Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 24

— Нарнія, Нарнія, Нарнія, прачніся! Любі. Думай. Размаўляй. Хай ходзяць дрэвы. Хай гавораць жывёлы. Хай будуць жывымі твае воды.

Першы жарт ды іншыя рэчы

Гэта быў, вядома ж, голас Ільва. Дзеці даўно былі ўпэўненыя, што ён можа размаўляць, і тым не менш моцна здзівіліся, калі ён загаварыў.

З-за дрэваў выступілі лесуны і лясныя феі, з імі прыйшлі фаўны, сатыры і гномы. З ракі падняліся вадзяныя німфы — наяды. I ўсе яны, і звяры, і птушкі рознымі галасамі — нізкімі, высокімі, глухімі і звонкімі — адказалі:

— Вітаем, Аслан! Мы чуем і слухаемся. Мы прачнуліся. Мы любім. Мы размаўляем. Мы ведаем.

— Але пакуль мы зусім мала ведаем, — вымавіў цікаўны, з пахрапваннем голас. I тут дзеці сапраўды падскочылі, бо гэта загаварыў конь возніка.

— Добры стары Агрэст, — сказала Полі.— Я рада, што ён абраны стаць Гаваркой Істотай.

I вознік, які цяпер стаяў побач з дзецьмі, прызнаўся:

— Каб мне праваліцца. Я заўсёды ведаў, што гэты конь вельмі разумны.

— Стварэнні, вы належыце самі сабе, — зноў загучаў моцны, шчаслівы голас Аслана. — Я навечна аддаю вам гэтую зямлю — Нарнію. Аддаю вам лясы, пладовыя дрэвы, рэкі. Даю вам зоры, і даю вам сябе. Нямыя Істоты, якіх я не абраў, таксама вашыя. Абыходзьцеся з імі ласкава і клапаціцеся пра іх, але не рабіце, як яны, каб вам не перастаць быць Гаваркімі Істотамі. Бо вы былі абраныя з іх і можаце вярнуцца да іх. Не рабіце так.

— Не, Аслан, мы не будзем! Мы не будзем! — загаманілі ўсе.

I адна жвавая Галка дадала гучным голасам: “Не хвалюйся!” — а ўсе астатнія змоўклі якраз перад тым, як яна сказала гэта, таму яе словы прагучалі вельмі звонка ў поўнай цішыні. Магчыма, вы ведаеце, наколькі гэта бывае няёмка, скажам, на вечарыне. Галка так разгубілася, што схавала галаву пад крыло, нібыта збіралася спаць. А ўсе астатнія жывёлы пачалі выдаваць разнастайныя дзіўньш гукі, якія былі іх смехам і якія, вядома, ніхто ніколі не чуў у нашым свеце. Спачатку яны спрабавалі гэтыя гукі схаваць, але Аслан абвясціў:

— Смейцеся і не бойцеся, стварэнні! Цяпер, калі вы ўжо разумныя, няма патрэбы заўсёды быць сур'ёзнымі. Бо жарты, як і справядлівасць, з’яўляюцца разам з уменнем гаварыць.

Таму яны ўсе разняволіліся і пачалі смяяцца. I стала так весела, што нават Галка ізноў пасмялела, уселася на галаве каня, паміж яго вушамі, і, лопаючы крыламі, сказала:

— Аслан! Аслан! Гэта ў мяне атрымаўся першы жарт? I ўсім заўсёды будуць распавядаць, як у мяне атрымаўся першы жарт?

— Не, маленькае стварэнне, — адказаў Леў.— Гэта не ў цябе атрымаўся першы жарт, ты сама — першы жарт.

Тут усе рассмяяліся яшчэ больш. Але Галка не была супраць і смяялася гэтак жа гучна, пакуль конь не патрос галавой. Яна страціла раўнавагу і звалілася, але ўзгадала пра свае крылы (яны ўсё яшчэ былі новымі для яе), перш чым даляцела да зямлі.

— Нарнія заснаваная, — сказаў Аслан. — І мы мусім падумаць, як зрабіць яе бяспечнай. Я збяру некаторых з вас на маю Раду. Падыдзіце да мяне: ты, галоўны Гном, ты, Вадзянік, ты, Дуб, ты, Сава, абодва Крумкачы і Слон. Нам трэба паразмаўляць. Гэтаму свету яшчэ няма і пяці гадзінаў, аднак жа зло паспела ўжо з’явіцца ў ім.

Тыя стварэнні, якіх ён назваў, выступілі наперад і пайшлі з ім на ўсход. Астатнія пачалі размаўляць, кажучы рэчы кшталту: “Што, ён сказаў, з’явілася ўсвеце? — Ён сказаў: “Аднак Жазло з’явілася”.— Ашто такое Жазло? — Не, ён сказаў не “Жазло”, а “аднак жа Слон”.

— Слухай, — Дыгары павярнуўся да Полі.— Я мушу пайсці за ім, за Асланам. У сэнсе, за Львом. Мне трэба паразмаўляць з ім.

— Думаеш, нам можна з ім размаўляць? Я б не наважылася.

— Я мушу пайсці,— сказаў Дыгары. — Гэта дзеля маці. Калі нехта і можа даць мне тое, што б ёй дапамагло, дык гэта ён.

— Я пайду з табой, — мовіў вознік. — Мне ён падабаецца. I я не думаю, што іншыя жывёлы нападуць на нас. I я хачу паразмаўляць са сваім старым сябрам Агрэстам.

Такім чынам яны ўтрох — настолькі смела, наколькі маглі — рушылі да групы жывёлаў. Стварэнні былі так занятыя размовамі адно з адным і пачаткам сяброўства, што не заўважылі трох людзей, пакуль тыя не падышлі вельмі блізка; таксама яны не чулі дзядзьку Эндру, які стаяў даволі далёка ад іх і крычаў (але не надта гучна):

— Дыгары! Вярніся! Вярніся зараз жа, табе кажуць! Я забараняю табе ісці далей нават на крок!

Калі яны нарэшце апынуліся сярод жывёлаў, тыя перасталі размаўляць і ўтаропіліся ў іх.

— Ну? — вымавіў нарэшце Бабёр. — Хто, у імя Аслана, гэта такія?

— Калі ласка, — пачаў Дыгары даволі-такі слабым голасам, калі Трус сказаў:

— Я мяркую, што яны — проста вялікая капуста.

— Не, мы не капуста, праўда, — хутка прамовіла Полі.— Мы зусім не надаемся на ежу.

— Ого! — сказаў Крот. — Яны могуць размаўляць. Ці бывае капуста, якая ўмее размаўляць?

— Магчыма, яны — Другі Жарт, — выказалася Галка.

Пантэра, якая ўмывалася, спынілася на імгненне, каб сказаць:

— Ну, калі яны — Другі Жарт, ён нават і блізка не такі добры, як першы. Прынамсі, я не бачу ў іх нічога вельмі смешнага.

Яна пазяхнула і працягнула ўмыванне.

— Калі ласка, — папрасіў Дыгары. — Я так спяшаюся. Я хачу пабачыць Ільва.

Увесь гэты час вознік спрабаваў злавіць позірк Агрэста. Нарэшце ў яго атрымалася.

— Агрэст, сябра, — сказаў ён. — Ты ж мяне ведаеш.

Ты ж не будзеш стаяць і рабіць выгляд, што гэта не так.

— Конь, што кажа гэтая Штука? — запыталася некалькі галасоў.

— Ну, — мовіў Агрэст вельмі павольна. — Я дакладна не ведаю. Мяркую, большасць з нас пакуль шмат чаго не ведае. Але мне здаецца, я бачыў падобных істотаў раней. У мяне такое адчуванне, што я жыў у нейкім іншым месцы — ці быў якімсьці іншым — перад тым, як Аслан абудзіў усіх нас некалькі хвілін таму. Усё вельмі зблытана, нібы сон. Але ў гэтым сне былі такія Штукі, як гэтыя тры.