Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 32

Яны былі ў трох чвэрцях шляху да вяршыні ўзгорка і адразу ж пачалі ўзбірацца далей. (Я не думаю, што Крылаты змог бы падымацца, калі б у яго не было крылаў для раўнавагі — іх узмахамі ён раз-пораз сабе дапамагаў.) Самую вяршыню ўзгорка атачала высокая агароджа. Унутры раслі дрэвы. Галіны звісалі над агароджай, іх лісце было не толькі зялёнае, але таксама блакітнае і срэбнае, што было відаць, калі вецер гойдаў галінкі. Дабраўшыся да вяршыні, вандроўнікі абышлі наўкол амаль што ўсю агароджу, перш чым знайшлі браму: высокую браму з золата, моцна замкнёную, звернутую на ўсход.

Да гэтага часу, я мяркую, Крылаты і Полі думалі, што зойдуць у сад разам з Дыгары. Але цяпер яны ўжо так не думалі. Вы ніколі не бачылі месца, якое было б настолькі відавочна адасобленым, асабістым. З першага позірку можна было пераканацца, што сад належыць камусьці іншаму. Дыгары адразу зразумеў, што астатнія не пойдуць ды й не маглі б пайсці з ім. Ён рушыў да брамы адзін.

Падышоўшы зусім блізка, Дыгары пабачыў словы, напісаныя на золаце срэбнымі літарамі, нешта накшталт такога:


Заходзь у сад праз браму — ці не заходзь зусім,
Хутчэй вазьмі для іншых — не для сябе — мой плод.
Бо знойдзе ўсё, што хоча,— і роспач разам з тым —
Той, хто крадзе падступна і лезе цераз плот.

“Хутчэй вазьмі для іншых, — сказаў пра сябе Дыгары. — Якраз гэта я збіраюся зрабіць. Значыць, я не мушу есці сам. Не ведаю, пра што гэтае балбатанне ў перадапошнім радку. Заходзь у сад праз браму. Хто захоча лезці праз агароджу, калі можна ўвайсці праз браму? Але як яна адчыняецца?”

Ён дакрануўся да брамы, і яна адразу ж шырока расхінулася ўнутр, павярнуўшыся на завесах без адзінага гуку.

Цяпер, калі ён мог зазірнуць за агароджу, гэтае месца выглядала яшчэ больш прывабным. Ён увайшоў вельмі ўрачыста, азіраючыся навокал. Унутры было надзвычай ціха. Нават ад фантана, які біў амаль у сярэдзіне саду, далятаў толькі ледзь чутны гук. Навокал разлягаўся цудоўны водар: гэта было радаснае месца, але вельмі сур’ёзнае.

Ён адразу пазнаў патрэбнае дрэва. Часткова таму, што яно стаяла ў самай сярэдзіне, а часткова таму, што яно было абсыпана вялікімі срэбнымі яблыкамі, якія ззялі і адкідвалі святло ўніз на цяністыя месцы, куды не сягала сонца. Дыгары падышоў наўпрост да дрэва, сарваў яблык і паклаў яго ў нагрудную кішэнь. Але ён не ўтрымаўся, разгледзеў і панюхаў яго перад тым, як схаваць.

Лепей бы ён так не рабіў. Яго ахапілі жудасная смага, голад і прагненне пакаштаваць гэты плод. Ён хутка паклаў яго ў кішэню. Але ж на дрэве было яшчэ шмат яблыкаў. Няўжо ён зробіць кепска, калі пакаштуе адзін? Урэшце, падумаў ён, надпіс на браме можа быць і не зусім загадам; гэта можа быць толькі парада — а каму ёсць справа да парады? А нават калі гэта загад, ці ён парушыць яго, калі з’есць яблык? Ён ужо споўніў частку, у якой кажацца пра тое, каб браць “для іншых”.

Разважаючы пра ўсё гэта, Дыгары выпадкова паглядзеў скрозь галіны ў кірунку верхавіны дрэва. Там, на галіне над яго галавой, сядзела, уладкаваўшыся нібыта на седале для сну, цудоўная птушка. Я кажу так, бо здавалася, што яна заснула; магчыма, праўда, не да канца. Адно вока было ледзь прыкметна расплюшчана. Птушка была большая за арла, спераду жоўта-памаранчавая, на галаве пунсовы чубок, а хвост быў пурпуровы.

“I гэта сведчыць, — казаў Дыгары пасля, калі распавядаў сваю гісторыю іншым, — што трэба быць вельмі асцярожнымі ў чароўных месцах. Ты ніколі не ведаеш, хто можа за табой назіраць”. Але я думаю, Дыгары не ўзяў бы сабе яблык у любым выпадку. У тыя часы рэчы кшталту “не крадзі” сядзелі ў галовах хлопцаў значна больш надзейна, чым зараз. Хаця, зрэшты, мы не можам быць упэўненыя да канца.

Дыгары якраз разварочваўся, каб ісці да брамы, але спыніўся, апошні раз разглядаючыся навокал. I застыў ад жаху. Ён быў не адзін. Усяго ў некалькіх метрах ад яго стаяла Вядзьмарка. Яна выкінула агрызак толькі што з’едзенага яблыка. Ягоны сок быў цямнейшым, чым можна было б чакаць, і ад яго вакол Вядзьмарчыных вуснаў з’явілася страшная пляма. Дыгары адразу здагадаўся, што яна, пэўна, пералезла праз агароджу. I ён пачаў разумець, што ў радку, які казаў, што той, хто знойдзе, што хоча, атрымае разам з тым роспач, быў сэнс. Бо Вядзьмарка выглядала больш моцнай і ганарыстай, чым калі-небудзь раней. У нейкім сэнсе нават пераможнай; але яе твар быў змярцвела-белы, як соль.

Усё гэта ў імгненне пранеслася ў галаве Дыгары; затым ён пабег прэч і нёсся да брамы так хутка, як толькі мог; Вядзьмарка кінулася наўздагон. Як толькі ён выбег з саду, брама сама зачынілася за ім. Гэта дало яму фору, але ненадоўга. Да таго моманту, як ён падбег да сяброў і крыкнуў: “Хутчэй, заскоквай, Полі! Падымайся, Крылаты!” — Вядзьмарка пераскочыла праз агароджу і зноў была блізка.

— Стойце там, дзе стаіце! — закрычаў Дыгары, павярнуўшыся тварам да яе. — Ці мы ўсе знікнем. Не падыходзьце ні на крок бліжэй.

— Дурны хлопчык, — сказала Вядзьмарка. — Чаму ты ўцякаеш ад мяне? Я не зраблю табе нічога кепскага. Калі ты не спынішся і не выслухаеш мяне зараз, ты не здабудзеш веды, якія змаглі б зрабіць цябе шчаслівым да канца жыцця.

— Не, я не хачу гэтага чуць, дзякую, — сказаў Дыгары.

Але насамрэч ён хацеў.

— Я ведаю, з якім заданнем ты прыляцеў сюды, — працягвала Вядзьмарка. — Бо гэта я была побач з вамі ў лесе мінулай ноччу і чула ўсе вашыя нарады. Ты сарваў плод у гэтым садзе. Цяпер ён у цябе ў кішэні. I ты, не пакаштаваўшы, збіраешся адвезці яго назад Ільву — каб ён яго з’еў, каб ён ім скарыстаўся. Ты прасцяк! Ты ведаеш, што гэта за плод? Я распавяду табе. Гэта яблык маладосці, яблык жыцця. Я ведаю, бо пакаштавала яго. I я ўжо адчуваю перамены ў сабе, я ведаю, што ніколі не састарэю і не памру. З’еш яго, хлопец, з’еш яго; і мы абодва будзем жыць вечна і будзем каралём і каралевай усяго гэтага свету — ці твайго свету, калі вырашым вярнуцца туды.