Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 34
— Выдатна, сын Адама, — сказаў Леў ізноў.— Гэты плод каштаваў табе голаду, смагі і слёз. Толькі твае рукі мусяць пасадзіць зярнятка Дрэва, якое стане абаронай Нарніі. Кінь яблык у бок ракі, дзе глеба мяккая.
Дыгары зрабіў, як яму было сказана. Усе так сцішыліся, што можна было пачуць мяккі гук, з якім яблык упаў у глебу.
— I кінуў ты добра, — мовіў Аслан. — А цяпер пяройдзем да каранацыі Караля Фрэнка Нарнійскага і Хэлен, яго Каралевы.
Дзеці ўпершыню звярнулі ўвагу на гэтых дваіх. Тыя былі апранутыя ў дзіўныя і прыгожыя строі: з іх плячэй бруіліся багатыя мантыі, і чатыры гномы трымалі шлейф Караля, а чатыры рачныя німфы — Каралевы. На галовах у іх нічога не было. Хэлен распусціла валасы і ад гэтага стала выглядаць нашмат прыгажэйшай. Ды не валасы і не вопратка зрабілі іх такімі адрознымі ад тых, якімі яны былі раней. Іх твары мелі новыя выразы, асабліва твар Караля. Уся вастрыня, хітрасць і звадлівасць, якія прысталі да яго, калі ён быў лонданскім вознікам, здавалася, былі змытыя, і стала прасцей пабачыць адважнасць і дабрыню, якія ў яго былі заўсёды. Магчыма, на яго паўплывала паветра маладога свету ці размова з Асланам, ці тое і іншае.
— Шчыра скажу, — прашаптаў Крылаты на вуха Полі,— мой стары гаспадар змяніўся гэтак жа, як я! Зірніце толькі, цяпер ён сапраўдны гаспадар!
— Так, але не шапчы мне ў вуха, — сказала Полі.— Бо гэта вельмі казытна.
— Зараз, — загадаў Аслан, — хто-небудзь развяжыце вузел, які вы сплялі з тых дрэваў, і давайце паглядзім, што там.
Цяпер Дыгары пабачыў, што непадалёк шчыльна адно да аднаго раслі чатыры дрэвы, і іх галіны перапляліся паміж сабой такім чынам, што ўтварылася нешта накшталт клеткі. Двое Сланоў з дапамогай хобатаў і некалькі гномаў з дапамогай маленькіх сякер хутка ўсё разблыталі. Унутры было тры рэчы. Першая — маладое дрэўца, нібыта з золата, другая — маладое дрэўца, нібыта са срэбра, а трэцяй быў варты жалю суб’ект у бруднай вопратцы, які згорбіўшыся сядзеў паміж тымі дрэўцамі.
— Нішто сабе! — прашаптаў Дыгары. — Дзядзька Эндру!
Каб патлумачыць тое, што здарылася, трэба вярнуцца крыху назад. Звяры, як вы памятаеце, спрабавалі пасадзіць і паліць яго. Вада вярнула дзядзьку да прытомнасці, ён пабачыў, што наскрозь прамоклы, па сцёгны закапаны ў зямлю (якая хутка ператваралася ў бруд) і акружаны большай колькасцю дзікіх звяроў, чым калі-небудзь мог уявіць у сваім жыцці. Таму і не дзіўна, што ён пачаў крычаць і выць. У пэўным сэнсе гэта было добра, бо нарэшце ўсе пераканаліся (нават Дзік), што ён жывы. Таму жывёлы зноў адкапалі яго (штаны былі ў сапраўды жудасным стане). Як толькі дзядзькавы ногі былі вызваленыя, ён паспрабаваў уцячы, але Сланіха адным хуткім рухам абвіла хобат вакол яго таліі. Цяпер усе лічылі, што дзядзьку Эндру варта дзесьці захаваць да таго часу, пакуль у Аслана будзе магчымасць прыйсці паглядзець на яго і сказаць, што з ім рабіць. Таму звяры сплялі навокал яго нешта кшталту клеткі ці сеткі. Потым яны прапанавалі яму ўсё, што, на іх погляд, было ядомае.
Асёл сабраў вялікі ахапак калючак і кінуў унутр, але не было падобна на тое, што дзядзьку Эндру яны цікавілі. Вавёркі закідвалі яго градам арэхаў, але ён толькі закрываў галаву рукамі і намагаўся схавацца. Птушкі лёталі туды-сюды, старанна скідваючы на яго чарвякоў. Самы шчодры быў Мядзведзь. Днём ён знайшоў гняздо дзікіх пчолаў, і замест таго, каб самому з’есці тое, што там было (а яму вельмі хацелася!), шляхетная істота прынесла гняздо да дзядзькі Эндру. Але гэта была найгоршая памылка. Мядзведзь перакінуў усю ліпкую масу праз вяршыню клеткі, і, на жаль, яна трапіла дзядзьку Эндру проста ў твар (там яшчэ былі жывыя пчолы). Мядзведзь, які зусім не быў бы супраць, калі б яго самога пляснулі сотамі па твары, не мог зразумець, чаму дзядзька Эндру адхіснуўся назад, паслізнуўся і сеў. I дзядзьку проста не пашчасціла, што ён сеў на купу калючак.
— Як бы там ні было, — сказаў Дзік, — шмат мёду трапіла ў рот гэтай істоты. Гэта мусіць прынесці ёй нейкую карысць.
Жывёлам пачынаў сапраўды падабацца іх дзіўны гадаванец, і яны спадзяваліся, што Аслан дазволіць ім пакінуць яго. Самыя разумныя цяпер былі амаль упэўненыя, што некаторыя гукі, якія выляталі з яго рота, мелі значэнне. Яны ахрысцілі яго “Брэндзі”, бо гэта ён паўтараў найчасцей.
Урэшце ім давялося пакінуць яго там на ноч. Аслан быў заняты ўвесь дзень, даючы ўказанні новым Каралю і Каралеве, займаючыся іншымі важнымі рэчамі, і не мог наведаць “беднага старога Брэндзі”. З усіх арэхаў, персікаў, яблыкаў і бананаў, якія яму накідалі, атрымалася някепская вячэра, але нельга сказаць, што ён добра правёў ноч.
— Прывядзіце гэтую істоту, — загадаў Аслан. Адзін са Сланоў падняў дзядзьку Эндру хобатам і паклаў яго да лап Ільва. Дзядзька Эндру быў занадта спалоханы, каб варушыцца.
— Калі ласка, Аслан, — папрасіла Полі.— Ці можаш ты сказаць штосьці, каб ён… каб ён перастаў баяцца? I потым — ці мог бы ты сказаць штосьці, каб ён ніколі больш сюды не вярнуўся?
— Ты думаеш, ён захоча? — спытаўся Аслан.
— Ведаеш, Аслан, — сказала Полі,— ён можа паслаць кагосьці яшчэ. Яго так захапіла, што прут ад ліхтара вырас у дрэва-ліхтар, і ён думае…
— Яго думкі — вялікае глупства, дзіця, — мовіў Аслан. — Гэты новы свет пакуль што напаўняецца жыццём, бо спеў, якім я абудзіў яго, усё яшчэ лунае ў паветры і грукоча ў зямлі. Так будзе нядоўга. Але я не магу гэтага сказаць старому грэшніку, і я таксама не магу яго суцешыць; ён сам зрабіў так, што не здольны чуць мой голас. Калі я загавару з ім, ён пачуе толькі рык і роў. О, сыны Адама, як спрытна вы адгароджваецеся ад усяго, што можа пайсці вам на карысць! Але я дам яму адзіны дар, які ён яшчэ можа прыняць.