Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 29
— Калі ласка, калі ласка, ці не дадзіце вы… ці не маглі б вы даць мне штосьці, што аздаравіць маю маму?
Да гэтага моманту ён глядзеў на вялікія лапы Льва і велізарныя кіпцюры, але цяпер, у адчаі, ён паглядзеў на аблічча. Тое, што ён пабачыў, здзівіла яго больш, чым што іншае за ўсё яго жыццё. Бо карычнева-руды твар нахіліўся блізка да яго ўласнага твару, і (цуд з цудаў!) у вачах Ільва стаялі вялікія ззяючыя слёзы. Яны былі такія вялікія і яскравыя ў параўнанні са слязьмі Дыгары, што на імгненне ён адчуў, нібыта Льву насамрэч больш шкада яго маці, чым яму самому.
— Мой сыне, мой сыне, — сказаў Аслан. — Я ведаю. Гора — моцнае пачуццё. Пакуль толькі ты і я ў гэтай краіне ведаем, што гэта такое. Будзьма добрымі адно да аднаго. Але я мушу падумаць пра будучыя стагоддзі ў жыцці Нарніі. Вядзьмарка, якую ты перанёс у гэты свет, ізноў вернецца. Ды час гэтаму яшчэ не настаў. Я хачу пасадзіць у Нарніі дрэва, да якога яна не наважыцца наблізіцца, і гэтае дрэва будзе абараняць ад яе Нарнію шмат год. Такім чынам, на гэтай зямлі будзе доўгі светлы ранак, пакуль аблокі закрыюць сонца. Ты мусіш прынесці мне зярнятка, з якога вырасце гэтае дрэва.
— Добра, сэр, — адказаў Дыгары.
I хоць ён не ведаў, якім чынам, але цяпер быў упэўнены, што здолее гэта зрабіць. Леў глыбока ўздыхнуў, нахіліў галаву яшчэ ніжэй і пацалаваў яго Львіным пацалункам. I Дыгары адразу ж адчуў, што ў яго з’явіліся новыя сілы і смеласць.
— Дарагі сыне, — мовіў Аслан, — я скажу табе, што рабіць. Павярніся, паглядзі на захад і скажы мне, што ты бачыш.
— Я бачу неверагодна вялікія горы, Аслан, — адказаў Дыгары. — Раку, якая падае ўніз са скалаў і ўтварае вадаспад. А за скаламі — высокія зялёныя ўзгоркі, пакрытыя лесам. А за імі — зноў узгоркі, вышэйшыя, якія выглядаюць амаль чорнымі. Потым, далёка, — вялікія заснежаныя горы, згуртаваныя разам, як Альпы на малюнках. А за імі няма нічога, акрамя неба.
— Ты добра бачыш, — сказаў Леў.— Краіна Нарнія заканчваецца там, дзе вадаспад, і, дасягнуўшы вяршыні скалаў, ты пакінеш Нарнію і апынешся ў Заходняй Пустэчы. Ты мусіш ісці праз тыя горы, пакуль не знойдзеш зялёную даліну з блакітным возерам, аточаную сцяной ледзяных гор. За возерам — круты зялёны ўзгорак. На вяршыні гэтага ўзгорка — сад. У цэнтры гэтага саду расце дрэва, Сарві з яго яблык і прынясі мне.
— Добра, сэр, — ізноў адказаў Дыгары.
У яго не было ніякага ўяўлення аб тым, як ён забярэцца на скалу і знойдзе шлях пасярод гор, але ён не захацеў гэтага казаць, бо баяўся, што ягоныя словы прагучаць як апраўданні. Ён прагаварыў:
— Спадзяюся, Аслан, вы не спяшаецеся. У мяне не атрымаецца хутка дабрацца туды і вярнуцца.
— Маленькі сын Адама, у цябе будзе дапамога, — сказаў Аслан.
Ён павярнуўся да Каня, які ўвесь гэты час ціха стаяў побач з імі, абмахваючыся хвастом, каб адагнаць мух, і слухаў, нахіліўшы галаву на адзін бок, як быццам яму было цяжкавата зразумець, пра што ідзе размова.
— Мой дружа, — сказаў Аслан Каню. — Ці хацеў бы ты стаць Крылатым Канём?
Трэба было бачыць, як Конь страсянуў грывай, як раздзьмуліся яго ноздры і як ён прытупнуў адной з задніх ног. Відавочна, ён вельмі б хацеў быць Крылатым Канём. Але вымавіў толькі:
— Калі ты хочаш, Аслан… калі ты сапраўды маеш на ўвазе… не разумею, чаму я… я не надта разумны конь.
— Станься бацькам усіх коней, што лётаюць, — прарыкаў Аслан голасам, які страсянуў зямлю. — Цяпер тваё імя — Крылаты.
Конь шугануўся, як, напэўна, ён шугаўся ў старыя нешчаслівыя дні, калі цягаў экіпаж. Потым заржаў і выгнуў шыю назад, нібыта муха кусала яго за плечы і ён хацеў іх пачухаць. А потым гэтак жа, як звяры з’явіліся з зямлі, з плячэй Крылатага праклюнуліся крылы, якія выпростваліся і раслі, больш за арліныя, больш за лебядзіныя, больш за крылы анёлаў на царкоўных вітражах.
Пер’е ззяла гнядым і медным колерам. Ён магутна ўзмахнуў імі і ўзняўся ў паветра.
У пяці метрах над Асланам і Дыгары ён захроп, заржаў і зрабіў заліхвацкі кулёк у паветры. Потым, абляцеўшы наўкол іх яшчэ раз, ён зваліўся на зямлю, усімі чатырма капытамі разам, выглядаючы надзвычай збянтэжаным і здзіўленым, але вельмі задаволеным.
— Табе падабаецца, Крылаты? — спытаў Аслан.
— Вельмі, Аслан, — адказаў Конь.
— Ты аднясеш сына Адама на сваёй спіне ў тую горную даліну, пра якую я казаў?
— Што? Цяпер? Зараз жа? — узрадаваўся Агрэст, ці Крылаты, як мы мусім цяпер яго называць. — Ура! Хадзі сюды, малы. Я насіў такіх, як ты, на сваёй спіне раней. Даўным-даўно. Калі былі зялёныя палі. I цукар.
— Пра што шэпчуцца дзве дачкі Евы? — запытаўся Аслан, раптоўна павярнуўшыся да Полі і жонкі возніка, якія паспелі пасябраваць.
— Калі на тое вашая ласка, сэр, — прамовіла Каралева Хэлен (бо цяпер Нэлі, жонка возніка, была каралевай), — я мяркую, дзяўчынка таксама хацела б далучыцца, калі гэта не створыць нязручнасцяў.
— Што ты пра гэта думаеш, Крылаты? — запытаўся Леў.
— О, я не супраць дваіх, тым больш, калі яны маленькія, — адказаў Крылаты. — Самае галоўнае, каб Слон таксама не захацеў паляцець.
Слон не хацеў, і новы Кароль Нарніі дапамог абодвум дзецям узлезці: гэта азначала, што ён без цырымоній закінуў Дыгары і так далікатна і асцярожна пасадзіў на конскую спіну Полі, нібыта яна была з парцаляны і магла разбіцца.
— Вось, яны ўселіся, Агрэст… Крылаты, я меў на ўвазе. Але ж і нечаканы паварот!
— Не ляці занадта высока, — папярэдзіў Аслан. — Не спрабуй падняцца над вяршынямі вялікіх ледзяных гор. Шукай даліны, зялёныя месцы і ляці праз іх. Там заўсёды можна будзе праляцець. А цяпер выпраўляйцеся з маім дабраславеннем.