Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 31

— Ведаеш што? — сказала Полі.— У мяне засталося крыху ірысак у пакеціку ў куртцы. Гэта лепш, чым нічога.

— Нашмат лепш, — пагадзіўся Дыгары. — Але будзь асцярожнай, каб не дакрануцца да пярсцёнка, калі будзеш апускаць руку ў кішэню.

Гэта была складаная і далікатная справа, але ўрэшце ў іх атрымалася. Папяровы пакуначак быў моцна пакамечаны і ліпкі, калі яны нарэшце вынялі яго, таму хутчэй трэба было аддзіраць паперу ад ірысак, чым даставаць іх адтуль. Некаторыя дарослыя (вы ведаеце, які вэрхал яны, бывае, падымаюць з-за справаў кшталту гэтай) лепей бы абышліся зусім без вячэры, чым з’елі тыя ірыскі. Усяго іх было дзевяць. Дыгары прыйшла ў галаву геніяльная ідэя: кожнаму з’есці па чатыры і пасадзіць дзявятую. Бо, як ён сказаў: “Калі прут ад ліхтара ператварыўся ў маленькае ліхтарнае дрэва, чаму ірыска не можа ператварыцца ў ірыскавае дрэва?”

Таму яны выкапалі невялікую ямку і закапалі адну ірыску. Потым з’елі астатнія, спрабуючы есці як мага павольней. Гэта была сціплая вячэра, нават з улікам усёй прыліплай паперы, якую ім таксама давялося праглынуць.

Крылаты лёг, скончыўшы свой шыкоўны банкет. Дзеці падышлі і селі па баках, прытуліўшыся да яго цёплага цела, а калі ён распасцёр над кожным з іх крылы, ім стала сапраўды ўтульна. Пакуль з’яўляліся яскравыя маладыя зоры гэтага свету, падарожнікі ўсё абгаварылі: як Дыгары спадзяваўся атрымаць нешта для маці і як замест гэтага яго паслалі на заданне. I яны паўтарылі адно аднаму ўсе прыкметы, паводле якіх можна пазнаць месца, якое шукаюць: блакітнае возера і ўзгорак з садам на вяршыне. Размова якраз стала запавольвацца, бо яны пачалі засынаць, калі раптам Полі села, цалкам прачнуўшыся, і сказала:

— Ціха!

Усе прыслухоўваліся так старанна, як толькі маглі.

— Магчыма, гэта быў вецер у галінах дрэваў, — праз некаторы час вымавіў Дыгары.

— Я не ўпэўнены, — сказаў Крылаты. — У любым выпадку… чакай! Вось ізноў. Клянуся Асланам, там нешта ёсць.

Конь шумна ўзняўся на ногі; дзеці таксама падняліся. Крылаты рысіў узад-уперад з пахрапваннем і ржаннем. Дзеці на дыбачках абышлі ўсё навокал, зазіраючы за кожны куст і дрэва. Ім усё здавалася, што яны нешта бачаць, і адзін раз Полі была дакладна ўпэўненая, што заўважыла высокую цьмяную постаць, якая рухалася ў заходнім кірунку. Але яны нічога не знайшлі, і ўрэшце Крылаты зноў лёг, і дзеці ўладкаваліся пад яго крыламі. Яны адразу ж праваліліся ў сон. Крылаты яшчэ доўгі час не спаў, насцярожана прыслухоўваючыся ў цемры, і часам па яго скуры прабягалі дрыжыкі, нібыта на яго села муха. Але ўрэшце ён таксама заснуў.

Нечаканая сустрэча

Прачынайся, Дыгары, прачынайся, Крылаты, — пачуўся голас Полі.— Вырасла ірыскавае дрэва! I раніца проста найцудоўнейшая.

Нізкае святло ранішняга сонца бруілася праз лес, трава пашарэла ад расы, і павуцінне было нібыта срэбра. Зусім блізка ад іх расло маленькае дрэўца памерам з яблыню, з вельмі цёмнай карой. Яго белаватае лісце моцна нагадвала паперу і было як у расліны, што называецца “луннік”, а шмат дробных карычневых пладоў на ім выглядалі амаль як фінікі.

— Ура! — выгукнуў Дыгары. — Але спачатку я збіраюся акунуцца.

Праз усыпаныя кветкамі зарасці ён пабег да берагу ракі. Ці купаліся вы калі-небудзь у горнай рацэ, плыткія воды якой коцяцца над чырвонымі, блакітнымі і жоўтымі камянямі, што блішчаць на сонцы? У ёй гэтак жа добра, як у моры; у некаторым сэнсе нават лепей. Вядома, Дыгары давялося зноў апрануцца не абсохнуўшы, але гэта было таго вартае. Калі ён вярнуўся, Полі пайшла да ракі купацца; прынамсі, яна сказала, што купалася, але мы ведаем, што яна не асабліва добра плавала, і, магчыма, лепей не задаваць зашмат пытанняў. Крылаты таксама наведаў раку, але ён толькі пастаяў у сярэдзіне плыні і, нахіліўшыся, доўга піў, а потым патрос грывай ды некалькі разоў заржаў.

Полі і Дыгары падышлі да ірыскавага дрэва. Плады былі вельмі смачныя: не зусім як ірыскі — больш мяккія і сакавітыя, — але нагадвалі іх. Крылаты таксама выдатна паснедаў: ён пакаштаваў адзін з пладоў ірыскавага дрэва, і яму спадабалася. Але Конь сказаў, што ў гэты час яму больш даспадобы трава. Потым, з некаторымі цяжкасцямі, дзеці ўзлезлі яму на спіну, і другая вандроўка пачалася.

Яна была нават лепшай за ўчарашнюю, часткова таму, што кожны пачуваўся такім бадзёрым, а часткова таму, што сонца, якое толькі што ўзышло, было за іх спінамі, і, вядома, усё выглядае прыгажэйшым, калі святло ззаду цябе. Гэта была цудоўная паездка. Вялікія заснежаныя горы высіліся над імі з усіх бакоў. Даліны, нізка пад імі, былі такія зялёныя, і ўсе ручаі, якія цяклі ад ледавікоў да галоўнай ракі, былі такія блакітныя, што здавалася, быццам яны ляцяць над гіганцкім пано, зробленым з найкаштоўнейшых камянёў. Ім хацелася б, каб гэтая частка прыгоды працягвалася як мага даўжэй. У хуткім часе яны адчулі нейкі пах і сталі пытацца адзін у аднаго: “Што гэта?”, “Ты адчуваеш гэты пах?” “Адкуль ён?” Бо нябесны водар, цёплы і залаты, нібыта пах усіх найсмачнейшых пладоў і кветак у свеце, далятаў да іх аднекуль спераду.

— Ён ідзе вунь з той даліны з возерам, — сказаў Крылаты.

— Так, — адказаў Дыгары. — I зірніце! Там, за возерам, — зялёны ўзгорак. I паглядзіце, якая блакітная вада.

— Гэта мусіць быць тое самае Месца, — сказалі ўсе трое.

Крылаты шырокімі коламі спускаўся ніжэй і ніжэй. Абледзянелыя пікі падымаліся ўсё вышэй і вышэй над імі. Паветра з кожным імгненнем рабілася ўсё больш цёплае і духмянае, такое салодкае, што ад яго амаль наварочваліся слёзы. Цяпер Крылаты ляцеў з нерухома распасцёртымі крыламі і шукаў капытамі зямлю. Стромы зялёны ўзгорак хутка набліжаўся. Праз імгненне Конь крыху нязграбна прызямліўся на ягоны схіл. Дзеці скаціліся з конскай спіны, упалі, не выцяўшыся, на цёплую невысокую траву і падняліся, пераводзячы дух.