Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 26

“Дурні! — сказаў ён сам сабе. — Цяпер гэтыя монстры з'ядуць пярсцёнкі разам з дзецьмі, і я ніколі не змагу зноў трапіць дамоў. Што за эгаіст гэты Дыгары! I іншыя не лепей. Калі яны хочуць згубіць свае жыцці, гэта іх справа. Але як наконт мяне? Не падобна, каб яны пра гэта думалі. Ніхто ніколі не думае пра мяне”.

Нарэшце, калі ўся грамада жывёл пабегла да яго, ён павярнуўся і панёсся прэч, ратуючы сваё жыццё. I цяпер было дакладна зразумела, што паветра гэтага маладога свету сапраўды пайшло на карысць старому джэнтльмену. У Лондане ён быў занадта стары, каб бегаць; цяпер ён нёсся з хуткасцю, якой было б дастаткова, каб перамагчы ў стометровым забегу ў любой сярэдняй школе. Хвасты фрака, што матляліся ў яго за спінай, стваралі файнае відовішча. Але, вядома ж, уцёкі не мелі шанцу на поспех. Многія з жывёлаў, што беглі за ім, былі вельмі хуткімі; гэта быў першы бег у іх жыцці, і яны ўсе прагнулі выпрабаваць свае новыя мускулы.

— За ім! За ім! — крычалі яны. — Магчыма, ён і ёсць тое самае Жазло! Хапайце яго! Ва ўсе ногі! Адрэжце яму шлях! Атачайце яго! Так трымаць! Ура!

Праз некалькі хвілін некаторыя з іх ужо апынуліся наперадзе яго. Яны пашыхтаваліся і перагарадзілі яму дарогу. Іншыя атачылі яго ззаду. Ён бачыў пагрозу, куды б ні паглядзеў. Над ім вежамі ўзносіліся рогі велізарных Ласёў і вялікая галава Слана. Цяжкія, сур'ёзныя Мядзведзі і Дзікі бурчалі ў яго за спінай. Вонкава спакойныя Леапарды і Пантэры з саркастычным (як яму здавалася) выглядам узіраліся ў яго і матлялі хвастамі. Больш за ўсё яго ўразіла колькасць разяўленых пашчаў. Насамрэч жывёлы адкрылі пашчы, каб аддыхацца; ён падумаў, што яны збіраюцца яго з'есці.

Дзядзька Эндру стаяў, дрыжучы і хістаючыся то ў адзін, то ў другі бок. Ён ніколі, нават у лепшыя часы, не любіў жывёл, бо баяўся іх. I, вядома ж, пасля столькіх год жорсткіх эксперыментаў над жывёламі ён стаў ненавідзець і баяцца іх яшчэ больш.

— А цяпер, сэр, — сказаў Бульдог дзелавітым голасам, — адказвайце: вы жывёла, гародніна альбо мінерал?

Вось што ён насамрэч сказаў, але дзядзька Эндру пачуў толькі: “Гр-р-раррх-аў!”

У Дыгары і яго дзядзькі непрыемнасці

Вы можаце падумаць, што жывёлы былі не надта разумныя, бо не адразу зразумелі, што дзядзька Эндру — істота такога ж кшталту, як і двое дзяцей ды вознік. Але вы мусіце памятаць, што жывёлы нічога не ведалі пра адзенне. Яны думалі, што сукенка Полі, строй Дыгары і кацялок возніка — такія ж самыя іх часткі, як для звяроў поўсць альбо пер’е. Жывёлы нават не здагадаліся б, што тыя трое былі аднаго віду, калі б такога меркавання не быў Агрэст і калі б тыя не загаварылі да іх. Дзядзька Эндру быў значна вышэйшы за дзяцей і значна худзейшы за возніка. Ён быў увесь у чорным, акрамя белай камізэлькі (ужо не вельмі белай), і вялікая сівая капа ягоных валасоў зусім не была падобная да таго, што яны бачылі ў трох іншых людзей. Таму, натуральна, яны вельмі збянтэжыліся. Горш за ўсё было тое, што ён відавочна не ўмеў размаўляць.

Хаця дзядзька Эндру намагаўся нешта сказаць. Калі Бульдог звярнуўся да яго (ці, як здалося дзядзьку Эндру, — спачатку ашчэрыўся, а пасля зарыкаў), ён выцягнуў дрыжачыя рукі і, задыхаючыся, прамямліў: “Добры сабачка, добры”. Але звяры разумелі яго не больш, чым ён разумеў іх. Яны не чулі ніякіх словаў — толькі дзіўнае шыпенне. Магчыма, гэта было й да лепшага, бо ніводзін сабака з тых, якіх я ведаю, — і Гаваркі Сабака Нарніі тым больш, — не любіць, калі яго называюць “добры сабачка”. Гэта ўсё роўна, як бы, напрыклад, вас назвалі “мой малыш”.

I тут дзядзька Эндру паваліўся непрытомны.

— Ну вось! — сказаў Дзік. — Гэта проста дрэва. Я заўсёды так думаў. (Памятайце, што звяры яшчэ не бачылі, як нехта падае ў непрытомнасці.)

Бульдог, абнюхаўшы ўсяго дзядзьку Эндру, падняў галаву і выказаўся:

— Гэта жывёла. Дакладна жывёла. I напэўна аднаго віду з тымі іншымі.

— Мне так не здаецца, — сказаў адзін з Мядзведзяў.— Жывёлы так не падаюць. Мы — жывёлы, і мы не падаем. Мы стаім. Вось так.

Ён падняўся на заднія ногі, зрабіў крок назад, спатыкнуўся аб нізкую галінку і зваліўся на спіну.

— Трэці Жарт, Трэці Жарт, Трэці Жарт! — захоплена закрычала Галка.

— Я ўсё адно думаю, што гэта штосьці накшталт дрэва, — сказаў Дзік.

— Калі гэта дрэва, — запярэчыў Мядзведзь, — на ім мае быць пчалінае гняздо.

— Я ўпэўнены, што гэта не дрэва, — сказаў Барсук. — Мне здалося, яно спрабавала размаўляць, перш чым перакулілася.

— Гэта быў вецер у яго галінах, — адказаў Дзік.

— Ты ж не думаеш, — сказала Галка Барсуку, — што гэта Гаваркая Істота? Яно не сказала ні слова.

— I ўсё ж, вы ведаеце, — прамовіла Сланіха (яе мужа, як вы памятаеце, Аслан паклікаў за сабой), — гэта можа быць нейкая жывёла. Магчыма, белаватая шышка на гэтым канцы — гэта твар? I, можа, гэтыя дзіркі — рот і вочы? Носа, вядома, у яго няма. Але… гмм… не буду дачэплівацца. Сярод нас вельмі мала хто мае сапраўдны Нос.

Яна са справядлівым гонарам узняла свой хобат.

— Я катэгарычна не згодны з гэтай заўвагай, — мовіў Бульдог.

— Сланіха мае рацыю, — сказаў Тапір.

— Слухайце, — натхнёна прагаварыў Асёл. — Магчыма, гэта жывёла, якая не можа размаўляць, але думае, што можа.

— Ці можна зрабіць так, каб яно стаяла? — задуменна запыталася Сланіха. Яна пяшчотна абвіла хобатам бязвольнае цела дзядзькі Эндру і паставіла яго на адзін з канцоў: на жаль, дагары нагамі, і з яго кішэняў пасыпаліся манеты. Але дзядзька Эндру зноў паваліўся.

— Вось! — сказалі некалькі галасоў.— Гэта зусім не жывёла, яно не жывое.