху паружавеў, і яна ледзь заўважна пакланілася. Але вітальныя крыкі раптам замяніла хваля смеху, і яна зразумела, што з яе проста здзекуюцца. Выраз яе аблічча змяніўся, і яна перакінула нож у левую руку. Потым, без папярэджання, яна зрабіла нешта зусім нечаканае. Лёгка, без высілкаў, нібыта гэта была самая звычайная рэч у свеце, Вядзьмарка выцягнула правую руку і адарвала адзін з прутоў ад ліхтарнага слупа. Калі яна і страціла чароўную сілу ў нашым свеце, дык не страціла сваёй уласнай і магла зламаць жалезны прут, нібыта трысціну.
Яна падкінула сваю новую зброю ў паветра і злавіла яе.
“Вось мой шанец”,— падумаў Дыгары.
Ён пачаў прабірацца паміж канём і агароджай. Калі б толькі шалёная жывёла імгненне пастаяла спакойна, каб можна было ўхапіцца за пяту Вядзьмаркі! Пакуль ён прабіраўся, пачуўся агідны трэск і цяжкі глухі ўдар. Вядзьмарка апусціла прут на шалом галоўнага паліцэйскага: той зваліўся, як кегля.
— Хутчэй, Дыгары! Гэта трэба спыніць, — пачуўся голас за ім. Гэта была Полі, якая, як толькі ёй дазволілі ўстаць з ложка, паспяшалася сюды.
— На цябе заўсёды можна спадзявацца, — сказаў Дыгары. — Трымайся побач. Табе трэба будзе паклапаціцца пра пярсцёнак. Жоўты, не забудзься. I не надзявай яго, пакуль я не крыкну.
Трэск пачуўся яшчэ раз, яшчэ адзін паліцэйскі быў скрышаны. Натоўп узняў раз'юшаны роў: “Сцягніце яе ўніз! Бярыце камяні! Выклічце вайскоўцаў!” Але большасць людзей уцякала як мага далей. Вознік аказаўся самым адважным з прысутных, ён заставаўся побач з канём, ухіляючыся ад прута і спрабуючы ўхапіць Агрэста за галаву.
Натоўп свістаў і лямантаваў. Над галавой Дыгары пранёсся камень. Потым пачуўся голас Вядзьмаркі, зычны, як вялікі звон, які гучаў так, нібыта яна была амаль шчаслівай.
— Вы, смецце! Вы дорага заплаціце за гэта, калі я захаплю ваш свет. Ад вашага гораду не застанецца ні каменя! Ён будзе як Чарн, як Фэлінда, як Сэрлой, як Брэмэндын.
Дыгары нарэшце ўхапіў яе за шчыкалатку. Яна адпіхнулася пятой і ўдарыла яго ў вусны. Ад болю ён адпусціў яе. Вусны былі разбітыя, а рот поўны крыві. Недзе блізка пачуўся голас дзядзькі Эндру: “Мадам, мая дарагая юная лэдзі, малю вас, вазьміце сябе ў рукі!”
Дыгары зноў схапіў Вядзьмарку і зноў быў адкінуты. Усё больш людзей падала ад удараў жалезнага прута. Дыгары паспрабаваў у трэці раз, учапіўся за яе пяту як клешч і крыкнуў Полі: “Давай!”. Потым злыя спалоханыя твары зніклі. Злыя спалоханыя галасы сціхлі. Усе, акрамя голасу дзядзькі Эндру. Ён скуголіў зусім побач з Дыгары: “Вох, вох, гэта што, трызненне? Ці гэта канец? Я не магу гэтага вынесці. Гэта несправядліва. Я ніколі не хацеў быць чараўніком. Гэта ўсё непаразуменне. Гэта ўсё мая хросная, я буду гэта аспрэчваць. I пры маім стане здароўя. Вельмі старая сям’я з Дорсетшыра”.
“Толькі дзядзькі тут не хапала! — падумаў Дыгары. — Мы не збіраліся яго браць. Вось дык пікнічок атрымаецца”.
— Полі, ты тут? — запытаў ён.
— Так, тут. Перастань піхацца.
— Я не піхаюся… — пачаў Дыгары, але не паспеў ён нічога дадаць, як іх галовы з’явіліся ў цёплым зялёным сонечным святле лесу.
I калі яны выбраліся з азярка, Полі закрычала:
— Глядзі! Мы перанеслі сюды і каня. I містара Кэтэрлі! I возніка! Добры ўлоў атрымаўся!
Як толькі Вядзьмарка пабачыла, што яна ізноў у лесе, яна пабялела і нахілілася, уткнуўшыся ў грыву каня. Было відавочна, што ёй смяротна кепска. Дзядзьку Эндру біла дрыготка. Але Агрэст страсянуў галавой, вясёла заржаў і, здавалася, выдатна пачуваўся. Ён супакоіўся ўпершыню з таго часу, як яго пабачыў Дыгары. Яго вушы, якія былі шчыльна прыціснутыя да галавы, выпрасталіся, а з вачэй знік агонь.
— Вось так, хлопча, — мовіў вознік, паляпваючы Агрэста па шыі.— Вось так лепей. Супакойся.
Агрэст зрабіў самую натуральную рэч у свеце. Ён моцна хацеў піць (што не дзіўна) і таму павольна пайшоў да бліжэйшага азярка ды ступіў у яго, каб папіць. Дыгары ўсё яшчэ трымаўся за пяту Вядзьмаркі, а Полі трымалася за яго руку. Вознік дакранаўся адной рукой да Агрэста, а дзядзька Эндру, усё яшчэ моцна дрыжучы, проста ўчапіўся за яго другую руку.
— Хутчэй, — сказала Полі, зірнуўшы на Дыгары. — Зялёныя!
Такім чынам, у каня не атрымалася папіць. Замест гэтага ўсю кампанію зацягнула ў цемру. Агрэст іржаў, дзядзька Эндру хныкаў. Дыгары сказаў: “Нам проста пашанцавала”.
На кароткі час стала ціха. Потым Полі сказала:
— Ці мы не павінны былі ўжо апынуцца там?
— Здаецца, мы ўсё-такі недзе апынуліся, — сказаў Дыгары. — Прынамсі, я стаю на нечым цвёрдым.
— О, я таксама! Цяпер я гэта адчуваю, — адказала Полі.— Але чаму тут так цёмна? Ты думаеш, мы патрапілі не ў тое азярко?
— Магчыма, гэта Чарн, — сказаў Дыгары. — Толькі мы вярнуліся ў сярэдзіне ночы.
— Гэта не Чарн, — пачуўся голас Вядзьмаркі.— Гэта пусты свет. Гэта Нічога.
I сапраўды, гэтае месца вельмі моцна нагадвала Нішто. Не было зор. Было так цёмна, што яны не бачылі адно аднаго і не было розніцы, расплюшчыў ты вочы ці заплюшчыў. Пад іх нагамі было сцюдзёнае плоскае нешта, што магло быць глебай, але дакладна не было травой. Паветра было астылым і сухім, ветру не было.
— Мяне напаткаў мой лёс, — жудасна спакойным голасам сказала Вядзьмарка.
— О, не кажыце так, — прабулькатаў дзядзька Эндру. — Мая дарагая юная лэдзі, малю, не кажыце такіх рэчаў. Усё не можа быць так кепска. Ах, вознік, дружа мой, ці няма ў цябе з сабой біклажкі? Кропля брэндзі — якраз тое, што мне трэба.