Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 33

— Не, дзякую, — сказаў Дыгары. — Не думаю, што вельмі захачу жыць і жыць, пасля таго як усе, каго я ведаю, згінуць. Я лепей пражыву звычайны час, памру і пайду на Нябёсы.

— Але як жа твая маці, якую ты быццам бы так моцна любіш?

— Якое дачыненне яна мае да гэтага?

— Ці ты не разумееш, дурань, што адзін кавалачак гэтага яблыка ацаліць яе? Яно ў тваёй кішэні. Мы тут адны, і Леў далёка. Выкарыстай сваю магію і вярніся ў свой свет. Праз хвіліну ты будзеш каля ложка маці і аддасі ёй плод. Праз пяць хвілін ты пабачыш, як колеры вяртаюцца на яе твар. Яна скажа табе, што боль знік, што пачуваецца лепей. Потым яна засне — падумай пра гэта: гадзіны салодкага сапраўднага сну, без болю, без лекаў. Назаўтра ўсе будуць казаць, як цудоўна яна паправілася. Хутка яна будзе зноў здаровая. Усё зноў будзе добра. У тваім доме зноў будзе радасць. Ты будзеш як іншыя хлопчыкі.

— Ох! — выдыхнуў Дыгары, нібыта яго паранілі, і паклаў руку на сэрца. Ён зразумеў, што перад ім ляжыць найжахлівейшы выбар.

— Што для цябе зрабіў Леў, каб ты быў яго рабом? — запытался Вядзьмарка. — Што ён зможа табе зрабіць, калі ты вернешся ў свой уласны свет? I што падумала б твая маці, калі б ведала, што ты мог спыніць яе боль, вярнуць ёй жыццё і ўратаваць сэрца твайго бацькі ад роспачы, а ты вырашыў заняцца справамі дзікай жывёлы ў дзіўным свеце, да якога не маеш ніякага дачынення?

— Я… я не думаю, што ён — дзікая жывёла, — вымавіў Дыгары голасам, які бывае, калі ў вас перасохла горла. — Ён… я не ведаю…

— Тады ён нешта горшае, — сказала Вядзьмарка. — Паглядзі, што ён ужо табе зрабіў: паглядзі, якім неміласэрным ты стаў. Так ён робіць з кожным, хто слухае яго. Ты — жорсткі, бязлітасны хлопчык! Дазволіш сваёй маці памерці, замест таго каб…

— О, замаўчыце! — адказаў Дыгары ў роспачы, тым жа голасам. — Ці вы думаеце, што я не разумею? Але я… я паабяцаў.

— Але ты не ведаў, што абяцаў. I ніхто тут не змог цябе папярэдзіць.

— Маці самой, — сказаў Дыгары, з цяжкасцю вымаўляючы словы, — не спадабалася б гэта — яна неверагодна строгая наконт стрымлівання абяцанняў… і крадзяжоў… і ўсялякіх такіх рэчаў. Яна б сказала мне не рабіць гэтага — адразу ж, калі б была тут.

— Але ёй не абавязкова пра гэта ведаць, — словы Вядзьмаркі прагучалі больш салодка, чым можна было б чакаць ад кагосьці з такім жорсткім тварам. — Ты не скажаш ёй, як здабыў яблык. Твайму бацьку няма неабходнасці гэта ведаць. Нікому ў тваім свеце не трэба нічога ведаць пра ўсю гэтую гісторыю. I табе не абавязкова браць з сабой назад гэтую дзяўчынку.

Тут Вядзьмарка зрабіла фатальную памылку. Вядома, Дыгары ведаў, што Полі можа вярнуцца з дапамогай уласнага пярсцёнка гэтаксама проста, як ён мог вярнуцца з дапамогай свайго. Але Вядзьмарка гэтага не ведала. I ганебнасць гэтай прапановы — пакінуць

Полі — раптоўна зрабіла ўсе астатнія рэчы, якія Вядзьмарка казала яму, няправільнымі і пустымі. I нават пасярод усёй роспачы яго розум раптам прасвятліўся, і Дыгары сказаў (іншым і значна гучнейшым голасам):

— Паслухайце, а калі гэта ўсё пачало вас цікавіць? Чаму вы раптам так моцна сталі клапаціцца пра маю маці? Якая вам да гэтага справа? Што ў вас за гульня?

— Малайчына, Дыг, — прашаптала Полі яму на вуха. — Хутчэй! Уцякаем.

Яна не наважвалася нічога сказаць на працягу ўсёй размовы, бо, разумееце, гэта не яе маці памірала.

— Тады забірайся, — мовіў Дыгары, падсаджваючы яе на спіну Крылатага, а затым ускараскаўся сам — так хутка, як мог. Конь распасцёр крылы.

— Уцякайце, дурні,— крыкнула Вядзьмарка. — Падумай пра мяне, хлопчык, калі будзеш ляжаць, стары і слабы, і паміраць. Узгадай, як ты адкінуў шанец на бясконцую маладосць! Больш яго не будзе!

Яны былі ўжо так высока, што ледзь-ледзь яе чулі. Вядзьмарка таксама не губляла часу на тое, каб глядзець на іх; яны пабачылі, як яна пайшла на поўнач, уніз па схіле ўзгорка.

У той дзень яны ўсталі вельмі рана, і тое, што адбылося ў садзе, цягнулася нядоўга, таму Крылаты і Полі абодва сказалі, што будзе лёгка вярнуцца назад у Нарнію да ночы. Дыгары нічога не казаў на зваротным шляху, а іншыя саромеліся размаўляць з ім. Вельмі засмучаны, ён не быў цалкам упэўнены, што зрабіў правільна. Але, узгадваючы слёзы ў вачах Аслана, умацоўваўся ў сваім рашэнні.

Увесь дзень Крылаты нёс іх на ўсход. Крылы яго не стамляліся, а рака паказвала яму шлях праз горы. Яны ляцелі над дзікімі лясістымі ўзгоркамі і потым над вялікім вадаспадам і далей, далей, туды, дзе на лясы Нарніі падаў цёмны цень магутнай скалы. Калі неба пачырванела ад сонца, якое ўжо заходзіла, Крылаты пабачыў месца, дзе каля ракі сабралася шмат істотаў. I хутка ён змог заўважыць пасярод іх самога Аслана. Крылаты слізнуў уніз, расправіў усе чатыры нагі, склаў крылы і прызямліўся лёгкім галопам. Потым ён спыніўся. Дзеці спешыліся. Дыгары пабачыў, як звяры, гномы, сатыры, німфы і іншыя расступіліся ўлева і ўправа, каб даць яму прайсці. Ён падышоў да Аслана, аддаў яму яблык і сказаў:

— Я прынёс вам яблык, які вы прасілі, сэр.

Пра тое, як пасадзілі дрэва

Выдатная праца, — прамовіў Аслан голасам, ад якога здрыганулася зямля.

I Дыгары зразумеў, што ўсе нарнійцы пачулі словы Аслана і што гэтая гісторыя будзе перадавацца ад бацькі сыну ў новым свеце сотні год і, магчыма, вечна. Але яму не пагражала заганарыцца, бо ён зусім не думаў пра гэта цяпер, калі апынуўся твар у твар з Асланам. Гэтым разам ён адчуў, што можа глядзець Ільву проста ў вочы. Ён забыўся на ўсе трывогі і пачуваўся цалкам задаволеным.