Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 21

Гэта быў Леў. Велізарны, з пышнай грывай, светлы, ён стаяў, павярнуўшыся да сонца. Яго пашча была шырока адкрытая ў спеве. Ён быў прыкладна ў трохстах метрах.

— Гэта жахлівы свет, — прамовіла Вядзьмарка. — Трэба зараз жа ўцякаць. Падрыхтуйце заклёны.

— Я цалкам згодны з вамі, мадам, — зазначыў дзядзька Эндру. — Наймярзотнейшае месца. Ніякай цывілізацыі. Калі б я быў маладзейшым і меў бы стрэльбу…

— Вы сур'ёзна? — здзівіўся вознік. — Вы ж не думаеце, што змаглі б застрэліць яго?

— Хто ж гэта наважыцца, — сказала Полі.

— Давай, чаруй, стары дурань, — загадала Джадзіс.

— Вядома, мадам, — хітра сказаў дзядзька Эндру. — Трэба, каб дзеці даткнуліся да мяне. Дыгары, надзень пярсцёнак, які прывядзе нас дадому.

Ён хацеў знікнуць без Вядзьмаркі.

— Дык гэта пярсцёнкі, так? — ускрыкнула Джадзіс. Яна б засунула рукі ў кішэні Дыгары хутчэй, чым вы пікнулі, але Дыгары схапіў Полі і закрычаў:

— Назад! Калі нехта з вас дваіх падыдзе хоць на сантыметр бліжэй, мы двое знікнем, і вы назаўсёды застанецеся тут. Так, у мяне ў кішэні пярсцёнак, які перанясе мяне і Полі дадому. I зірніце! Я гатовы ў любы момант гэта зрабіць. Таму трымайцеся падалей. Мне шкада вас (ён паглядзеў на возніка) і каня, але я не магу нічога зрабіць. А што тычыцца вас дваіх (ён паглядзеў на дзядзьку Эндру і Каралеву), вы абодва чараўнікі, таму вам спадабаецца кампанія адно аднаго.

— Ціха вы ўсе, — сказаў вознік. — Я хачу паслухаць музыку.

Бо цяпер спеў змяніўся.

Узнікненне Нарніі

Леў хадзіў узад-уперад па пустой зямлі і спяваў новую песню. Яна была цішэйшай і мілагучнейшай за тую, якой ён выклікаў зоры і сонца; гэта была пяшчотная бруістая музыка. I падчас таго, як ён хадзіў і спяваў, даліна пакрывалася зялёнай травой. Трава расцякалася ад Ільва, як вада. Нібыта хвалі, яна дасягнула спачатку маленькіх узгоркаў, а затым — ніжніх схілаў далёкіх гор, з кожным імгненнем робячы гэты малады свет усё больш прывабным. Цяпер было чуваць, як лёгкі вецер гойдае траву. Хутка апроч яе з’явіліся іншыя рэчы. Вышэйшыя схілы гор пацямнелі ад верасу. У даліне ўзніклі выспачкі больш шорсткай і шчаціністай зеляніны. Дыгары не разумеў, што гэта, пакуль такая выспачка не пачала з'яўляцца каля іх. Гэта было маленькае завостранае нешта, што раскідвала дзясяткі атожылкаў, якія пакрываліся зелянінай, і расло з хуткасцю прыкладна некалькі сантыметраў кожныя пару секундаў. Цяпер вакол Дыгары было некалькі тузінаў такіх штук. Калі яны сталі прыкладна ростам з яго, ён зразумеў, што гэта.

— Дрэвы! — усклікнуў ён.

Было шкада, як пасля казала Полі, што ім не далі спакойна на гэта ўсё паглядзець. Як толькі Дыгары сказаў: “Дрэвы!” — яму адразу давялося адскочыць, бо дзядзька Эндру падбіраўся да яго, каб залезці ў кішэню. Нават калі б манеўр атрымаўся, гэта не вельмі б дапамагло. Дзядзька Эндру хацеў залезці ў правую кішэню Дыгары, бо ўсё яшчэ думаў, што зялёныя пярсцёнкі пераносяць дадому. Але Дыгары, вядома, увогуле не хацеў, каб іх скралі.

— Стаяць! — крыкнула Вядзьмарка. — Назад! Не, яшчэ далей. Калі хто-небудзь падыдзе да дзяцей бліжэй чым на дзесяць крокаў, я разнясу яму галаву.

Яна ўзняла жалезны прут, падрыхтаваўшыся кінуць яго. Ніхто не сумняваўся, што яна не спудлуе.

— Дык што, — сказала яна, — ты збіраўся вышмыгнуць у свой свет разам з хлопцам і пакінуць мяне тут?

Нарэшце абурэнне дзядзькі Эндру ўзяло верх над страхам.

— Так, мадам, — адказаў ён. — Вядома, я б так і зрабіў. Я маю на гэта поўнае права. Са мной абыходзіліся самым ганебным, самым агідным чынам. Я зрабіў усё, што мог, каб аказаць вам тыя паслугі, якія былі ў маёй уладзе. I чым мне адплацілі? Вы абрабавалі — я паўтараю, абрабавалі — вельмі паважанага ювеліра. Вы змусілі мяне пачаставаць вас вельмі дарагім, калі не сказаць выхвальным, абедам, так што мне давялося пакінуць пад заклад мой гадзіннік і ланцужок, каб разлічыцца (і дазвольце вам сказаць, мадам, што ніхто з нашай сям'і не меў звычкі быць частым наведвальнікам ламбардаў, акрамя майго стрыечнага брата Эдварда, а ён быў гусарам). I падчас гэтага невыноснага абеду — цяпер, калі я гэта ўзгадваю, мне яшчэ больш непрыемна — вашыя паводзіны і размовы выклікалі нядобразычлівую ўвагу ўсіх прысутных. Я быў прылюдна асаромлены. Я ніколі больш не змагу паказацца ў той рэстарацыі. Вы напалі на паліцыю. Вы скралі…

— Ды супакойцеся вы ўжо, — сказаў вознік. — Зараз трэба глядзець і слухаць, а не балбатаць.

Навокал дакладна было на што паглядзець і што паслухаць. Дрэва, якое бачыў Дыгары, цяпер стала вялікім разложыстым букам. На прахалоднай зялёнай траве, дзе яны стаялі, рассыпаліся рамонкі і люцікі. Непадалёк, уздоўж рачнога берагу, раслі вербы. З іншага боку іх шчыльна абступалі кусты бэзу, чырвонай парэчкі і шыпшыны. Конь шчыпаў смачную маладую траву.

Увесь гэты час Леў працягваў спяваць і велічна хадзіць узад-уперад. З кожным паваротам ён крыху набліжаўся. Полі ўсё больш і больш захаплялася спевам, бо пачала разумець сувязь паміж музыкай і тым, што дзеецца навокал.

Калі на гары прыкладна ў ста метрах ад іх выпрастаўся шэраг цёмных елак, яна адчула, што іх выклікалі да жыцця глыбокія, доўгія ноты, якія за секунду да гэтага праспяваў Леў. А калі ён паслядоўна ўзяў некалькі вышэйшых нот, яна не здзівілася, пабачыўшы, як паўсюль з’явіліся першацветы. У невымоўным захапленні яна была амаль упэўненая, што ўсё з’яўлялася (як яна сказала) “з галавы Льва”. У яго спеве можна было пачуць рэчы, якія ён выдумляў. Азірнуўшыся навокал, іх можна было пабачыць. Гэта так узрушыла Полі, што ў яе не было часу палохацца. Але Дыгары і вознік адчувалі сябе крыху неспакойна, бо, шпацыруючы ўзад-уперад, Леў пакрысе падыходзіў. Што да дзядзькі Эндру, ён ляскаў зубамі, але калені ў яго так дрыжалі, што ён не мог уцячы.