Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 22

Раптам Вядзьмарка рушыла насустрач Ільву. Не спыняючы спеў, ён набліжаўся павольнай цяжкой хадой. Ён быў усяго ў дзесяці метрах. Яна падняла руку і шпурнула жалезны прут у яго галаву.

Ніхто, і асабліва Джадзіс, не мог бы прамахнуцца з такой адлегласці. Прут ударыў Ільва наўпрост паміж вачэй і з глухім гукам упаў на зямлю. Леў набліжаўся. Яго хада не стала ані хутчэйшай, ані павальнейшай; нельга было сказаць, ці ён заўважыў, што яго нешта ўдарыла. Хаця яго мяккія лапы ступалі бязгучна, можна было адчуць, як зямля дрыжыць пад яго вагой.

Вядзьмарка завішчала і пабегла; праз некалькі імгненняў яна знікла за дрэвамі. Дзядзька Эндру павярнуўся, каб зрабіць тое ж, спатыкнуўся аб корань і зваліўся тварам уніз у маленькі ручай, што збягаў да ракі. Дзеці не маглі варухнуцца. Яны нават не былі ўпэўненыя, ці хацелі яны варушыцца. Леў не звярнуў на іх увагі. Яго вялікая чырвоная пашча была адкрытая, але ён спяваў, а не рыкаў. Ён прайшоў так блізка каля іх, што яны маглі б дакрануцца да яго грывы. Дзеці вельмі баяліся, што ён паверне галаву і паглядзіць на іх. I ў той жа час ім чамусьці вельмі хацелася, каб ён так і зрабіў. Але ён не звярнуў на іх увагі, нібыта яны былі нябачныя і не мелі паху. Мінуўшы іх і прайшоўшы некалькі крокаў далей, ён павярнуўся, абмінуў іх яшчэ раз і працягнуў свой шлях на ўсход.

З ручая, перхаючы, падняўся дзядзька Эндру.

— Слухай, Дыгары, — сказаў ён. — Цяпер мы пазбавіліся гэтай жанчыны і гэты страшэнны леў сышоў. Бярыся за мяне і надзявай пярсцёнак.

— Адыдзіце, — вымавіў Дыгары, адступаючы ад яго. — Трымайся далей ад яго, Полі. Хадзі сюды, стань побач са мной. Цяпер слухайце, дзядзька Эндру, я вас папярэджваю: не падыходзьце нават на крок бліжэй, ці мы проста знікнем.

— Рабі, што табе было сказана! — загадаў дзядзька Эндру. — Ты проста неверагодна непаслухмяны і кепска выхаваны маленькі хлопчык.

— Не, — адказаў Дыгары. — Мы застанемся і паглядзім, што будзе. Я думаў, вы хочаце даведацца пра іншыя сусветы. Ці вам тут не падабаецца?

— Падабаецца? — усклікнуў дзядзька Эндру. — Зірні толькі, у якім я выглядзе! Гэта быў мой лепшы фрак і лепшая камізэлька!

Зараз ён сапраўды ўяўляў сабою нікчэмнае відовішча — бо, зразумела, чым больш святочна вы апранутыя першапачаткова, тым горш выглядаеце пасля таго, як выберацеся з раструшчанай фурманкі і ўваліцеся ў брудны ручай.

— Я не кажу, — дадаў дзядзька Эндру, — што гэта нецікавае месца. Калі б я быў маладзейшы, то… напэўна, спярша варта было б даставіць сюды якогась спрытнага паляўнічага. З гэтай краіны, можа, нешта і атрымаецца. Клімат тут цудоўны. Ніколі не дыхаў такім паветрам. Думаю, яно пайшло б мне на карысць, калі б… калі б абставіны былі больш спрыяльныя. Калі б у нас была стрэльба.

— Ды кіньце вы гэныя размовы пра стрэльбу, — сказаў вознік. — Пайду я лепш пагляджу, ці не расцерці мне Агрэста. Гэны конь мае больш розуму, чымся некаторыя людзі, я б сказаў.

Ён пайшоў назад да Агрэста, і адтуль пачуўся шоргат, які бывае, калі конюхі расціраюць коней.

— Вы ўсё яшчэ думаеце, што гэтага Льва можна застрэліць? — запытаўся Дыгары. — Ён не асабліва звярнуў увагу на жалезны прут.

— Пры ўсіх яе недахопах, — сказаў дзядзька Эндру, — яна смелая дзічынка, мой хлопчык. Гэта быў мужны ўчынак.

Ён пацёр рукі і шчоўкнуў костачкамі, нібыта ўжо забыўся, як баяўся Вядзьмаркі.

— Гэта быў агідны ўчынак, — зазначыла Полі.— Што кепскага Леў ёй зрабіў?

— Вой, што гэта? — здзівіўся Дыгары. Ён кінуўся наперад, каб разгледзець нешта ўсяго толькі ў некалькіх кроках ад яго.

— Ого, Полі,— паклікаў ён. — Табе варта падысці і паглядзець.

Дзядзька Эндру падышоў разам з ёю. Не таму, што хацеў паглядзець, а таму што хацеў быць бліжэй да дзяцей, бо раптам будзе шанец скрасці іх пярсцёнкі. Але калі ён пабачыў, што разглядаў Дыгары, нават яму стала цікава. Гэта была дакладная маленькая копія ліхтара, каля метра вышынёй, якая выцягвалася і павялічвалася, пакуль яны глядзелі на яе. Насамрэч, яна расла дакладна гэтаксама, як і дрэвы выраслі навокал.

— Ён таксама жывы… у сэнсе, ён гарыць, — сказаў Дыгары.

I гэта сапраўды было так. Хаця, натуральна, маленькі агеньчык унутры ліхтара было цяжка разгледзець пры сонечным святле, але ён быў заўважны, калі на яго падаў цень.

— Неверагодна, проста неверагодна, — прамармытаў дзядзька Эндру. — Нават я ніколі не марыў пра такую магію. Мы ў такім свеце, дзе ўсё, нават ліхтар, ажывае і расце. Цікава, з якога зерня растуць ліхтары?

— Вы не разумееце? — запытаўся Дыгары. — Тут упаў прут, які яна адарвала ад ліхтара. Ён утыркнуўся ў зямлю, і цяпер з яго расце маленькі ліхтар. (Ліхтар, аднак, быў ужо не такі і маленькі; калі Дыгары гэта казаў, той ужо быў ростам з яго.)

— Дакладна! Цудоўна, цудоўна, — сказаў дзядзька Эндру, паціраючы рукі яшчэ мацней. — Хо-хо! Яны смяяліся з майго чараўніцтва. Мая дурная сястрыца думае, што я вар'ят. Цікава, што яны цяпер скажуць? Я знайшоў свет, у якім усё поўніцца жыццём і расце. Яны там захапляюцца Калумбам! Але што такое Амерыка ў параўнанні з гэтым? Камерцыйны патэнцыял гэтай краіны бязмежны. Трэба толькі даставіць сюды старыя кавалкі жалезнага лому, закапаць — і з іх вырастуць новенькія рухавікі для цягнікоў, баявыя караблі, усё, што пажадаеце. Яны не будуць каштаваць мне нічога, а я змагу прадаваць іх у Англіі. Я зраблюся мільярдэрам. А яшчэ ж клімат! Я пачуваюся на шмат год маладзейшым. Трэба будзе адчыніць тут курорт. Добры санаторый можа прыносіць шалёныя грошы. Вядома, мне давядзецца адкрыць сакрэт некаторым людзям. Але перш-наперш трэба застрэліць гэтага монстра.