Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 30

— О, Крылаты! — сказаў Дыгары, нахіляючыся, каб паляпаць па блішчастай конскай шыі.— Гэта цудоўна! Моцна трымайся за мяне, Полі.

У наступнае імгненне зямля засталася далёка знізу, круцячыся, бо Крылаты, як вялізны голуб, зрабіў кола ці два, перш чым выправіцца ў далёкі палёт на захад. Гледзячы ўніз, Полі ледзь бачыла Караля і Каралеву, і нават сам Аслан быў усяго толькі зыркай жоўтай кропкай на зялёнай траве. Хутка вецер пачаў дзьмуць ім у твар, і Конь прыстасаваўся рытмічна ўзмахваць крыламі.

Уся Нарнія, рознакаляровая, з лужкамі і скаламі, верасам і рознымі дрэвамі, плыла ўнізе. Рака вілася скрозь яе, нібы срэбная стужка. Яны ўжо маглі бачыць, што было за вяршынямі нізкіх узгоркаў, якія ляжалі на поўначы справа ад іх. За тымі ўзгоркамі да самага далягляду распасціралася велізарная верасовая пустка. Злева ад іх горы былі значна вышэйшыя, але раз-пораз сустракалася пустое месца, калі можна было паміж высачэзнымі сасновымі лясамі мімаходзь пабачыць блакітныя і далёкія паўднёвыя землі.

— Там Архэнлэнд, — сказала Полі.

— Так, але зірні наперад!

Бо цяпер перад імі высачэзным бар’ерам паўсталі скалы, і сонечнае святло, што танчыла на велічным вадаспадзе, асляпіла іх. Рака з ровам і ззяннем абрыналася ў Нарнію з высокіх заходніх земляў, дзе былі яе вытокі.

Яны ўжо ляцелі так высока, што рокат вады чуўся як ціхі і слабы гук, але яшчэ недастаткова высока, каб пераляцець праз вяршыні скал.

— Тут давядзецца крыху палётаць зігзагамі,— зазначыў Крылаты. — Добра трымайцеся.

Ён пачаў лятаць узад-уперад, падымаючыся вышэй пры кожным павароце. Паветра стала больш сцюдзёнае, і далёка ўнізе дзеці пачулі крыкі арлоў.

— Паслухайце, азірніцеся! Азірніцеся! — сказала Полі.

Яны бачылі ўсю даліну Нарніі, распасцёртую да самага небасхілу на ўсходзе. Там блішчэла мора. Цяпер вандроўнікі былі так высока, што змаглі разгледзець маленечкія вострыя горы, што паказаліся за паўночна-заходнімі верасовымі пусткамі, і шмат нечага, што нагадвала пясок, далёка на поўдні.

— Як бы я хацеў, каб хтосьці распавёў нам, што гэта за мясціны, — вымавіў Дыгары.

— Я не думаю, што там нешта ёсць, — адказала Полі.— У сэнсе, там няма нікога і нічога не адбываецца. Свет з’явіўся толькі сёння.

— Вядома, але людзі дабяруцца туды, — сказаў Дыгары. — А потым у іх з’явяцца гісторыі.

— I гэта проста цудоўна, што цяпер іх няма, — зазначыла Полі.— Бо пакуль нікога не прымушаюць усё гэта вучыць. Бітвы, і даты, і ўсю гэтую лухту.

Цяпер яны пераляцелі праз вяршыню скалы, і праз некалькі хвілін раўнінная краіна Нарнія знікла з вачэй. Яны ляцелі па-над дзікай зямлёй з крутымі ўзгоркамі і цёмнымі лясамі, працягваючы трымацца ракі. Наперадзе былі высачэзныя горы. Але зараз сонца біла вандроўнікам проста ў вочы, і яны не маглі выразна бачыць у тым кірунку. Сонца апускалася ніжэй і ніжэй, пакуль заходняе неба не стала як адзін вялікі горан, напоўнены вадкім золатам. Нарэшце сонца села за востры пік, які на яркім фоне выглядаў такім вострым і плоскім, нібыта быў выразаны з кардону.

— Тут не горача, — сказала Полі.

— I ў мяне пачынаюць балець крылы, — адказаў Крылаты. — Я не бачу даліны з возерам, пра якую казаў Аслан. Прапаную спусціцца і знайсці прыдатнае месца для начлегу. Мы не дабярэмся да таго саду сёння.

— Так, і, пэўна, ужо час павячэраць? — запытаўся Дыгары.

Такім чынам, Крылаты спускаўся ўсё ніжэй і ніжэй. Чым больш яны набліжаліся да зямлі і наўкол паўставалі ўзгоркі, тым цяплейшым рабілася паветра. I пасля шматгадзіннай вандроўкі, падчас якой не было чуваць нічога, акрамя ўзмахаў крылаў, было прыемна ізноў пачуць знаёмыя і зямныя гукі — шэпт ракі ў каменным рэчышчы, парыпванне дрэваў на лёгкім ветрыку. Ад нагрэтай сонцам зямлі, травы і кветак падымаўся цёплы прыемны пах. Нарэшце Крылаты прызямліўся. Дыгары скаціўся ўніз і дапамог спусціцца Полі. Абодва радаваліся магчымасці размяць здранцвелыя ногі.

Даліна, у якой яны апынуліся, была ў самым сэрцы гор; заснежаныя вяршыні, адна з якіх здавалася ружова-чырвонай у адбітку захаду, узвышаліся над імі.

— Я хачу есці,— сказаў Дыгары.

— Ну дык частуйся, — прапанаваў Крылаты, набіўшы поўны рот травы. Потым ён падняў галаву, усё яшчэ жуючы, з травінкамі, што тырчалі з абодвух бакоў яго рота, як вусы, і прамовіў:

— Давайце, вы двое. Не саромцеся. Тут на ўсіх хопіць.

— Але мы не ямо траву, — адказаў Дыгары.

— Гм, гм, — сказаў Крылаты праз набіты рот. — Тады, гм, не ведаю, што вы будзеце рабіць. Тут вельмі смачная трава.

Полі і Дыгары збянтэжана паглядзелі адно на аднаго.

— Ведаеш, я думаю, хтосьці мусіў паклапаціцца, каб у нас была ежа, — вымавіў Дыгары.

— Упэўнены, Аслан зрабіў бы гэта, калі б вы яго папрасілі,— сказаў Крылаты.

— Хіба ён не ведаў, што нам спатрэбіцца ежа, нават калі мы яго не папрасілі? — сказала Полі.

— Не сумняваюся, што ведаў,— адказаў Конь (усё яшчэ з поўным ротам). — Аднак мне здаецца, што яму падабаецца, калі яго аб нечым просяць.

— Але што нам цяпер рабіць? — запытаўся Дыгары.

— Я не ведаю… — прамовіў Крылаты. — Хіба што пакаштуйце травы. Вам яна можа спадабацца больш, чым вы думаеце.

— Ну, не будзь дурнем, — сказала Полі, тупнуўшы нагой. — Вядома ж, людзі не ядуць траву, як ты не ясі адбіўныя з бараніны.

— Дзеля ўсяго святога, не кажы пра адбіўныя і падобныя рэчы, — папрасіў Дыгары. — Ад гэтага робіцца толькі горш.

Дыгары сказаў, што Полі варта перанесціся дадому з дапамогай пярсцёнка і ўзяць паесці; ён сам не мог гэтага зрабіць, бо мусіць выканаць тое, што паабяцаў Аслану, і калі ён ізноў з явіцца дома, можа здарыцца штосьці такое, з-за чаго ён не зможа вярнуцца. Але Полі сказала, што не пакіне яго, і Дыгары зазначыў, што гэта вельмі высакародна з яе боку.