Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 25

— Што? — сказаў вознік. — Не ведаеш мяне? Мяне, які прыносіў табе гарачую кашу ў тыя вечары, калі ты хварэў? Мяне, які дасуха цябе расціраў? Мяне, які ніколі не забываўся накрываць цябе гунькай, калі ты стаяў на холадзе? Я ад цябе такога не чакаў, Агрэст.

— Я сапраўды пачынаю ўзгадваць, — задуменна прагаварыў Конь. — Так. Дайце падумаць, дайце падумаць. Так, ты прывязваў ззаду мяне жудасную чорную рэч, а потым хвастаў мяне, каб прымусіць бегчы, і няважна, як далёка я бег, тая чорная рэч заўсёды з грукатам пераследавала мяне.

— Нам трэба было зарабляць на жыццё, разумееш, — сказаў вознік. — I на тваё, і на маё. I калі б не было працы і пугі, не было б ні стайні, ні сена, ні кашы, ні аўса. А ты заўсёды меў авёс, калі ў мяне былі на яго грошы.

— Авёс? — вымавіў Конь, застрыгшы вушамі.— Так, я нешта памятаю. Так, я ўзгадваю больш і больш. Ты сядзеў недзе ззаду, а я бег наперадзе, цягнуў цябе і тую чорную штуку. Я рабіў усю працу.

— Улетку так, — адказаў вознік. — Гарачая праца для цябе і прахалоднае месца для мяне. А ўзімку, дружа? Табе было цёпла, а я сядзеў там наверсе з нагамі, замёрзлымі як лёд, і мой нос амаль адвальваўся ад ветру, а рукі так нямелі, што я ледзь трымаў лейцы!

— Гэта была жорсткая краіна, там было цяжка, — уздыхнуў Агрэст. — Там не было травы. Толькі цвёрдыя камяні.

— Дакладна, сябра, дакладна! — сказаў вознік. — То быў суворы свет. Я заўсёды казаў, што гэная брукаванка кепская для любога каня. I гэны горад — там такая цяснота! I смурод — не прадыхнуць… Я не люблю горад гэтак жа, як і ты. Ты не гарадскі конь, а я — не гарадскі чалавек. Раней я спяваў у хоры, ага, дома, у вёсцы. Але там для мяне не было працы.

— Калі ласка, калі ласка, — папрасіў Дыгары. — Дазвольце нам прайсці. Леў адыходзіць усё далей і далей. А я вельмі хачу паразмаўляць з ім, гэта проста неабходна.

— Слухай, Агрэст, — сказаў вознік. — Хлопец хоча пра нешта паразмаўляць з Ільвом; вы клічаце яго Асланам. Можа, ты дазволіш яму праехаць на табе (за што ён будзе вельмі ўдзячны) і давязеш да Льва? А мы з маленькай дзяўчынкай пойдзем за вамі.

— Праехаць? — перапытаў Агрэст. — О, цяпер я ўзгадаў. Гэта азначае, што нехта сядзіць на маёй спіне. Я памятаю, што нейкі маленькі двухногі, як вы, даўным-даўно так рабіў. У яго былі цвёрдыя, квадратныя кавалкі нечага белага, якія ён мне даваў. Па смаку яны былі — о, цудоўныя, саладзейшыя за траву.

— А, гэта быў цукар, — сказаў вознік.

— Калі ласка, Агрэст, — маліў Дыгары. — Вельмі прашу цябе, адвязі мяне да Аслана.

— Ну, я не супраць, — сказаў Конь. — Прынамсі, адзін раз можна. Забірайся.

— Добры стары Агрэст, — мовіў вознік. — Хадзі сюды, хлопча, я цябе падсаджу.

Неўзабаве Дыгары сядзеў на спіне Каня, і яму было даволі зручна, бо раней ён ездзіў без сядла на ўласным поні.

— А цяпер пайшоў, Агрэст, — сказаў ён.

— У цябе выпадкова няма кавалачка той белай штукі, а? — запытаўся Конь.

— Не, на жаль, няма, — адказаў Дыгары.

— Ну, нічога не паробіш, — сказаў Агрэст, і яны выправіліся.

У гэты момант вялікі Бульдог, які вельмі напружана прынюхваўся і прыглядаўся, прагаварыў:

— Глядзіце, здаецца, там, каля ракі, пад дрэвамі, яшчэ адно з гэтых дзіўных стварэнняў.

Усе жывёлы паглядзелі туды і пабачылі дзядзьку Эндру, які сцішана стаяў сярод рададэндранаў і спадзяваўся, што яго не заўважаць.

— Хадзем! — сказала некалькі галасоў.— Давайце пойдзем даведаемся, хто гэта.

Такім чынам, пакуль Агрэст з Дыгары на спіне жвава рысіў у адным кірунку (а Полі і вознік ішлі за імі пехам), большасць жывёлаў з ровам, браханнем, рохканнем і разнастайнымі гукамі, якія выказвалі вясёлую цікаўнасць, паспяшалася да дзядзькі Эндру.

Цяпер я мушу крыху вярнуцца назад і патлумачыць, як уся гэтая сцэна выглядала з гледзішча дзядзькі Эндру. Яна зрабіла на яго зусім іншае ўражанне, чым на возніка і дзяцей. Бо тое, што ты бачыш і чуеш, шмат у чым залежыць ад таго, якія ў цябе перакананні, а таксама ад таго, што ты за чалавек.

З таго самага моманту, як з явіліся жывёлы, дзядзька Эндру ўсё больш і больш адступаў у кустоўе. Вядома, ён вельмі ўважліва назіраў за імі, але яго не надта цікавіла, што яны робяць, затое цікавіла, ці збіраюцца яны на яго накінуцца.

Як і Вядзьмарка, ён быў да агіды практычны. Ён не заўважыў, што Аслан выбіраў па адной пары з кожнага віду жывёл. Усё, што ён бачыў,— гэта мноства небяспечных дзікіх звяроў, якія бадзяюцца навокал. I ён здзіўляўся, чаму іншыя жывёлы не ўцякаюць ад агромністага Льва.

Калі настаў вялікі момант і Звяры загаварылі, ён ўсё прапусціў з даволі цікавай прычыны. Калі Леў толькі пачаў спяваць, даўным-даўно, калі было яшчэ цёмна, дзядзька Эндру зразумеў, што гэта спеў. I ён яму вельмі не спадабаўся. Спеў прымусіў яго думаць пра некаторыя рэчы, пра якія ён не хацеў думаць, і адчуваць нешта, чаго ён не хацеў адчуваць. Потым, калі ўзышло сонца і дзядзька Эндру ўбачыў, што гэта спявае леў (“проста леў”, як ён сказаў сам сабе), ён з усяе моцы паспрабаваў прымусіць сябе паверыць, што той не спявае — і ніколі не спяваў, а толькі рыкаў, як любы леў у заапарку ў нашым свеце.

“Вядома ж, ён не можа сапраўды спяваць, — думаў ён. — Мне гэта, пэўна, падалося. Я дазволіў нервам расхістацца. Ці хто калі-небудзь чуў, каб леў спяваў?”

I чым даўжэй і прыгажэй Леў спяваў, тым больш намаганняў прыкладаў дзядзька Эндру, каб прымусіць сябе паверыць, што ён чуе рыканне, і нічога больш. Праблема ў тым, што, калі ты спрабуеш быць менш разумным, чым ты ёсць, гэта вельмі часта атрымліваецца. У дзядзькі Эндру атрымалася. Хутка ён не чуў у спеве Аслана нічога, акрамя рыкання. Праз нейкі час ён не змог бы пачуць нічога іншага, нават калі б пажадаў. I калі нарэшце Леў загаварыў і мовіў: ”Нарнія, прачніся”,— ён пачуў не словы, а толькі рык. I калі Звяры загаварылі ў адказ, ён пачуў браханне, рохканне і выццё. А калі яны засмяяліся — ну, вы можаце ўявіць. Для дзядзькі Эндру гэта было горшым за ўсё, што адбылося да гэтага моманту. Такога жудаснага крыважэрнага шуму галодных і злых звяроў ён не чуў ніколі ў жыцці. Потым, у дадатак да свайго страху ды злосці, ён пабачыў, як трое іншых людзей пайшлі жывёлам насустрач.