Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 27
— Кажу вам, гэта жывёла, — настойваў Бульдог. — Абнюхайце яго самі.
— Нельга спадзявацца толькі на нюх, — сказала Сланіха.
— Але ж, — запярэчыў Бульдог, — калі нельга давяраць свайму носу, то што тады вартае даверу?
— Магчыма, розум, — мякка прамовіла Сланіха.
— Я катэгарычна не згодны з гэтай заўвагай, — адказаў Бульдог.
— Мы мусім з гэтым нешта зрабіць, — сказала Сланіха. — Бо гэта можа быць Жазло, і мы мусім паказаць яго Аслану. Дык што вы ўсё-такі думаеце: гэта жывёла ці нейкае дрэва?
— Дрэва! Дрэва! — пракрычаў тузін галасоў.
— Цудоўна, — сказала Сланіха. — Калі гэта дрэва, яго трэба пасадзіць. Давайце выкапаем яму.
Двое Кратоў выкапалі яе вельмі хутка. Потым адбылося нядоўгае абмеркаванне, якім бокам трэба саджаць дзядзьку Эндру, і ён ледзь пазбегнуў лёсу быць пасаджаным галавой уніз. Некаторыя жывёлы казалі, што ягоныя ногі — гэта галіны, і, адпаведна, шэрае пухнатае нешта (яны мелі на ўвазе яго валасы) — гэта карэнне. Але потым іншыя сказалі, што яго падвоеная частка больш брудная і больш раскінутая, як належыць караням. Такім чынам, яны пасадзілі яго галавой угору. Калі жывёлы ўтрамбавалі зямлю навокал, яна была вышэй за дзядзькавы калені.
— Нейкае яно зусім засохлае, — сказаў Асёл.
— Вядома ж, яго патрэбна паліць, — прамовіла Сланіха. — Думаю, я магу сказаць (не хачу пакрыўдзіць нікога з тут прысутных), што для падобнай працы такі нос, як у мяне…
— Я катэгарычна не згодны з гэтай заўвагай, — запярэчыў Бульдог.
Але Сланіха спакойна пайшла да ракі, набрала хобатам вады і вярнулася назад, каб паклапаціцца пра дзядзьку Эндру. Разумная жывёла працягвала так рабіць, пакуль не выліла на яго дзясяткі літраў. Вада струмянямі сцякала па ягоным фраку, нібыта ён у адзенні прымаў ванну. Урэшце гэта яго ажывіла. Ён ачуняў. Што гэта было за абуджэнне! Але зараз мы мусім пакінуць яго, каб ён падумаў пра свае кепскія ўчынкі (калі ён быў здольны пра гэта задумацца), і вярнуцца да больш істотных рэчаў.
Агрэст рысіў з Дыгары на спіне, пакуль гоман іншых жывёлаў не знік удалечыні. Цяпер невялікі гурток з Аслана і абраных сябраў Рады быў даволі блізка. Дыгары ведаў, што ён ніколі не здолеў бы перапыніць такую ўрачыстую сустрэчу, але ў гэтым не было неабходнасці. Паводле слова Аслана Слон, Крумкачы і астатнія расступіліся. Дыгары саслізнуў са спіны каня і апынуўся твар да твару з Асланам. I Аслан быў больш вялікі, і больш прыгожы, і больш ззяюча-залаты, і больш грозны, чым думаў Дыгары. Хлопчык не наважваўся зірнуць у вялікія вочы.
— Калі ласка… Містар Леў… Аслан… Сэр… — сказаў Дыгары. — Ці маглі б вы… можна мне… калі ласка, ці не дадзіце вы мне які-небудзь чароўны плод з гэтай краіны, каб мая маці ачуняла?
Ён адчайна спадзяваўся, што Леў адкажа: “Так”, і жудасна баяўся, што той можа сказаць: “Не”. Але ён разгубіўся, калі Леў не сказаў ні “так”, ні “не”.
— Гэта той хлопец, — сказаў Аслан, гледзячы не на Дыгары, а на сяброў Рады. — Той, які гэта зрабіў.
“Ой, — падумаў Дыгары. — Што я цяпер нарабіў?”
— Сын Адама, — прамовіў Леў,— у маёй новай зямлі Нарніі апынулася злая Вядзьмарка. Распавядзі добрым звярам, як гэта здарылася.
Самыя розныя варыянты адказу пранесліся ў галаве Дыгары, але ў яго хапіла розуму сказаць толькі праўду.
— Я прывёў яе сюды, Аслан, — адказаў ён ціха.
— Для чаго?
— Я хацеў перанесці яе з майго свету назад, у яе ўласны. Я думаў, што пераношу яе ў ейны свет.
— Як яна апынулася ў тваім свеце, сын Адама?
— Праз… праз магію.
Леў нічога не сказаў, і Дыгары ведаў, што адказаў не цалкам.
— Гэта ўсё мой дзядзька Эндру, — патлумачыў хлопчык. — Ён паслаў нас прэч з нашага ўласнага свету з дапамогай чароўных пярсцёнкаў. Прынамсі, я быў змушаны пайсці, бо ён спачатку паслаў Полі, і потым мы сустрэлі Вядзьмарку ў месцы пад назвай Чарн, і яна проста ўхапілася за нас, калі…
— Вы сустрэлі Вядзьмарку? — перапытаў Аслан ціхім голасам, у якім адчуўся рык.
— Яна прачнулася, — у роспачы сказаў Дыгары. А потым, збялеўшы, дадаў: — У сэнсе, я абудзіў яе. Бо я хацеў даведацца, што адбудзецца, калі стукнуць у звон. Полі не хацела, каб я так рабіў. Яна не вінаватая. Я… я змагаўся з ёй. Я ведаю, што не мусіў так рабіць. Думаю, я быў крыху зачараваны надпісам пад звонам.
— Сапраўды? — запытаўся Аслан, усё яшчэ гаворачы вельмі ціхім і глыбокім голасам.
— Не, — сказаў Дыгары. — Цяпер я разумею, што не быў зачараваны. Я толькі прыкідваўся, што гэты надпіс мяне зацікавіў.
Павісла доўгая паўза. І Дыгары ўвесь час думаў: “Я ўсё сапсаваў. Цяпер няма ніякага шанцу здабыць штосьці для маці”.
Калі Леў ізноў загаварыў, ён звяртаўся не да Дыгары.
— Сябры, — сказаў ён. — Новаму чыстаму свету, які я даў вам, няма яшчэ і сямі гадзін, а сілы зла ўжо ўвайшлі ў яго, абуджаныя і перанесеныя сюды сынам Адама.
Усе звяры, нават Агрэст, так паглядзелі на Дыгары, што яму захацелася праваліцца скрозь зямлю.
— Але не бядуйце, — працягнуў Аслан, усё яшчэ звяртаючыся да жывёлаў.— Зло прыйдзе ад гэтага зла, але да таго часу яшчэ далёка, і я прасачу, каб найгоршае ўпала на мяне самога. А пакуль на многія стагоддзі гэта будзе вясёлая зямля і вясёлы свет. I як род Адама зрабіў шкоду, так род Адама дапаможа выправіць яе. Падыдзіце бліжэй, іншыя двое.
Апошнія словы ён сказаў Полі і возніку, якія якраз прыйшлі. Полі, шырока расплюшчыўшы вочы і адкрыўшы рот, узіралася ў Аслана і моцна трымалася за руку возніка. Вознік паглядзеў на Льва і зняў свой кацялок: ніхто дагэтуль такім яго не бачыў. Цяпер ён стаў больш малады і прыгожы на выгляд. I быў падобны да вясковага жыхара, а не да лонданскага возніка.