Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 20
— Гэй, гэй, — пачуўся голас возніка, добры, цвёрды, смелы голас. — Усе супакойцеся. Ніхто нічога не зламаў? Добра. Ну, хаця б за гэна можна падзякаваць. Пасля такога падзення большага нельга і пажадаць. Цяпер, калі мы зваліліся ў нешта выкапанае, — можа, у новую станцыю метро, — хтосьці хутка прыйдзе і выцягне нас! А калі мы памерлі, што, вядома, магло здарыцца, ну, вы мусіце… памятаць, што ў моры яшчэ горшыя рэчы здараюцца… Ды і ўсе калі-небудзь паміраюць. Няма чаго гэтага баяцца, калі вы пражылі прыстойнае жыццё. Як на мяне, лепшае, што мы можам зрабіць, каб заняць час, гэта заспяваць хваласпеў.
Вознік так і зрабіў. Ён адразу ж заспяваў гімн падзякі, які спяваюць падчас збору ўраджаю, пра плады зямлі, “ужо сабраныя з палёў”. Гімн не вельмі пасаваў да месца, у якім, здавалася, ад пачатку часоў ніколі нічога не расло. Але гэта быў спеў, які вознік памятаў найлепей. У яго быў прыемны голас, і дзеці далучыліся: гэта вельмі падбадзёрвала. Дзядзька Эндру і Вядзьмарка маўчалі.
Бліжэй да канца гімна Дыгары адчуў, як хтосьці торгае яго за локаць, і па паху брэндзі, цыгар і парфумы ён зразумеў, што гэта дзядзька Эндру. Дзядзька Эндру асцярожна пацягнуў яго ўбок ад іншых. Калі яны крыху адышлі, стары прашаптаў у самае вуха Дыгары:
— Слухай, хлопчык мой, надзень свой пярсцёнак. Давай адсюль выбірацца.
Але ў Вядзьмаркі быў вельмі добры слых.
— Дурань! — пачуўся яе голас, і яна саскочыла з каня. — Ты забыўся, што я магу пачуць думкі? Адпусці хлопца. Калі ты паспрабуеш здрадзіць мне, мая помста будзе такой, пра якую не чулі ў ніводным сусвеце ад пачатку часоў.
— I, — дадаў Дыгары, — калі вы думаеце, што я такая гнюсная свіння, што магу знікнуць, пакінуўшы Полі, і возніка, і каня ў такім месцы, вы моцна памыляецеся.
— Ты вельмі непаслухмяны і дзёрзкі маленькі хлопчык, — сказаў дзядзька Эндру.
— Ціха! — мовіў вознік. Яны ўсе прыслухаліся.
У цемры нешта адбывалася. Чыйсьці голас заспяваў. Ён быў вельмі далёка, і Дыгары не мог разабрацца, адкуль ён ішоў. Здавалася, што гук чуецца адразу адусюль. Часам Дыгары думаў, што спеў ішоў ад зямлі пад іх нагамі. Ніжэйшыя ноты былі дастаткова глыбокія, каб быць голасам самой зямлі. Словаў не было. Нават мелодыі амаль не было. Але гэта быў непараўнальны, найпрыгажэйшы гук, які ён калі-небудзь чуў. Ён быў такі прыгожы, што Дыгары ледзь мог яго вытрымаць. Каню, здавалася, спеў таксама падабаўся; ён заржаў так, як заржаў бы конь, які, адпрацаваўшы гады ў двухколцы, вярнуўся назад, на старое поле, дзе ён забаўляўся, калі быў жарабём, і пабачыў, як той, каго ён памятаў і любіў, ідзе да яго праз поле і нясе яму кавалак цукру.
— Уга! — сказаў вознік. — Ці ж не прыгажосць?
Потым адначасова здарылася два цуды. Спачатку да першага голасу раптоўна далучыліся іншыя. Загучала столькі галасоў, што іх немагчыма было палічыць. Яны былі ў гармоніі з першым, але значна вышэйшыя: звонкія, трапяткія, срэбныя галасы. Другім цудам было тое, што чарната над галавой, уся адразу, зазіхацела зоркамі. Яны з'явіліся ў адно імгненне. Толькі што не было нічога — і раптам узніклі тысячы і тысячы кропак святла: зоркі, сузор'і і планеты, ярчэйшыя і большыя за любую ў нашым свеце. Аблокаў не было. Калі б вы бачылі і чулі гэта, як бачыў і чуў Дыгары, вы былі б упэўненыя, што гэта спявалі самі зоры і што менавіта той, глыбокі Першы Голас зрабіў так, каб яны заззялі і заспявалі.
— Вось дык штука! — усклікнуў вознік. — Я б намагаўся пражыць лепшае жыццё, калі б ведаў, што такое існуе.
Першы голас станавіўся грамчэйшы, іншыя галасы пачалі сціхаць. Але цуды не скончыліся.
Далёка, ля самага краю, неба пакрыху шарэла. Пачаў дзьмуць лёгкі, свежы ветрык. Неба павольна і паступова святлела, і на яго фоне вымалёўваліся абрысы ўзгоркаў. Увесь час Голас працягваў спяваць.
У хуткім часе яны ўжо маглі бачыць твары адзін аднаго. Дзеці і вознік стаялі з раскрытымі ратамі, іх вочы ззялі. Яны быццам пілі гук і выглядалі так, нібыта гэты спеў ім штосьці нагадваў. Рот дзядзькі Эндру таксама быў адкрыты, але не ад радасці. У яго проста адвісла сківіца. Ён згорбіўся, а калені дрыжалі. Яму не падабаўся Голас. Калі б дзядзька мог схавацца ад яго, залезшы ў нейкую нару, ён бы так і зрабіў. А Вядзьмарка выглядала так, нібыта яна, у нейкім сэнсе, разумела гэтыя гукі лепш за ўсіх астатніх. Яе рот быў закрыты, вусны сцятыя і кулакі сціснутыя.
Як толькі спеў пачаўся, яна адчула, што ўвесь гэты свет напоўніўся Магіяй, адрознай і мацнейшай за ейную. Джадзіс ненавідзела гэтую Магію. Яна разнесла б увесь гэты сусвет ці ўсе сусветы, каб толькі спеў спыніўся. А конь стрыг вушамі. Раз-пораз ён пырхаў і біў нагой па зямлі. Ён больш не выглядаў як стомлены, стары конь возніка; цяпер бы вы лёгка паверылі, што яго бацька быў баявым канём.
На ўсходзе неба з белага стала ружовым, а пасля залатым. Голас грамчэў і грамчэў, пакуль ад яго не задрыжэла паветра. I калі ён узнёсся да невыразна цудоўнага і найбольш велічнага гуку з усіх, якія чуліся дагэтуль, узышло сонца.
Дыгары ніколі не бачыў такога сонца. Сонца над руінамі Чарна выглядала старэйшым за нашае, а гэтае глядзелася маладзейшым. Можна было ўявіць, што яно, узыходзячы, смяецца ад радасці. I калі яго праменне рассыпалася па-над зямлёй, вандроўнікі ўпершыню пабачылі, да чаго падобнае месца, у якім яны знаходзіліся. Гэта была даліна, праз якую на ўсход, да сонца, вілася шырокая хуткая рака.
На поўдні былі горы, на поўначы — узгоркі. Але ў даліне былі толькі глеба, скалы і вада — ані дрэва, ані кустоўя, ані травінкі. Глеба была розных колераў; яны былі свежыя, яскравыя і жывыя. Гэты краявід захапіў бы вас, але толькі да той пары, пакуль бы вы не пабачылі Таго, Хто Спяваў, бо пасля вы забыліся б на ўсё ў свеце.