Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 28

— Сыне, — звярнуўся Аслан да возьніка. — Я даўно ведаю цябе. Ці ведаеш ты мяне?

— Э-гм, не, сэр, — адказаў вознік. — Прынамсі, не ў звычайным сэнсе гэных словаў. Але нейкім чынам я адчуваю, калі мне дазволена так сказаць, нібыта мы сустракаліся раней.

— Гэта добра, — сказаў Леў.— Ты ведаеш мяне лепей, чым табе здаецца, і з часам ты пазнаёмішся са мной яшчэ бліжэй. Табе падабаецца гэтая краіна?

— Гэта выдатнае месца, сэр, — прамовіў вознік.

— Ты хацеў бы жыць тут заўсёды?

— Разумееце, сэр, я жанаты чалавек, — сказаў вознік. — Калі б мая жонка была тут, ніхто з нас ніколі больш не захацеў бы вярнуцца назад у гэны Лондан. Мы абодва вясковыя людзі.

Аслан ускінуў грывастую галаву, раскрыў рот і выдаў адну доўгую, нягучную, але поўную сілы ноту. Поліна сэрца падскочыла, і яна была перакананая ў тым, што гэта покліч, і той, хто пачуе яго, захоча і (больш за тое) здолее яго паслухацца, незалежна ад таго, колькі сусветаў і стагоддзяў пралягло паміж імі. Яна не была агаломшаная, калі раптоўна зніадкуль з’явілася маладая жанчына з добрым шчырым тварам і стала побач з ёй. Полі адразу зразумела, што гэта жонка возніка, перанесеная з нашага свету — толькі не абрыдлым магічным пярсцёнкам, а хутка, проста і пяшчотна, як птушка ляціць да свайго гнязда. Відаць, маладую жанчыну адарвалі ад мыцця бялізны, бо на ёй быў фартух, рукавы былі закасаныя да локцяў, і на руках была мыльная пена. Калі б у яе быў час апрануць сваю добрую вопратку (яе лепшы капялюш аздаблялі штучныя вішні), яна б выглядала жахліва. А ў тым, у чым яна была зараз, яна глядзелася даволі прыгожа.

Вядома ж, яна падумала, што спіць. Таму не паспяшалася адразу ж да мужа, каб запытацца, што такое з імі здарылася. Але, зірнуўшы на Льва, яна не была настолькі ўпэўненая, што гэта сон. Аднак з нейкай прычыны ёй не было страшна. Пасля яна зрабіла маленькі паўрэверанс, бо ў тыя дні некаторыя вясковыя дзяўчаты яшчэ ведалі, як яго рабіць. Потым пайшла, узяўшы возніка за руку, стала побач з ім, крыху сарамліва азіраючыся навокал.

— Дзеці мае, — сказаў Аслан, пільна гледзячы на іх дваіх. — Вы станеце першымі Каралём і Каралевай Нарніі.

Вознік адкрыў рот ад здзіўлення, а яго жонка моцна пачырванела.

— Вы будзеце валадарыць і дасцё імёны ўсім гэтым стварэнням, і будзеце чыніць справядлівасць сярод іх, і абараняць ад ворагаў, калі тыя з’явяцца. А ворагі з’явяцца, бо ў гэтым свеце ёсць злая Вядзьмарка.

Вознік з цяжкасцю зглытнуў два ці тры разы і прачысціў горла.

— Вельмі перапрашаю, сэр, — вымавіў ён. — І вельмі дзякую вам, вядома (і мая жонка таксама), але я не надаюся да такой працы. У мяне няма адукацыі, разумееце.

— Гм, — сказаў Аслан. — Ты ўмееш працаваць рыдлёўкай і плугам і вырошчваць ежу?

— Так, сэр, гэна я ўмею рабіць: мяне так выхоўвалі.

— Ці можаш ты кіраваць гэтымі стварэннямі добра і справядліва, памятаючы, што яны не рабы, як нямыя жывёлы ў свеце, дзе ты нарадзіўся, але Гаваркія Істоты і вольныя асобы?

— Я разумею, сэр, — адказаў вознік. — Я паспрабую рабіць тое, што справядліва.

— I ці навучыш ты сваіх дзяцей і ўнукаў дзеіць гэтаксама?

— Паспрабую, сэр. Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах. Так, Нэлі?

— I ў цябе не будзе ўлюбёнцаў ні сярод сваіх дзяцей, ні сярод звяроў, і ты нікому не дазволіш прыніжаць бліжняга альбо абыходзіцца з іншым несправядліва?

— Я ніколі не мог змірыцца, калі такое адбывалася, сэр, і гэна праўда. Яны атрымаюць па заслугах, калі я штосьці такое заўважу, — сказаў вознік. (Цягам размовы ягоны голас рабіўся больш павольны і насычаны, а гаворка пазбаўлялася гарадской рэзкасці і хуткасці і нагадвала вясковую — так вознік размаўляў у дзяцінстве.)

— I калі ворагі пойдуць супраць гэтай краіны (бо ворагі з’явяцца), і пачнецца вайна, ці будзеш ты ў першых шэрагах тых, хто наступае, і апошнім з тых, хто адступае?

— Ведаеце, сэр, — вельмі павольна прамовіў вознік, — чалавек не можа дакладна ведаць гэна, пакуль не паспытае. Наважуся сказаць, што я магу апынуцца такім чалавекам. (Хто ведае, раптам збаюся?) Ніколі не біўся, акрамя толькі як на кулаках. Я паспрабую — у сэнсе, я спадзяюся, што паспрабую, — зрабіць тое, што ад мяне залежыць.

— Тады, — сказаў Аслан, — ты зробіш усё, што мусіць зрабіць Кароль. Вашая каранацыя адбудзецца ў хуткім часе. I вы, і вашыя дзеці і ўнукі будзеце дабраславёныя. I некаторыя будуць Каралямі Нарніі, а іншыя будуць каралямі Архэнлэнда, які ляжыць далей, за Паўднёвымі гарамі. А цябе, маленькая дачка (тут ён павярнуўся да Полі), вітаю. Ці даравала ты хлопчыку тую крыўду, якую ён учыніў табе ў Зале Выяваў у пакінутым палацы праклятага Чарна?

— Так, Аслан, мы памірыліся, — адказала Полі.

— Гэта добра, — сказаў Аслан. — Азараз — слухай, хлопчык.

Прыгоды Агрэста

Дыгары сціснуў зубы. Яму рабілася ўсё больш і больш няёмка. Ён спадзяваўся, што не расплачацца і не зробіць штосьці недарэчнае.

— Сын Адама, — мовіў Аслан, — ці ты гатовы выправіць тое кепскае, што зрабіў маёй добрай краіне Нарніі ў самы дзень яе нараджэння?

— Не зусім разумею, што я магу зрабіць, — адказаў Дыгары. — Каралева ўцякла і…

— Я запытаўся: ці ты гатовы? — сказаў Леў.

— Так, — адказаў Дыгары. На імгненне ў яго з’явілася вар’яцкая ідэя сказаць: “Я паспрабую, калі вы паабяцаеце дапамагчы маёй маме”,— аднак ён своечасова зразумеў, што Леў зусім не належаў да тых, з кім можна паспрабаваць заключыць здзелку. Але, сказаўшы “Так”, ён падумаў пра сваю маці і пра вялікія спадзяванні, якія ў яго былі, і пра тое, як яны ўсе зніклі. Яго горла сціснула, на вачах выступілі слёзы, і ён выпаліў: